Заходнім артыстам даўно амаль немагчыма выступаць у Беларусі. Цяпер цяжка ўявіць, што некалі ірляндзкія рокеры Cruachan запальвалі на «Нашым Грунвальдзе» ў Дудутках, а «Океан Ельзи» выступаў на Lidbeer. Апошнімі гадамі на буйных фэстывалях у Беларусі выступалі ў асноўным расейскія артысты. Напрыклад, летась на Lidbeer хэдлайнэрамі былі расейцы сьпявачка Юлія Савічава і гурт The Hatters.
На буйным open-air на стадыёне «Дынама» — Festiwow у якасьці хэдлайнэраў выступалі расейскія гурты The Hatters, «Три дня дождя» і рэпэр Zoloto. А сёлета абодва гэтыя фэсты і яшчэ два — нясьвіскі Wostrau і прарасейскае «Солнцестояние» ў Пружанах — проста скасавалі.
«Мы да апошняга верылі, што атрымаем дазвол на правядзеньне нашага фэстывалю, але, на жаль, закон ёсьць закон», — так прычыну скасаваньня Festiwow патлумачылі арганізатары. Гэта адносна малады фэст, які ладзілі з 2023 году.
Рок-фэст «Солнцестояние», куды прывозілі выступаць расейскіх артыстаў, якія падтрымліваюць вайну, скасавалі яшчэ летась, бо арганізатары «ня трапілі ў рэестар Міністэрства культуры». Праводзіць фэстывалі ў Беларусі могуць толькі кампаніі з гэтага сьпісу.
Арганізатары Wostrau патлумачылі скасаваньне фэсту зьменамі ў законах і бракам магчымасьці прывозіць замежных артыстаў. Гэты фэстываль праводзілі 3 гады.
Арганізатары Lidbeer не назвалі канкрэтных прычын скасаваньня фэстывалю, які праводзіўся ў Беларусі з 2015 году.
Каму можна, а каму — не
Гэтым летам у Беларусі пройдуць адзінкавыя фэстывалі. Адзін зь іх — Belbet fest, які адбудзецца на менскім стадыёне «Дынама» 13 чэрвеня. Яго праводзяць з 2024 году. У асноўным на фэстывалі будуць выступаць расейскія выканаўцы: Ваня Дзьмітрыенка, Galibri & Mavik, 5sta Family, Swanky Tunes. Зь беларускіх артыстаў выступяць Насьця Краўчанка, DJ Jeneva, Cosa Nostrа.
Арганізатар фэсту — «Музычная медыякампанія», за якой стаіць нявестка Лукашэнкі Ганна Сялук.
24-25 ліпеня ў Браславе мусіць прайсьці фэстываль Viva Braslav, пакуль арганізатары абвесьцілі толькі двух выканаўцаў, абодва зь Беларусі — сьпявак LYRIQ і пост-панк-гурт «Давай на ты». Лайнап абяцаюць дапоўніць. Арганізатар фэсту — прыватная кампанія «Левол груп».
Пра іншыя буйныя open-air фэстывалі, апроч дзяржаўнага «Славянскага базару», у Віцебску пакуль не чуваць. Некаторыя менш маштабныя імпрэзы ўжо выклікалі скандал. Напрыклад, у Белавескай пушчы 18 красавіка заплянавалі рэйвэрскі фэст. У лайнапе беларускія выканаўцы Police in Paris — адзін з самых вядомых тэхна-праектаў, а таксама андэрграўнд-выканаўцы CAVEX, ANK і CORT333. Анонс падзеі выклікаў неадназначную рэакцыю інтэрнэт-карыстальнікаў, людзі пачалі непакоіцца за жывёлаў, якім можа перашкодзіць музыка. Арганізатар — дзяржаўны нацыянальны парк «Белавеская пушча».
У Беларусі арганізоўваць фэстывалі і канцэрты могуць толькі кампаніі зь сьпісу, які зацьвярджаюць улады. Сьпіс даступны на сайце Міністэрства культуры, у ім 258 назваў, у асноўным дзяржаўных арганізацый накшталт тэатраў, дамоў культуры, абласных філярмоніяў. Ёсьць у гэтым сьпісе і прыватныя кампаніі, напрыклад, «Музычная медыякампанія» Ганны Сялук і яшчэ шэраг прыватных арганізатараў. Аднак нават уключэньне ў гэты сьпіс не ратуе ад забароны фэстывалю. Напрыклад, скасаваны сёлета Festiwow летась арганізоўваў Палац спорту, дзяржаўная ўстанова, якая ёсьць у сьпісе Міністэрства культуры.
Арганізоўваць фэстывалі і канцэрты складана яшчэ і таму, што на кожнага артыста — беларускага ці не — трэба браць гастрольнае пасьведчаньне.
22 жніўня мінулага году ўрад зацьвердзіў пастанову «Аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчавых мерапрыемстваў», якой канчаткова забараніў праводзіць канцэрты ці фэсты кампаніям, якія не ўвайшлі ў сьпіс арганізатараў ад Міністэрства культуры. Калі раней арганізатары маглі, напрыклад, дамовіцца зь дзяржаўнай кампаніяй і правесьці нейкую імпрэзу пад яе шыльдай, то цяпер і гэта стала немагчыма. Пра гэта ў размове з Свабодай кажа аўтар каналу «Міністэрства сэпультуры» Аляксандар Чарнуха.
«Сьпіс арганізатараў канчаткова зарэгуляваны. Раней нешта можна было ціха зрабіць праз афіцыйнага арганізатара. Цяпер толькі арганізатары зь сьпісу могуць на сябе гэта ўзяць, яны нясуць юрыдычную адказнасьць. Цяпер нават на вядоўцу карпаратываў трэба браць гастрольнае пасьведчаньне», — тлумачыць суразмоўца.
Рашэньне аб уключэньні ў сьпіс арганізатараў, якім дазволена ладзіць імпрэзы, прымае Рэспубліканская экспэртная камісія, якая складаецца з чыноўнікаў, прадзяржаўных артыстаў і нават прапагандыстаў кшталту Грыгорыя Азаронка.
«Манапалізацыя дзяржавай»
Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла зь некалькімі людзьмі, раней датычнымі да арганізацыі імпрэзаў у Беларусі. Яны гавораць, што жорсткія законы ў гэтай галіне — не асноўная прычына масавага скасаваньня фэстываляў. Праблема таксама ў манапалізацыі рынку, галоўныя гульцы на якім — кампанія жонкі сярэдняга сына Лукашэнкі Ганны Лукашэнкі (Сялук — яе псэўданім), а таксама дзяржаўныя арганізацыі.
Пра манаполію дзяржавы на канцэртную дзейнасьць гаворыць таксама Аляксандар Чарнуха.
«Гэта манаполія на дзейнасьць: дзяржава пакідае за сабой права рабіць усё. Нават вялікія кампаніі, якія раней ладзілі канцэрты, у гэты рэестар дазволеных арганізатараў ня трапілі. Толькі дзяржава і калядзяржаўныя структуры маюць магчымасьць арганізоўваць імпрэзы», — кажа Аляксандар Чарнуха.
І матыў такой дзяржаўнай манапалізацыі — не ідэалёгія, а грошы, працягвае суразмоўца.
«Гэта не пытаньне ідэалёгіі, гэта пытаньне заробкаў. Дзяржава проста бярэ ўсё пад свой кантроль, яна манапаліст у зарабляньні грошай у забаўляльнай сфэры, а буйны бізнэс амаль траціць такую магчымасьць. Ня думаю, што сёлета хоць якая эквілібрыстыка дапаможа арганізатарам. Нейкага арганізатара, вядома, дзяржава можа паказальна пакінуць», — даводзіць Чарнуха.
Праз такую сытуацыю ў сфэры культуры беларусы ня маюць опцыяў паслухаць ужывую нешта іншае, не прадыктаванае густам чыноўнікаў, працягвае суразмоўца.
«Раней людзі маглі схадзіць на канцэрт Dimmu Borgir ці Cradle of Filth, зараз гэта немагчыма. Аўдыторыя ў Беларусі залежная ад густаў арганізатараў, якія ніколі не глядзелі ў бок Захаду, а толькі ў бок Расеі. Прыяжджаюць толькі расейскія артысты, а заходняга артыста немагчыма ўявіць праз вайну, санкцыі, сьпіс афіцыйных арганізатараў», — падсумоўвае Чарнуха.
Форум