Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За сталом і «на тумбачцы» — як сустракае сьвяты ў войску айцішнік і экс-кандыдат у дэпутаты


Аляксей Лазараў, архіўнае фота
Аляксей Лазараў, архіўнае фота

Айцішнік Аляксей Лазараў быў кандыдатам у дэпутаты ад «Моладзевага блёку», змагаўся з законам «аб адтэрміноўках», але ў лістападзе сышоў у войска. Свабода распавядала, як хлопца праводзілі сябры і сваякі, пісала пра «дзёньнік салдата», які ён вядзе ў Твітэры.

«Сьвяты ў нас пачаліся з каталіцкіх Калядаў, — кажа Аляксей. У нас проста быў выходны, глядзелі калядныя фільмы. Адзін быў расейскі, але я яго прапусьціў — дапамагаў насіць рэчы на палігон. І яшчэ дзьве амэрыканскія калядныя камэдыі глядзелі».

На Новы год, распавядае Лазараў, салдаты скінуліся па 20 рублёў, ім замовілі прадукты. Сьвяточны стол хлопцы накрывалі самі, але Аляксей быў у нарадзе, таму ў гатаваньні ня ўдзельнічаў.

«Накрылі ў казарме стол. Адзначалі без алькаголю, але затое самі ўсё прыгатавалі. Гатавалі аліўе, курыцу. За сталом я быў, але даводзілася паралельна стаяць "на тумбачцы" ў іншым памяшканьні. Тосты казалі, сьпявалі песьні, гралі на гітары. Было весела ў прынцыпе, душэўна», — дзеліцца эмоцыямі салдат.

У афіцэраў у гэты дзень быў выходны, заставаўся адзін дзяжурны. Але яны ўсё роўна прыйшлі павіншаваць салдатаў са сьвятам: «Досыць добрыя і прыемныя словы казалі. Ну а ў гадзіну ночы мы ляглі спаць».

Аляксей кажа, што Новы год у войску адчуваецца не так моцна, як дома.

«Не адчуваецца, што сьвята, няма навагодняга настрою. Тут, вядома, упрыгожылі ўсё, але ўсё адно крыху ня тое. Таму проста прайшоў як сьвяточны дзень».

1 студзеня ў частцы быў выходны, салдаты зноў глядзелі фільмы. 6 студзеня, калі мы размаўлялі з Аляксеем, у роце быў гаспадарчы дзень, салдаты прыбіралі казарму. Размаўляць па тэлефоне і пісаць СМС салдатам можна паўгадзіны пасьля абеду і 45 хвілін пасьля вячэры.

«Мне часу хапае, але я ня вельмі люблю размаўляць па тэлефоне, было б зручней напісаць у мэсэнджэры. Але смартфоны ў нас забароненыя».

За час, пакуль Лазараў у войску, ён ужо аднойчы зьездзіў дадому ў Менск, а двойчы да яго ў частку прыяжджалі маці і дзяўчына.

Больш усяго ў войску Лазараву не хапае інтэрнэту і крыніцаў інфармацыі.

«Мы глядзім толькі нашы беларускія навіны, а ў мяне асабіста даверу да іх асабліва няма. Я тэлефанаваў сябрам, пытаўся пра навіны. Зноў жа пра мітынгі супраць інтэграцыі асабліва нічога не распавядалі (па беларускай дзяржаўнай тэлевізіі — РС). Я стаяў у нарадзе — не пашанцавала — і па тэлевізары проста бойку нейкую паказалі, але не распавядалі навошта і чаму. Пра саму інтэграцыю таксама вельмі скупа. Больш распавядалі пра сьвяты, пра тое, каго як віншуюць. Часам нам уключаюць беларускія навіны, часам расейскія».

Аляксей спадзяецца, што ў новым годзе ў беларускім войску пачнуцца рэформы.

«Спадзяюся, незалежнасьць у нас не забяруць. І хочацца, каб краіна стала больш дэмакратычнай. Асабістых жаданьняў у мяне няма».

8 студзеня ў Аляксея скончыцца «каранцін» і, па яго словах, «пачнецца сапраўднае войска».

«У сваё падразьдзяленьне прыйду ўжо з пагонамі, буду камандзірам аддзяленьня. Але кажуць, што гэтыя званьні асабліва ня важныя. Важна тое, колькі ты праслужыў — паўгода, год і гэтак далей».

«Мне здаецца, што можна было б скараціць час "каранціну". Я гаварыў са стараслужачымі. Яны распавядалі, што пасьля яго будзе праца. Яны машыны чыняць, езьдзяць на палігоны. Мне самому цікава паглядзець, што будзе. Распавядаюць, што першыя паўгода тыя, хто служыць, вельмі шмат працуюць, зноў жа машыны чыняць, БМП. А далей, як кажуць, працуюць усё менш і менш і вучацца, як не працаваць. Матывацыя ў людзей дастаткова нізкая, таму яны імкнуцца як мага больш нічога не рабіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG