Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы таксама людзі». Гісторыя беларускага ваяра з пазыўным «Культура», які стварыў музычны праект, каб расказаць пра вайну

Кірыла Буркевіч, фота з прыватнага архіву
Кірыла Буркевіч, фота з прыватнага архіву

Беларус Кірыла Буркевіч з пазыўным «Культура» расказаў Свабодзе пра тое, як ад працы арганізатарам банкетаў у Пецярбургу прыйшоў да абароны Ўкраіны са зброяй у руках, а цяпер асьцерагаецца дэпартацыі праз праблемы з дакумэнтамі.

Музыка Кірыла Буркевіч расказвае, што амаль тры гады ваяваў на баку Ўкраіны. Праз праблемы са здароўем і непаразуменьне з пабрацімамі ён пайшоў з войска. Згубіў свае дакумэнты на канцэрце і пакуль ня можа іх аднавіць. Цяпер былы беларускі добраахвотнік перажывае, што яго могуць дэпартаваць з Украіны.


На апошніх фатаздымках у сетках — Кірыла ў спартовай або вайсковай форме, зарослы барадой, у цёмных акулярах і насунутай на вочы панамцы, з татуажам і ў вобразе здаравяка. Яшчэ сем гадоў таму ён насіў белыя кашулі і гарнітуры, меў акуратна пастрыжаную бараду і выглядаў так, як можа выглядаць наведнік начных клюбаў і тусовак. Паміж гэтымі фота — жыцьцё ў Расеі, пратэсты 2020 году на радзіме, эміграцыя ў Польшчу і Нямеччыну і служба на фронце на баку Ўкраіны.

У размове з Свабодай Кірыла адзначае, што за гэты час ён з хлопчыка стаў мужчынам, з вузкапрофільнага спэцыяліста, які быў у зоне камфорту, яму давялося «апусьціцца да зямлі», навучыцца камунікаваць зь людзьмі, ператвараць словы ва ўчынкі. У ацэнках ён часта выкарыстоўвае словы «людзкі» і «нялюдзкі» і паўтарае, што яны, вайскоўцы, — «таксама людзі».

Ад Расеі да Нямеччыны

Кірылу Буркевічу 34 гады, ён паходзіць зь Вялейкі, расказвае мужчына пра сябе. На вайне ўзяў пазыўны «Культура», бо з адукацыі культуроляг і прадусар. Вучыўся ў прыватным Інстытуце сучасных ведаў у Менску, скончыў магістратуру. Ладзіў у Беларусі невялікія музычныя імпрэзы.

Чатыры гады пражыў у Санкт-Пецярбургу, працаваў банкетным арганізатарам і гострайтэрам — пісаў песьні на замову і пад аўтарствам іншых людзей, працягвае аповед пра сябе Кірыла. Яго тады ведалі пад нікам MC Bura. Суразмоўца ня хоча дэталёва расказваць пра сваю працу ў Расеі, бо цяпер «адчувае нэгатыў да ўсяго расейскага».

Буркевіч вярнуўся на радзіму ў 2019-м. Быў назіральнікам на парлямэнцкіх выбарах і тады «зразумеў, як гэта ўсё робіцца». З словаў Кірылы, ён браў удзел у пратэстах 2020 году ў Вялейцы і Менску. Верыў у перамены ў Беларусі. Але расчараваўся ў мірным пратэсьце, калі беларусы здымалі абутак, каб стаць на лаўку, або дарылі кветкі амапаўцам. Цяпер лічыць памылкай тое, што «прасякнуўся Ціханоўскім і Бабарыкам».

Кірыла Буркевіч
Кірыла Буркевіч

На пачатку 2021 году Буркевічам зацікавіліся міліцыянты, і ён зьехаў у Польшчу. Працаваў кур’ерам, на будоўлі, на заводзе. Пасьпеў пажыць у Нямеччыне, вырабляў сонечныя панэлі. Кажа, нармальна там зарабляў.

Кірыла адзначае, што ягоныя знаёмыя з Расеі, якіх ён лічыў сябрамі, пачалі крытыкаваць яго за пераезд на Захад. Называлі «здраднікам», гаварылі, што «яму задурылі галаву». Маўляў, «Лукашэнка — цудоўны чалавек», а ў Беларусі быццам бы не было фальсыфікацыі выбараў і гвалту над пратэстоўцамі.

«Дапамагчы акопы капаць»

У жніўні 2023 году Кірыла паехаў ва Ўкраіну ваяваць. Тлумачыць, што паўтара году вагаўся, бо раней не служыў у арміі і лічыў сябе пацыфістам. Раней ва Ўкраіне ён не бываў.

«Сэрца разрывалася ад гэтага ўсяго. Я ня мог так жыць далей. Я ехаў, абы нечым дапамагчы — акопы капаць, — расказвае ён, чаму ўрэшце пастанавіў абараняць Украіну. — Не спадзяваўся, што стану ваяром».

Кірыла прызнаецца, што ехаць было страшна. Яго адгаворвалі і калегі, і родныя. Знаёмых ва Ўкраіне ў беларуса не было. З ваяроў ён ведаў з інтэрнэту толькі «Кіта» і «Брэста». Буркевіч расказвае, што яго прынялі ў батальён «Волат» палку Каліноўскага. Там ён стаў мінамётнікам.

«Я быў прыемна зьдзіўлены. Ніякай армейшчыны. Толькі людзкі падыход. Шмат было шаноўных людзей, якія дапамагалі стаць ваяром», — апісвае атмасфэру ў войску добраахвотнік.

Адно з страшных баявых заданьняў, якое ўспамінае Кірыла, было ў Ліпцах Харкаўскай вобласьці ўлетку 2024 году. Казаць пра дэталі баец ня хоча.

Кірыла Буркевіч
Кірыла Буркевіч

«У мяне была кантузія, пасьля — ПТСР (посттраўматычны стрэсавы разлад. — РС). Гэта быў жах. У маім досьведзе гэта было адно з найцяжэйшых выпрабаваньняў», — успамінае ён.

Пра дэталі сваёй службы Буркевіч гаварыць ня хоча, каб «не выносіць бруду». Ён тлумачыць, што ня хоча нашкодзіць палку Каліноўскага — таму, што «засталося ад яго». Зазначае, што з сваёй ініцыятывы звольніўся з войска сёлета ў траўні праз тое, што «шмат чаго ў ПКК зьмянілася», «нейкія моманты былі незразумелыя, непрымальныя», а таксама — бо яму не давалі служыць там, дзе ён хацеў, бо ён «ужо не пасаваў для актыўнай фазы вайны».

Страчаныя дакумэнты

Пасьля звальненьня ў Буркевіча зьявілася некалькі праблемаў. Суразмоўца расказвае, што на канцэрце гурту «Бумбокс» ён згубіў (або ў яго скралі) торбу з дакумэнтамі — беларускім пашпартам і пасьведчаньнем удзельніка баявых дзеяньняў (УБД).

Кірыла расказвае, што зьвяртаўся ў Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны, пры якім ён служыў, з просьбай аднавіць пасьведчаньне УБД, аднак, зь ягоных словаў, яму адмовілі. Прычынай нібыта назвалі тое, што беларус ужо звольніўся з войска. Кірыла гаворыць, што хацеў бы працягнуць ваяваць у іншым падразьдзеле. Аднак уладкавацца на службу бяз страчаных дакумэнтаў зараз ён ня можа.

Кірыла Буркевіч
Кірыла Буркевіч

Сёлета ў сакавіку, кажа беларус, ён падаў заяву, каб атрымаць дазвол на жыхарства ва Ўкраіне. З словаў Буркевіча, яго папярэдзілі ў міграцыйнай службе, што не дадуць на рукі дазвол на жыхарства безь ягонага беларускага пашпарту. Але ж пашпарт ён згубіў і ня можа паехаць у Беларусь, каб зрабіць новы. Кірыла асьцерагаецца, што безь легалізацыі яго могуць дэпартаваць з Украіны ў Беларусь.

«У мяне рукі апускаюцца. Што рабіць?» — кажа ён.

Другая праблема, якую агучвае Кірыла, — гэта тое, што ГУР (Галоўнае упраўленьне выведкі Ўкраіны. — РС) яму ня выплаціла належных грошай пасьля звальненьня: кампэнсацыі за нявыкарыстаныя дні штогадовага адпачынку і аднаразовай грашовай дапамогі іншаземцу-кантрактніку, памер якой залежыць ад падставаў звальненьня і выслугі гадоў. Калі добраахвотнік звольніўся на ўласнае жаданьне (Кірыла кажа, што гэта ягоны выпадак), то яму належыць 50% месячнага заробку за кожны год службы (пункт 2 артыкулу 15 Закону Ўкраіны аб сацыяльнай і праўнай абароне вайскоўцаў і іхных сямейнікаў). У выпадку Буркевіча гэта адзін месячны заробак у войску за два гады службы.

Добраахвотнік адзначыў, што хадзіў у адпачынак толькі адзін раз, таму разьлічваў, што за нявыкарыстаныя дні ён атрымае кампэнсацыю. Ён ня ведае, у які менавіта дзень яго звольнілі. Кажа, што былое кіраўніцтва на гэтае пытаньне яму таксама не адказала. Апошні заробак — 1400 грыўняў (каля 30 эўра) — ён атрымаў у траўні. З гэтага Буркевіч зрабіў выснову, што у апошні месяц ён лічыўся на службе адзін або два дні.

«Мне нават разьліковы ліст не прыслалі: ты там хадзіў у адпачынак, там за тое, там на здароўе. Выходзіць невялікая капейка, але і немалая. Выслуга больш за два гады ў мяне ёсьць. Выплаты ў асноўным даюць, калі ты звальняесься, табе на ход нагі даюць, каб ты неяк інтэграваўся ў соцыюм. Я ў шоку. Мне па-чалавечы крыўдна. Я, можа, не найлепшы ваяр і не найлепшы чалавек, але я нічога не папрасіў не свайго», — кажа Кірыла.

Свабода зьвярнулася ў ГУР з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю з выплатамі Кірылу. Адказу на момант публікацыі мы не атрымалі.

Музыка, адзінота, посттраўматычны разлад

Цяпер былы добраахвотнік жыве ў горадзе Дніпры. Працуе ў друкарні, робіць фота на дакумэнты, копіі, стварае дызайнэрскі мэрч для кубкаў, саколак. Кажа, што хоча жыць ва Ўкраіне. Адзначае, што ўкраінцы дзякуюць яму за беларускую мову.

Кірыла вярнуўся да музыкі. Ягоны рок-праект «Культура» на беларускай мове расказвае пра жыцьцё на вайне.

«Гэта не прыдуманыя гісторыі. Гэта пра тое, што баліць, і пра тое, што мы таксама людзі… Мы ўсе людзі з сваімі асабістымі гісторыямі. І вайна, на жаль, уплывае не найлепшым чынам на жыцьцё чалавека», — тлумачыць ён зьмест сваёй творчасьці.

Тое, што ўскладняе Кірылу жыцьцё пасьля вайсковай службы, — гэта посттраўматычны разлад.

«У мяне некантраляваная агрэсія, я магу недзе крыкнуць. У мяне бывае затуманенасьць — я магу некаторыя простыя рэчы разумець па-іншаму. У мяне праблемы з кароткачасовай памяцьцю. У мяне бываюць наплывы, я магу ў нейкай сытуацыі сесьці і пачаць плакаць», — тлумачыць добраахвотнік.

Ён дадае, што адчувае адзіноту, бо людзі, якія не перажывалі таго, што ён перажыў на вайне, ня здольныя яго зразумець. Падтрымліваюць яго людзі, якія пішуць яму ў сацыяльных сетках.

«У гэты момант будучыня такая туманная. Мне ёсьць што сказаць у музыцы, ёсьць куды рухацца. Але насамрэч тут бы базавыя патрэбы свае закрываць, а ня жыць рамантыкам. Зараз першы крок — неяк аднавіць дакумэнты, каб застацца ва Ўкраіне», — падкрэсьлівае ён.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG