Урад Беларусі чарговы раз фінансава падтрымаў некалькі стратных заводаў. Цягам 2025 году ім аказалі фінансавую падтрымку, а цяпер дзяржава павялічыла ў статутных фондах гэтых прадпрыемстваў сваю долю на суму аказанай падтрымкі. Такі мэханізм ужываюць, каб заводы не вярталі гэтых грошай. Сумы падтрымкі падрабязна апісаныя ў пастанове Савету міністраў. Паводле яе летась:
- «Беларускі цэмэнтны завод» атрымаў 2,5 мільёна рублёў
- «Гомельшкло» — 6,9 мільёна рублёў
- «Івацэвічдрэў» — 6,3 мільёна рублёў
- «Крычаўцэмэнтнашыфэр» — 9 мільёнаў рублёў
- «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» — 7,5 мільёна рублёў
За тры гады 64 мільёны
Улады Беларусі ўліваюць грошы ў стратныя заводы штогод. Напрыклад, Беларускі цэмэнтны завод атрымаў за 3 гады (2023–2025) 16,8 мільёна рублёў. А калі лічыць пачынаючы з 2008 году, то ў яго ўклалі мінімум 674,5 мільёна рублёў, ці 238 мільёнаў даляраў.
Гэты завод у Касьцюковічах Магілёўскай вобласьці працуе 30 гадоў, запусьцілі яго ў 1996-м, а з 2000-х пачалі актыўна мадэрнізаваць. Цяпер на заводзе 2500 супрацоўнікаў. Згодна з справаздачай за мінулы год, завод адпрацаваў зь мінусам на 44,2 мільёна рублёў. Прадпрыемства ідзе ў мінус амаль кожны год, быў невялікі плюс на 1,4 мільёна рублёў у 2021 годзе. У 2024 годзе мінус склаў 43,3 мільёна рублёў, у 2023-м — 34,3 мільёна.
У прадпрыемства таксама даўгі на 963,3 мільёна рублёў, ці па 385 тысяч на кожнага супрацоўніка.
«Крычаўцэмэнтнашыфэр» — завод вытворчасьці цэмэнту і шыфэру ў Крычаве з амаль стогадовай гісторыяй, яго пабудавалі яшчэ ў 1930-я. За тры апошнія гады ўлады ўклалі ў гэтае прадпрыемства 47,9 мільёна рублёў. А агулам у межах дзяржаўнай падтрымкі пачынаючы з 2008 году — 1,6 мільярда рублёў, ці 590 мільёнаў даляраў.
Мінулы год завод скончыў з стратамі на 138,3 мільёна рублёў, стратным быў і пазалеташні год (мінус 134,4 мільёна) і 2023(120,6 мільёна). То бок за тры гады завод напрацаваў на мінус 393 мільёны рублёў. Агулам, згодна з справаздачнасьцю, завод працуе ў мінус ужо 10 гадоў, а справаздачы, ранейшыя за 2016 год, недасяжныя.
Як гэта бывае з кіраўнікамі стратных прадпрыемстваў у Беларусі, на іх пэрыядычна заводзілі крымінальныя справы. Напрыклад, у 2013 годзе затрымалі генэральнага дырэктара заводу Леаніда Скоцкага, пазьней яго асудзілі на 10 гадоў, прызналі вінаватым у «злоўжываньні ўладай» і «хабарніцтве». Цікава, што на судзе Скоцкі і ягоны адвакат казалі, што зьбіралі грошы з супрацоўнікаў для «арганізацыі харчаваньня дэлегацыяў чыноўнікаў» і для падарункаў чальцам гэтых дэлегацыяў, якія прыяжджалі на завод.
З 2015 году завод узначальваў Уладзімер Карчэўскі, які пратрымаўся на пасадзе да 2025 году, публічна пра крымінальныя справы супраць яго невядома. У сьнежні мінулага году на гэтай пасадзе яго зьмяніў Андрэй Гамуленка, а Карчэўскага накіравалі дырэктарам у «Клімавічыгаз».
На заводзе працуюць каля 2300 чалавек, даўгі на цяперашні момант — 1,4 мільярда рублёў.
«Залатая» дрэваапрацоўка
У 2007 годзе з падачы Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі пачалі падтрымліваць прадпрыемствы, якія займаюцца дрэваапрацоўкай. Шэрагу прадпрыемстваў далі крэдыты на агульную суму больш за мільярд даляраў. Сярод гэтых прадпрыемстваў — вытворца мэблі «Івацэвічдрэў».
Толькі за тры апошнія гады «Івацэвічдрэў» атрымаў ад дзяржавы 22,9 мільёна рублёў. А агулам з 2007 году дапамога склала мінімум 211 мільёнаў рублёў, ці 74,7 мільёна даляраў.
Які плён гэта прынесла — сказаць цяпер цяжка, «Івацэвічдрэў» не публікуе статыстыкі сваёй фінансавай дзейнасьці з 2021 году. У 2021 годзе прадпрыемства зарабіла 22,8 мільёна рублёў, ці 8,6 мільёна даляраў. Пры гэтым пазыкаў у заводу было на 58 мільёнаў даляраў. На заводзе тады працавалі 850 чалавек.
Папера за $800 мільёнаў
У кастрычніку 2010 году ўлады Беларусі падпісалі кантракт з кітайскай кампаніяй CAMCE на будаўніцтва заводу вытворчасьці важнай сыравіны для паперы — сульфатнай беленай цэлюлёзы. Будаваць яго мусілі на базе ўжо дзейнага Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату (ЦКК). Агульны кошт будаўніцтва мусіў быць 800 мільёнаў, 85% гэтай сумы складаў кітайскі крэдыт.
У 2019 годзе дамову з кітайскай кампаніяй разарвалі, даўгі перад кітайскімі інвэстарамі часткова ляглі на Міністэрства фінансаў Беларусі, тады ж завод пачаў працаваць у рэжыме няпоўнай загрузкі.
Толькі за апошнія тры гады ў Сьветлагорскі ЦКК улады ўклалі больш за 35 мільёнаў рублёў. Апошняя апублікаваная фінансавая справаздача камбінату — толькі за 2021 год. Паводле яе, тады завод зарабіў 9 мільёнаў рублёў, меў даўгоў на 2,3 мільярда рублёў і паўмільярда рублёў непакрытых стратаў.
7 чэрвеня 2023 году на заводзе адбыўся выбух, у выніку якога загінулі трое рабочых і яшчэ двое атрымалі траўмы. Сьледчы камітэт пазьней заявіў, што здарэньне адбылося праз парушэньне правілаў аховы працы.
21 мільён за тры гады на шкло
Буйнейшы вытворца ліставога шкла «Гомельшкло» гадамі мае фінансавую падтрымку зь бюджэту. За тры гады фінансавыя ўліваньні з боку дзяржавы — 21,6 мільёна рублёў, за 7 гадоў — больш за 60 мільёнаў. Таксама завод атрымаў гарантыі ўраду на вяртаньне Беларусбанку крэдыту — 146 мільёнаў рублёў. Гэта ня простыя інвэстыцыі, але дзяржава ў выпадку чаго мусіць вярнуць банку гэтыя грошы самастойна.
Прадпрыемства не публікуе фінансавых вынікаў сваёй дзейнасьці з 2021 году. Тады чысты прыбытак заводу склаў 42 тысячы рублёў, а ў 2020 годзе былі страты на 37,8 мільёна.
Такім чынам, толькі на 5 стратных заводаў дзяржава за 3 гады патраціла больш за 144 мільёны рублёў. Гэта толькі адкрытыя, простыя выдаткі.
«Заводы даюць валавыя паказьнікі для справаздачы»
Практыка падтрымкі буйных прадпрыемстваў, нават калі яны стратныя, існуе ў Беларусі ўжо два дзясяткі гадоў, заўважае старшая навуковая супрацоўніца Beroc Анастасія Лузгіна. Паводле яе, гэта робіцца, бо на гэтых прадпрыемствах працуюць шмат людзей, да таго ж яны даюць валавыя паказьнікі. Напрыклад, колькасьць выпушчанай прадукцыі.
«У гэтыя заводы ўжо інвэставалі шмат рэсурсаў. Дзяржава працягвае тую ж лінію — што іх трэба падтрымліваць, нават калі гэта не зусім эфэктыўна з гледзішча сучаснай рынкавай эканомікі, але гэтыя прадпрыемствы даюць валавыя паказьнікі, і на іх працуе вялікая колькасьць людзей. Калі казаць пра цэмэнтныя заводы, то задума была такая, што значная частка прадукцыі пойдзе на экспарт.
Але, як мы бачым, пляны сутыкнуліся з рэальнасьцю: у той жа Расеі пабудавалі ўласныя прадпрыемствы, і ў выніку беларускі цэмэнт прадаецца, але не выконваюцца пляны, якія закладваліся спачатку. Тут ужо ідзецца пра эфэктыўнасьць дзяржаўнага кіраваньня», — зазначае эканамістка.
Ва ўмовах рынкавай эканомікі стратныя кампаніі маглі б мяняць профіль дзейнасьці ці іх маглі б замяніць больш пасьпяховыя прадпрыемствы, працягвае суразмоўца.
«Калі б гэта была цалкам рынкавая эканоміка зь меншым дзяржаўным удзелам, то, хутчэй за ўсё, мы б убачылі, што частка гэтых кампаніяў, нават калі яны раней былі пабудаваныя коштам дзяржаўных рэсурсаў, маглі б або цалкам перапрафілявацца, або проста спыніць дзейнасьць. На іх месца прыйшлі б больш пасьпяховыя, больш канкурэнтаздольныя кампаніі. Паколькі мэтады кіраваньня эканомікай істотна не зьмяняюцца цягам апошніх 10–20 гадоў, то мы бачым, што гэтая практыка падтрымкі стратных кампаніяў працягваецца і, хутчэй за ўсё, будзе працягвацца і далей», — кажа эканамістка.
Сёлета ў студзені больш за траціну ад усіх кампаніяў у Беларусі (без уліку малога прадпрымальніцтва) працавалі з стратамі, як вынікае з дадзеных Белстату. Агулам за мінулы год гэты паказьнік склаў 13,3%.
Форум