Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове ўраду, перадача акцыяў пад кантроль дзяржавы павінна адбыцца да 1 лістапада.
У дакумэнце адзначаецца, што намінальная вартасьць адной простай (звычайнай) акцыі складае 72,35 рубля, а кошт усіх перададзеных акцыяў — 49 415,05 рубля.
Урад даручыў Міністэрству прамысловасьці, Міністэрству фінансаў і Дзяржаўнаму камітэту маёмасьці прыняць захады для рэалізацыі гэтай пастановы.
Што папярэднічала
ААТ «Амкадор» — беларуская машынабудаўнічая кампанія. Займаецца вытворчасьцю і рэалізацыяй спэцыяльных машын для дарожна-будаўнічай, лягістычнай, торфаздабыўной, камунальнай, лясной, сельскагаспадарчай галін.
Асноўным уладальнікам быў набліжаны да Лукашэнкі Аляксандар Шакуцін, ён жа да красавіка 2025 году ўзначальваў раду дырэктараў.
На 2022 год у структуру холдынгу «Амкадор» уваходзіла 26 прадпрыемстваў, у тым ліку 17 заводаў. Паводле ацэнак арганізацыі BelPol, на сёньня ў холдынгу працуюць каля 7000 чалавек. У 2020 годзе Шакуцін трапіў пад санкцыі ЭЗ як «гаманец» Аляксандра Лукашэнкі.
Пра тое, што справы ў «Амкадора» ідуць не найлепшым чынам, раней выявіў у сваім расьсьледаваньні BelPol. Паводле зьвестак аб’яднаньня, да лістапада 2023 году «Амкадор» меў пратэрмінаваную запазычанасьць у пагашэньні крэдыту ў «Беларусбанку» на 38 мільёнаў рублёў. Беларускія «дочкі» холдынгу моцна закрэдытаваныя.
У чэрвені 2023 году Эўрапейскі суд разглядаў пазоў Аляксандра Шакуціна, які аспрэчваў абмежавальныя захады супраць яго. Суд пакінуў эўрапейскія санкцыі супраць Шакуціна ў сіле, бо палічыў недастатковымі довады, якія прывёў бізнэсовец, каб яго вывелі з-пад санкцыяў, і адхіліў пазоў. Суд таксама абавязаў Шакуціна пакрыць выдаткі, зьвязаныя з разборам справы.
Каму належалі акцыі да перадачы кампаніі пад кантроль дзяржаве
Усяго ААТ «Амкадор» выпусьціла 1 048 489 простых (звычайных) акцыяў. Урад сваёй пастановай ад 4 кастрычніка 2022 году атрымаў 18 такіх акцыяў. А ў 2025 годзе кампанія перайшла пад поўны кантроль дзяржавы празь вялікія запазычанасьці і нявыплаты крэдытаў.
Акцыі належалі бізнэсоўцу Аляксандру Шакуціну, яго кампаніям і партнэрам, а таксама дзяржаве і афіліяваным структурам.
Шакуцін кантраляваў прыблізна 76% акцыяў як асабіста, так і празь іншыя свае кампаніі («Спамаш» і «Наванэп»). Яго замежным партнэрам — кампаніі «Сінтэз-Інвест Груп», зьвязанай з сям’ёй нэпальскага бізнэсоўца Шрэстха — належала 11% акцыяў і яшчэ прыблізна 7% акцыяў было ва ўласнасьці дзяржавы.
У 2025 годзе, маючы фінансавыя праблемы, холдынг фактычна перайшоў пад дзяржаўнае кіраваньне. Пра гэта ў жніўні 2025 году заявіў Аляксандар Лукашэнка.
«Паколькі ранейшыя ўласьнікі холдынгу шчыра прызналі, што больш ня могуць забясьпечваць вяртаньне запазычаных сродкаў (то бок прызналі, што пазыкі ўзялі, вярнуць ня могуць), мы былі вымушаныя прыняць кіроўную кампанію ва ўласнасьць дзяржавы. Мы ж ня можам калектыў кінуць, гэта тысячы людзей. Галоўнае, што гэтая прадукцыя нам патрэбная», — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго, фінансавыя праблемы прадпрыемства сталі вынікам вялікага абнаўленьня «лінейкі прадукцыі».
Форум