Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё кепска і вельмі кепска». Як прайшла дыскусія «Мова, культура, адукацыя і мэдыя: нябачны фронт за Беларусь»

Выступае прадстаўніца па культуры ў Аб'яднаным пераходным кабінэце Ірэна Кацяловіч
Выступае прадстаўніца па культуры ў Аб'яднаным пераходным кабінэце Ірэна Кацяловіч

Імпрэзу арганізавалі ў межах канфэрэнцыі «Новая Беларусь». Удзельнікі паспрабавалі спрагназаваць лёс беларускай мовы і культуры.

Дыскусію «Мова, культура, адукацыя і мэдыя: нябачны фронт за Беларусь» у Варшаве зладзілі прадстаўнікі па нацыянальным адраджэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэту. На ёй разглядалі розныя сцэнары: «заграніца нам дапаможа», пэсымістычны — «мы ўсе памром і вельмі хутка» і аптымістычны.

«Праз 15 гадоў беларускамоўнай адукацыі можа ня быць»

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэньні АПК Павал Баркоўскі прадстаўляў так званае «моўнае пытаньне». Ён пажартаваў, што назаве шмат шакуючых лічбаў. А хто хоча даведацца больш, можа спампаваць справаздачу на сайце і чытаць гэты «якасны ўжасьцік на ноч». І рэзюмаваў: «У дакладзе шмат нехарошых лічбаў. Усё кепска і вельмі кепска».

Павал Баркоўскі нагадаў, што Беларусь знаходзіцца ў «Атласе моў, якім пагражае зьнішчэньне», складзеным UNESCO.

«Мы маем рызыку, што на працягу 1-2 пакаленьняў беларуская мова можа зьнікнуць (застануцца толькі астраўкі). А на дзяржаўным узроўні яна проста зьнікне. Сёньня менш за 8% дзетак у краіне вучыцца па-беларуску (гэта 86 тысяч), і кожны год колькасьць зьніжаецца на 5 тысяч. (На пачатку незалежнасьці 40% дзяцей вучыліся па-беларуску). Праз 15 гадоў беларускамоўнай адукацыі можа ня быць. Няма вышэйшай адукацыі на беларускай мове», — паведаміў Баркоўскі.

Павал Баркоўскі
Павал Баркоўскі

І падсумаваў, што амаль усе сфэры жыцьця ў пляне выкарыстаньня беларускай мовы знаходзяцца ў зоне асаблівай ўразьлівасьці. Летась «Прэс-клюб» рабіў дасьледаваньне і падлічыў, што нават у незалежных СМІ толькі 29% матэрыялаў друкуецца па-беларуску.

«Што да дзяржаўных СМІ, толькі раёнкі выходзяць па-беларуску. І адна рэспубліканская „Звязда“ — такая „пацёмкінская вёска“.

1,4% дзяржаўнага вяшчаньня ідзе па-беларуску — нават у савецкі час было больш. Што ёсьць узамен? Нават на „Белсаце“ адна траціна дзённага эфіру ідзе па-беларуску, астатняе — расейскі і ўкраінскі эфір», — сказаў Баркоўскі.

Таксама ён адзначыў, што ёсьць і пасьпяховыя зоны. Гэта незалежныя беларускія кнігавыдаўцы.

«Зараз выходзіць больш за 100 тысяч беларускіх кніжак за мяжой (маецца на ўвазе агульны наклад усіх выданьняў усіх выдавецтваў — РС). На жаль, ня ўсе яны могуць трапіць у Беларусь. Маларазьвітыя пакуль электронныя кнігі. Але маем хоць і невялікі, але ўстойлівы кніжны рынак. 60% музычных гуртоў сьпяваюць па-беларуску ці зь вялікай доляй беларускага рэпэртуару. Маем 1,5 тысячы рэлізаў. Пашырылася жанравая разнастайнасьць. Калі раней гэта быў пераважна рок і этна, то цяпер і тэхна, і іншыя напрамкі», — такія лічбы назваў дакладчык.

Не губляючы пачуцьця гумару, Павал Баркоўскі прадказаў 3 сцэнары разьвіцьця сытуацыі.

«Пэсімістычны: вы ўсе памром, і вельмі хутка, другі — усё адно памром, але ня хутка. Трэці — можам не памерці. Трэба рэалізаваць трэці, апітымістычны», — лічыць Баркоўскі.

«Беларусь выключаная з усіх міжнародных адукацыйных арганізацыяй»

Андрэй Лаўрухін адказвае ў АПК за адукацыю. Ён вызначыў некалькі колаў праблем.

«Першая праблема — самаізаляцыя Беларусі (ініцыяваная беларускім рэжымам) ад дэмакратычных краінаў. Пасьля пачатку вайны і эўрапейцы пачалі аддаляцца ад Беларусі. І пераўтвараць Беларусь у „чумны барак“. Гэта таксама тычыцца адукацыі і навукі. На сярэдне-прафэсійным таксама мы выключаныя зь інтэрнацыянальнага міжнароднага і маніторынгу, і практыкуму. На ўзроўні школ Беларусь выключаная з асноўнага маніторынгу якасьці адукацыі. Такім чынам, Беларусь выключаная з усіх міжнародных адукацыйных арганізацыяй з аднаго боку, з другога — мы выключаныя зь міжнароднай фінансавай падтрымкі», — канстатаваў спадар Лаўрухін.

Андрэй Лаўрухін
Андрэй Лаўрухін

Што ён прапануе? Што да Балёнскага працэсу, зьмяніць якасьць прадстаўніцтва беларускай навуковай супольнасьці,

«Чаму Беларусь ня можа быць прадстаўлена ў тым жа Балёнскім працэсе на ўзроўні выкладчыкаў, навукоўцаў за мяжой? Чаму Беларусь ня можа быць прадстаўлена ад імя акадэмічнай супольнасьці? Трэба быць прадстаўленымі ад імя недзяржаўных структур, а ад дэмакратычнай супольнасьці», — лічыць Лаўрухін.

А вось са школай — складаней, прызнаў ён. І прапанаваў цэлы шэраг канкрэтных ідэй: ад напісаньня новых сучасных падручнікаў, якія адпавядаюць эўрапейскаму ўзроўню, да стварэньня незалежнага фонду падтрымкі рэпрэсаваных.

«Доўгатэрміновая стратэгія датычна культуры Беларусі»

Прадстаўніца па культуры ў АПК Ірэна Кацяловіч адзначыла, што сёньня беларуская незалежная культура — адна з пэрспэктыўных сфэр.

«Мы бачым вялікі грамадзкі попыт на нацыянальную культуру. І беларуская культура можа стаць пасьпяховай. У беларускай культуры мы сёньня ня толькі сутыкаемся з відавочнымі праблемамі русіфікацыі, якая ўзмацнілася пасьля 2020 года, а яшчэ больш узмацнілася пасьля 2022 года. І гэта ня толькі рэпрэсіі. Гэта ўскладняецца і сыстэмнымі праблемамі. І адказаць на гэта мы можам толькі контрмерамі: беларускай незалежнай культурай, а таксама высілкамі ў адукацыі», — перакананая Ірэна Кацяловіч.

Ірэна Кацяловіч
Ірэна Кацяловіч

Яна прапануе перайсьці ад палітыкі падтрымкі беларускай культуры дзеля яе выжываньня, падтрымкі культуры як нейкага гуманітарнага кейса — да палітыкі сыстэмнага ўзмацненьня менавіта як элемэнта дэмакратычнай устойлівасьці, нацыянальнай бясьпекі

«Павінна быць менавіта доўгатэрміновая стратэгія датычна культуры Беларусі. Для гэтага павінна быць створаная беларуска-эўрапейская плятформа, прызначаны адказныя краіны — партнэры за кірункі культуры», — кажа яна.

Спадарыні Кацяловіч задалі пытаньне: «Чаму такія прапановы могуць быць цікавыя для Эўропы? У Эўропы іншыя праблемы (пагрозы нацыяналізму), а мы — „давайце падтрымліваць нацыянальнае“. Якія варыянты могуць быць цікавыя?»

Спадарыня Ірэна адказала так: «Калі б мы своечасова і дастаткова і ўпэўнена казалі пра культуру, мы б не казалі пра новыя ваенныя базы ў Беларусі. Альбо прынамсі ў пэўныя моманты мацнейшая нацыянальная ідэнтычнасьць магла б павярнуць гісторыю ў трошачкі іншы бок, у больш спрыяльны для нас варыянт, і таксама для Эўропы. Ня трэба даказваць, што бясьпека прынамсі краін-суседзяў моцна залежыць ад таго, што адбываецца ў Беларусі».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG