У брыгадзе не ўдакладнілі дату ягонай гібелі. Як вынікае з публікацыі ў Telegram-канале падразьдзелу, ён імаверна мог загінуць кастрычніку або лістападзе 2025 году — тады апублікавалі фільм аб тым, як беларусы ваююць на перадавой лініі фронту ў Харкаўскай вобласьці. Празь пяць дзён пасьля інтэрвію для гэтага праекту беларус загінуў.
«Месяц» пачынаў служыць мэдыкам у палку Каліноўскага, а летам 2024-га перавёўся ў брыгаду «Хартыя» — быў і мэдыкам, і сапёрам, і мінамётчыкам. Апошняя ягоная пазыцыя ва ўкраінскім войску — камандзір абслугоўваньня мінамётнага разьліку.
Інтэрвію зь беларусам запісвалі на баявой мінамётнай пазыцыі. Ён паведаміў, што прыехаў ва Ўкраіну ў канцы 2022 году.
«Я ня вельмі моцны фізычна, я не люблю страляць. Так, у мяне таксама бывае азарт, і часам мне тут вельмі цікава, але ў цэлым, я ненавіджу вайну і вельмі хачу, каб яна хутчэй закончылася», — сказаў добраахвотнік.
У Беларусі яго арыштоўвалі за ўдзел у акцыі пратэсту на Дзень волі.
«У Беларусі шмат людзей вельмі хацела зьменаў. І хочуць цяпер. Да таго ж, у Беларусі вельмі шмат лёсаў паламалі — праз арышты, праз тое, што шмат хто вымушаны быў зьехаць і таксама, па сутнасьці, страцілі дом. І ў маім жыцьці выйшла менавіта так. Там людзей, якія выходзяць на пратэст пазбаўляюць працы — гэта таксама такая мера пакараньня. Мяне, напрыклад, арыштавалі на 30 сутак за бел-чырвона-белую футболку. Традыцыйны сьцяг Беларусі — бел-чырвона-белы, і я выйшаў у такой футболцы на Дзень волі. Гэтага было дастаткова», — расказаў ён.
Для службы ў палку Каліноўскага ён прайшоў шмат курсаў, і як мэдык дапамагаў ня толькі сваім пабрацімам, а і зь іншых украінскіх падразьдзелаў, а калі пачалі фарміраваць мінамётны падразьдзел — перайшоў у яго.
«Я проста хацеў прыносіць больш карысьці. Потым трапіў у сапёрны падразьдзел — проста таму, што ў мяне гэта выходзіла лепш і мне было гэта цікава, а летам 2024 году мы ўпершыню паспрабавалі супрацоўнічаць з „Хартыяй“ і нам спадабалася. Потым і перавёўся сюды. Мне ніколі не хацелася быць мінамётчыкам, але так, напэўна, выйшла, што мы проста там знайшлі сваіх людзей, знайшоў вельмі добрага камандзіра», — адзначыў беларус.
Ва Ўкраіне беларускі добраахвотнік пазнаёміўся з кітаянкай — яна была валянтэркай і дапамагала Замежнаму легіёну.
«Мы пазнаёміліся незадоўга да таго, як я пайшоў на вайну, Яна зьяжджала ў Кітай да сям’і, потым у Грузію, дзе ў яе былі сваякі. Калі я прыехаў на вайну, я быў вельмі адзінокім. Спачатку нікому не казаў, што я тут. Я не адразу ўпісаўся ў свой калектыў, яны была, як і я тады, крыху прыгнечанай, і хацела дапамагчы. І вось жаданьне дапамагчы нас вельмі зблізіла. Сяброўства перайшло ў стасункі, ну і вось у нас цяпер сям’я», — расказаў ён.
У пары нарадзілася дзіця, і беларускі добраахвотнік на некаторы час разрываў кантракт з украінскім войскам, каб пабачыць з жонкай у складаны пэрыяд, калі яна была цяжарнай і да нараджэньня малечы.
«Цяпер закончыцца мая зьмена, і я змагу на тыдзень зьезьдзіць дадому. І я хачу забраць жонку бліжэй да Харкава, каб мы маглі часьцей бачыцца, таму што ў час ратацыі ёсьць час яе наведаць, пабыць з малечай, зь сям’ёй», — дзяліўся сваімі плянамі беларускі добраахвотнік за пяць дзён да сваёй гібелі.
«Месяц» таксама расказаў, што плянаваў звольніцца з войска, каб быць разам зь сям’ёй.
«Я хацеў звольніцца. Я абсалютна не вайсковы, я не люблю вайну, не люблю вайсковае жыцьцё. Проста так жыцьцё склалася. Калі я быў адзін, мяне нічога ня стрымлівала, я мог рабіць тое, што мне здавалася правільным. Быў такі цяжкі пэрыяд, і я проста тут таксама быў патрэбны», — сказаў беларускі добраахвотнік.
- Грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- З 2014 году ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 300 тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Форум