Беларускі музычны гурт Relikt, які ўжо некалькі гадоў працуе па-за радзімай, запісаў і выдаў чарговы альбом — Ramantyzm. Яго можна сьцягнуць альбо праслухаць у сеціве на плятформах KION Music, Play, Spotify, Apple Music, а таксама на YouTube.
На сьвежы альбом ужо падрыхтаваў рэцэнзію тэлеграм-канал «Беларуская музыка»:
«Relikt з тых гуртоў, што заўсёды знаходзяцца ў стане творчага пошуку, але пры гэтым ня трацяць свайго адметнага творчага почырку. Так, натуральна, хлопцы прайшлі доўгі і пакручасты шлях да гэтай адметнасьці — ад гранжавай тусоўкі і постмэталічнага манумэнтальнага гучаньня праз пераасэнсаваньне беларускай традыцыі і рок-клясыкі да альбому Ramantyzm, які ўжо зусім неабавязкова аздабляць цэтлікамі, настолькі ён самадастатковы.
Ramantyzm — праца, у якой нарэшце ў поўнай ступені раскрываецца талент кампазытарскі. Песьні, пабудаваныя не на пераасэнсаваньнях, а ўласным, індывідуальным падыходзе, дэманструюць нам найлепшую форму Relikt за ўвесь час існаваньня гурту.
Трэба адзначыць і яшчэ адзін моцны бок альбому — лірыку. Галоўны аўтар гурту, бубнач Аляксандар Дземідзенка, пабудаваў канцэптуальна вельмі моцную гісторыю, у якой лірыка мае амаль аптэчнае дазаваньне рок-патасу, трагізму і зьмястоўнасьці».
Адна зь песень новага альбому гурту:
Пра гурт Relikt
Музыкі гурту Relikt, як і дзясяткі іншых беларускіх творцаў, мусілі пакінуць радзіму праз палітычны перасьлед, які ў вялікай ступені закрануў і творцаў.
Ужо за мяжой калектыў запісаў шэраг песень і выдаў два альбомы. У альбоме «Byli, Jość, Budziem», запісаным у 2022-м годзе, зьмясьціліся кампазыцыі культавых гуртоў і выканаўцаў з 1980-90 гадоў: «Мроя», ULIS, «Бонда», «Камэлот», Сяржук Сокалаў-Воюш, «Тутэйшыя хлопцы» і «Мясцовы час».
У 2024 годзе гурт запісаў песьню «Biełaruś maja», перапрацоўкай вядомай у выкананьні барда Сержука Сокалава-Воюша і сьпевака Данчыка песьні «Аксамітны летні вечар». З пачаткам 2026 году выпушчаны альбом Ramantyzm.
У дыскаграфіі Relikt ужо 9 студыйных альбомаў. Гурт атрымаў шэраг музычных узнагародаў у Польшчы і Беларусі (Гран-пры — фэстываль Jesień Bardów, Гран-пры і прыз глядацкіх сымпатыяў — фэстываль Rockowisko Hajnówka, «Альбом году», «Найлепшы рок-альбом», «Артыст году» і шмат іншых, ня раз выступаў ва Ўкраіне і Літве. Цяпер калектыў базуецца ў Польшчы і ўлетку плянуе канцэрты ў гэтай краіне.
Форум