Пра сьмерць у сацыяльных сетках паведаміла жонка Аляксея Лазарава Вераніка.
«Загінуў мой сьвет, даражэнькі муж Аляксей Лазараў. У пачатку 2025 году ён павярнуўся на службу ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны і годна абараняў неба.
Ён ёсьць і быў выдатным сынам беларускай зямлі. Я захаплялася і захапляюся яго прагай да лепшага сьвету, у якім мы так хацелі стварыць вялікую сям’ю», — паведаміла ягоная жонка Вераніка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
Паводле яе, Аляксея пахаваюць у Львове. Вераніка папрасіла журналістаў і СМІ яе не турбаваць.
Аляксей і ягоная жонка Вераніка былі ў шэрагах полку імя Каліноўскага з сакавіка да лістапада 2022 году. Потым яны пакінулі полк. Лазараў патлумачыў гэты крок тым, што «полк пачаў займацца палітыкай ад імя ваяроў».
У 2025 годзе ён падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Ўкраіны.
Аляксей скончыў факультэт радыёфізыкі БДУ, працаваў у IT-кампаніі ITRex Group, якая ўваходзіла у Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску. Паводле спэцыяльнасьці ён пачаў працаваць з другога курсу, а да таго падпрацоўваў на заводзе «Керамін».
У 2019 годзе балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Быў актывістам «Моладзевага блёку», змагаўся з законам «аб адтэрміноўках». Аднак пасьля выбараў яго адразу змабілізавалі ў войска. Увесь час службы вёў «Дзёньнік салдата» на сваёй старонцы ў тагачасным Twitter (цяпер Х). Праз гэта меў, як сам прызнаваўся, «невялікія канфлікты з афіцэрамі».
«Я люблю сваю краіну, але ненавіджу тых людзей, якія ціснуць на нас сваімі законамі і выціскаюць нас з краіны», — казаў Аляксей Лазараў у лістападзе 2019 году.
Форум