Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гэтыя 12 заводаў улады ўлілі 1,5 млрд даляраў. Цяпер яны ў стратах, 4 зь іх банкруты. Гісторыя дзяржаўнага інвэставаньня


Аляксандар Лукашэнка і рабочыя. Каляж
Аляксандар Лукашэнка і рабочыя. Каляж

Расказваем пра лёс заводаў, якімі апекавалася дзяржава і якія хваліў асабіста Лукашэнка.

У беларускай прамысловасьці многія прадпрыемствы падтрымліваюцца дзяржаўнымі крэдытамі. Аднак ёсьць тыя, у якія дзяржава робіць пастаянныя ўліваньні. А вынік — вялікія даўгі і страты. Мы сабралі тузін прадпрыемстваў, якія дзяржава падтрымлівала з 2009 году шматлікімі крэдытамі і паглядзелі, што зь імі цяпер.

Заводаў у Беларусі значна болей, і большасьць зь іх падтрымлівае дзяржава. Расказваем, як гэта адбываецца і якія вынікі прыносіць. Уліваньні бачныя па ўказах Лукашэнкі і пастановах ураду аб кожным з заводаў. Там прапісаны выдзеленыя сумы ў розных валютах, якія мы пералічылі паводле актуальнага на той момант курсу. На сайце заводаў дасяжныя справаздачы аб іх фінансавай дзейнасьці.

$1 млрд у бэтон

«Бэтонныя дарогі — гэта наша выратаваньне ў нашых умовах надвор’я, гэта даўгавечнасьць. Гэта задача для ўраду і мясцовых органаў», — гаварыў Лукашэнка пра вывторчасьць бэтону ў Беларусі.

Пачынаючы з 2008 году, беларускія ўлады пачалі выдзяляць крэдыты тром бэтонным заводам: Беларускі цэмэнтны завод, «Крычаўцэмэнтнашыфэр», «Краснасельскбудматэрыялы». Агулам за некалькі гадоў у заводы ўлілі больш за 1 мільярд даляраў. 1,5% усяго беларускага бюджэту за адзін год, ці 1,6 мільёна сярэдніх заробкаў. Гэта мінімальная лічба, якая пацьвярджаецца дакумэнтальна. Агулам жа фінансаваньне гэтых прадпрыемстваў дзяржавай можа быць яшчэ большым.

Цяпер урад дапамагае цэмэнтнікам з выплатай даўгоў — гасіць частку адсоткаў па крэдытах, выплаты па якіх таксама расьцягваюць аж да 2049 году.

У Беларускі цэмэнтны завод агулам уклалі 233 мільёны даляраў, чыстыя страты за мінулы год — 15,6 мільёна даляраў, даўгі — 272 мільёны даляраў. Колькасьць супрацоўнікаў — 2589 чалавек.

«Крычаўцэмэнтнашыфэр» — уліваньні ў завод 574 мільёны даляраў, страты на 2022 год — 8,8 мільёна даляраў, даўгі — 471 мільён даляраў. На заводзе працуе 2309 чалавек.

У «Краснасельскбудматэрыялы» ўклалі 196 мільёнаў даляраў. Страты за мінулы год —15 мільёнаў даляраў, доўг — 261 мільён даляраў. На заводзе працуе 2248 чалавек.

1 мільярд даляраў — гэта 20 мільёнаў кубамэтраў бэтону. Такога аб’ёму хапіла б, каб заліць бэтонам 4 вадасховішчы кшталту Драздоў, а таксама гэта ўтрая больш, чым патрацілі на ўсе беларускія дарогі ў 2022 годзе.

Амаль $5 мільёнаў дапамогі і 4 заводы-банкруты

Адзеньне зь лёну — адна зь візытовак беларускай лёгкай прамысловасьці. «Льняныя тканіны — гэта выратаванне для нас. Сьвет даўно зразумеў, асабліва Эўропа: лёну быць. А колькасьць вытворцаў памяншаецца», — казаў Лукашэнка ў 2018 годзе.

У пяць ільняных заводаў — «Гомельлён», Мёрскі льнозавод, Красьненскі льнозавод, «Ашмяны-лён», Каханоўскі льнозавод — агулам з 2009 году ўклалі мінімум 4,9 мільёна даляраў. Цяпер працуе толькі «Гомельлён», астатнія чатыры заводы проста збанкрутавалі.

«Гомельлён» мінулы год скончыў са стратамі ў 32,4 тысячы даляраў.

За грошы, укінутыя ў гэтыя льняныя заводы, можна было б купіць 114 440 вышыванак зь лёну. Гэтага хапіла б усім жыхарам аднаго невялікага гораду, кшталту Оршы.

Дрэваапрацоўка: даход 17 даляраў на чалавека ў год

У 2007 годзе з падачы Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі пачалася падтрымка прадпрыемстваў, якія займаюцца дрэваапрацоўкай. Шэрагу прадпрыемстваў выдзелілі крэдыты агульнай сумай больш як на мільярд даляраў.

У два дрэваапрацоўчыя заводы, «Мастоўдрэў» і «Івацэвічдрэў», агулам уклалі ня менш за 95 мільёнаў даляраў. «Івацэвічдрэў» атрымаў 66,7 мільёна даляраў, «Мастоўдрэў» — 28,4 мільёна.

За 2021 год «Мастоўдрэў» зарабіў 75 тысяч рублёў. У пераліку на кожнага супрацоўніка, а іх на заводзе цяпер 1472, гэта 50 рублёў, ці 17 даляраў. У заводу 121 тысяча даляраў даўгоў.

«Івацэвічдрэў» у 2021 годзе зарабіў 22,8 мільёна рублёў, ці 8,6 мільёна даляраў. Пры гэтым пазык у завода 58 мільёнаў даляраў. Каб іх аддаць, з такім прыбыткам спатрэбіцца каля 7 гадоў. На заводзе працуе 850 чалавек.

Абодва заводы ня сталі публікаваць справаздачу аб сваёй фінансавай дзейнасьці за мінулы год. Лукашэнка ў 2022 годзе ўсё яшчэ называў гэтую сфэру пэрспэктыўнай:

«Драўніна — гэта самы каштоўны рэсурс для нашай краіны». «І якія б санкцыі супраць нас ні ўводзілі, драўніны ў сьвеце недастаткова».

За грошы, выдаткаваныя толькі на гэтыя два заводы, можна было б купіць 1,5 мільёна двухспальных ложкаў, па ложку на кожнага дарослага жыхара Менску.

$77 мільёнаў стратаў за год

Беларускія ўлады ўліваюць грошы і ў буйныя прадпрыемствы, якія за савецкім часам складалі аснову прамысловасьці. Напрыклад, «Магілёўхімвалакно» — адзін зь вядучых вытворцаў поліэфірных валокнаў і тэхнічных нітак. Усяго за больш як 10 гадоў дзяржава ўклала ў завод 45,5 мільёна даляраў.

«Хімічная прамысловасьць у нас супэрразьвітая», — так Лукашэнка характарызаваў галіну ў жніўні 2022 году.

«Магілёўхімвалакно» скончыла 2022 год з чыстымі стратамі ў 202,8 мільёна рублёў, ці 77,7 мільёна даляраў. Даўгі заводу — 37,9 мільёна рублёў. Тут працуе 4756 супрацоўнікаў.

За год — мінус 1,6 мільёна шынаў

«Белшына» — самы буйны завод у нашым сьпісе і чэмпіён у падтрымцы з боку беларускіх уладаў. Тут працуе 8 тысяч чалавек, а за дзесяць гадоў у завод уклалі больш за 320 мільёнаў даляраў. Гэта мінімальная лічба, якая пацьвярджаецца дакумэнтальна. Насамрэч падтрымка яшчэ большая, але падлічыць яе немагчыма: дзяржава дапамагае заводу часткова гасіць адсоткі ў крэдытах, і адбываецца гэта ўвесь час.

2020 год завод скончыў з чыстымі стратамі на 216 мільёнаў рублёў, ці 78 мільёнаў даляраў. Гэта мінус 1,6 мільёна шынаў, калі пералічваць у цяперашніх цэнах. Даўгоў у прадпрыемства больш як на 1 мільярд рублёў, ці 396 мільёнаў даляраў.

На суму ўлітых у завод крэдытаў можна было б купіць 7,5 мільёна шынаў. Гэта па шыне на кожнага жыхара Беларусі, старэйшага за 18 гадоў.

«У Беларусі заводы не для прыбытку, а каб кантраляваць супрацоўнікаў»

Паводле сяброў эканамічнай каманды «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», куды зьвярнулася Свабода, большасьць заводаў у Беларусі існуюць не для прыбытку. Гэта інструмэнт кантролю над людзьмі.

«Гэта ўласьнік хоча атрымаць ад заводу прыбытак. А мэта беларускай дзяржавы не атрыманьне прыбытку. Мэта дзяржавы за кошт гэтых заводаў і агулам прамысловасьці трымаць пад кантролем супрацоўнікаў, насельніцтва гарадоў, дзе гэтыя заводы знаходзяцца. Гэта проста мэханізм пераразьмеркаваньня ад прыбытку ў іншых месцах. Напрыклад, азотныя ўгнаеньні нібыта прыбытковая сфэра, але гэта за кошт таннага расейскага газу, бо яны яго атрымліваюць амаль па ўнутранай расейскай цане. Гэты прыбытак часткова асядае ў бюджэце, а ў такой дзяржаве, як Беларусь, ня можа супрацоўнік „Гродна Азоту“ атрымліваць у 50 разоў болей, чым супрацоўнік нейкага стратнага заводу. Таму гэтыя заводы проста пераразьмяркоўваюць такі прыбытак», — кажа сябра эканамічнай каманды НАУ.

У выніку

Такім чынам, у пералічаныя заводы беларуская дзяржава ўклала мінімум 1,5 мільярда даляраў. Гэта толькі тое, што можна дакладна пацьвердзіць. А атрымала сярод 12 заводаў толькі 2 нястратныя прадпрыемствы. Аднак даўгі там шматкроць перавышаюць прыбытак, а штогадовыя прыбыткі вельмі сьціплыя. Іх не хопіць нават на заробкі супрацоўнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG