Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У IT-роце месца не хапіла». Айцішнік, які змагаўся з законам «аб адтэрміноўках», пайшоў у войска


Аляксей Лазараў

Сёньня былы кандыдат у дэпутаты Аляксей Лазараў пайшоў у войска. На працягу ўсёй сваёй нядоўгай кампаніі ён даводзіў, што закон «аб адтэрміноўках» несправядлівы. А вось «адкасіць» ад службы нават не паспрабаваў.

«Чаму ніхто нічога ня робіць? Гэта ж максымальна антынародны закон!»

Сябры зладзілі Аляксею незвычайныя «праводзіны». 22 лістапада ён усё ж такі зьезьдзіў на перапахаваньне Кастуся Каліноўскага ў Вільню. Там паплечнікі з «Моладзевага блёка» яго і «праводзілі».

Цяпер, у 6:30 раніцы ў панядзелак, мы разам з Аляксеем, яго сябрамі і дзяўчынай, сустракаемся ў мэтро «Грушаўка». Аляксей вярнуўся зь Вільні на цягніку толькі а гадзіне начы. Разам рушым да вайсковага камісарыяту Маскоўскага раёна Менску.

Аляксей Лазараў зь сябрамі ідзе да вайсковага камісарыяту
Аляксей Лазараў зь сябрамі ідзе да вайсковага камісарыяту

Праводзіць Лазарава прыйшлі яго паплечнікі з Моладзевага блёку — Стас Шашок, Алана Гебрэмарыям, Даніла Лаўрэцкі, Міхась Варанцоў, дзяўчына Саша, з якой Лёша сустракаецца ўжо 4 гады, ды іншыя сябры з актывісцкай тусоўкі.

Пакуль мы ідзем, Стас Шашок праводзіць міні-экскурсію па Грушаўцы. Усе жартуюць, а Аляксей кажа, што больш за ўсё баіцца, што страціць час.

Аляксею Лазараву 21 год. Сёлета ён скончыў факультэт радыёфізыкі БДУ і думаў паступаць у магістратуру — у Беларусі ці за мяжой. Але раптам Міністэрства абароны прапанавала прыняць нашумелы закон «аб адтэрміноўках». Законапраект трапіў у Палату прадстаўнікоў, яго зацьвердзілі, а Лазараў, абураны такой навіной, стаў актывістам кампаніі «учебаважнее». І амаль адразу вырашыў, што паспрабуе балятавацца ў Палату прадстаўнікоў.

Аляксей зь дзяўчынай Сашай
Аляксей зь дзяўчынай Сашай

«Я далучыўся да руху прыкладна на пачатку лета. Калі стала вядома пра закон «аб адтэрміноўках», я падумаў: «Чаму ніхто нічога ня робіць? Гэта ж максымальна антынародны закон!». Потым стары таварыш запрасіў мяне ў Telegram-чат «Protestby», там сабралася шмат чалавек, — узгадвае Лазараў, як стаў актывістам. — Гэта было выдатна, што сабраўся такі рушняк. Нейкі час мы праводзілі адзіночныя пікеты, потым я зарэгістраваўся кандыдатам у кандыдаты ў дэпутаты і напісаў пра гэта ў чат. Тады мяне запрасілі ў вузкі чат кандыдатаў, і там мы вырашылі стварыць «Моладзевы блёк».

Аляксей Лазараў (зь мікрафонам) зь сябрамі з «Моладзевага блёку» на пікеце каля Міністэрства адукацыі. 15 лістапада 2019 году
Аляксей Лазараў (зь мікрафонам) зь сябрамі з «Моладзевага блёку» на пікеце каля Міністэрства адукацыі. 15 лістапада 2019 году

«Адслужу паўгода і паеду ў Чэхію»

Аляксей Лазараў стаў адным з васьмі маладых людзей, якія стварылі «Моладзевы блёк» і ўзялі ўдзел у парлямэнцкай кампаніі. Паступленьне ў магістратуру хлопец вырашыў адкласьці. Ён разумеў, што калі не паступіць, то атрымае позву на восеньскі прызыў і на паўгода пойдзе служыць у войска. Так і сталася — у канцы жніўня прыйшло «прывітаньне» ад камісарыяту.

«Летам інфармацыя наконт закону пастаянна зьмянялася, і я вырашыў, што калі я сваёй краіне не патрэбен як магістрант, як спэцыяліст, то ОК, адслужу паўгода, таму што ў мяне вайсковая катэдра, і потым проста паеду ў Чэхію. Для мяне гэта было як пратэст», — тлумачыць рашэньне Лазараў.

Да нядаўняга часу Аляксей меў доўгія валасы — кажа, расьціў паўтара года. На адным зь пікетаў «Моладзевага блёку» падчас парлямэнцкай кампаніі проста на вуліцы яго пагаліў актывіст Павал Вінаградаў.

Аляксей з даўгімі валасамі
Аляксей з даўгімі валасамі

«Мяне ўсё роўна забіраюць у войска, і мы вырашылі, што будзе паказальна, калі мы зробім такое шоў на пікеце. Мы хацелі паказаць, што хлопцаў забіраюць у войска сілай».

У размове Аляксей шмат разважае пра сучасную беларускую армію.

«Армія ў тым выглядзе, у якім яна існуе ў Беларусі, — гэта жахліва. Праблема ў тым, што ніхто ня ведае, што там робіцца. Калі чалавек знаходзіцца ў войску, ён ня можа сябе абараніць. Напэўна, гэта найбольшая праблема — брак празрыстасьці службы».

«У ваекнамаце запыталіся, ці не сваяк мне Каліноўскі»

Адразу хлопца хацелі накіраваць служыць у Горадню. Калі даведаліся, што Лазараў працуе праграмістам, вырашылі адправіць у IT-роту. Але высьветлілася, што месцаў няма, таму вярнулі варыянт з Горадняй.

Аляксей Лазараў зь дзяўчынай
Аляксей Лазараў зь дзяўчынай

«Я вучыўся на вайсковай катэдры, маю спэцыяльнасьць „камандзір аддзяленьня пераносных зэнітна-ракетных комплексаў“. У камісарыяце я моцна пасварыўся з камісіяй. Мне сказалі, што забяруць 22 лістапада, а я вельмі хацеў паехаць на пахаваньне Кастуся Каліноўскага. Я спрабаваў нармальна дамовіцца, але яны спыталі, чаму мяне гэта цікавіць. Я сказаў, што гэта наш нацыянальны герой і мы ня толькі ехаць туды павінны, а яшчэ і зь Вільні ў Менск на руках несьці!

У мяне спыталі: „А ён што, нейкі сваяк вам?“. Я сказаў — так, ён ледзь ня бацька ўсіх беларусаў! І тады мне сказалі, што альбо я прыношу даведку, што ён мне сваяк, альбо тлумачу, навошта мне туды ехаць. Я сказаў, што еду ад „Задзіночаньня беларускіх студэнтаў“, і тады мне сказалі, каб я ішоў у Міністэрства адукацыі і прасіў паперку. Увогуле мы не дамовіліся. Потым пачалася наша кампанія, былі нейкія незразумелыя выбухі ў вайсковай частцы ў Горадні, і мяне вырашылі адправіць у Заслонава ў Віцебскай вобласьці».

Зь сябрамі
Зь сябрамі

Праблемаў у войску Аляксей не баіцца. Але кажа, што нават калі і будуць, ён да іх гатовы: «Я сам у гэтым вінаваты, сам увязаўся. Але ня думаю, што некаму захочацца зьвязвацца з „Моладзевым блёкам“».

Да законапраекту «аб адтэрміноўках» Аляксей, як кажа сам, быў апалітычны. Яму не падабалася, што старыя апазыцыйныя палітыкі заклікаюць людзей на акцыі, кідаюцца лёзунгамі і больш нічога ня робяць.

«Але выявілася, што ў нас ёсьць, напрыклад, „Задзіночаньне беларускіх студэнтаў“, Legalize Belarus, якія маюць канкрэтныя патрабаваньні. У Беларусі максымальна апалітычная моладзь, бо мы вырасьлі ў сем’ях, якія ў свой час ад рэжыму пацярпелі і сталі апалітычнымі, — разважае Лазараў. — Яны ўкладалі сілы, каб нешта зьмяніць, але нічога не атрымалася. Напэўна, таму яны і выгадавалі нас так, што лепш сядзець і не высоўвацца».

У падарожжы па Карэліі прачытаў «Вайну і мір»

Мы размаўлялі з Аляксеем у перадапошні дзень яго працы ў IT-кампаніі ITRex Group, якая ўваходзіць у ПВТ. Паводле спэцыяльнасьці хлопец пачаў працаваць з другога курсу, а да гэтага падпрацоўваў на заводзе «Керамін», дзе працуюць ягоныя бацькі.

Пра сваё дзяцінства Лазараў кажа, што яно было звычайнае. У яго не было інтэрнэту, тэлеканалаў з мульцікамі, таму глядзеў навіны і шмат чытаў. Ён узгадвае, як у другой клясе мама падсунула яму «Гары Потэра».

Аляксей Лазараў
Аляксей Лазараў

«Прычым адразу чацьвёртую частку! І панеслася. Я проста залпам чытаў кніжкі ўсё жыцьцё. Не заўсёды яны былі сур’ёзныя, — усьміхаецца малады чалавек. — На вуліцы ў футбол гуляў, на ровары катаўся. Ня меў часу курыць, піць, бо бацькі ўвесь час на нейкі спорт адпраўлялі — акрабатыка, каратэ, вялікі тэніс».

Кнігі сталі вялікай часткай дзяцінства Аляксея, ён кажа аб прачытаным з захапленьнем. Напрыклад, у 10 клясе ён разам зь сяброўкай і яе сям’ёй паехаў у паход у Карэлію.

«Мы сплаўляліся па рацэ да Белага мора. І за два тыдні я прачытаў усю „Вайну і Мір“, хоць шмат хто кажа, што гэта жудасна нудна. Гэта было клясна: ты ляжыш, чытаеш, а вакол няма цывілізацыі», — кажа Аляксей і зьмяняе тэму:

Аляксей Лазараў, архіўнае фота
Аляксей Лазараў, архіўнае фота

«Я мала дзе бываў, бо на другім курсе пачаў працаваць, пайшоў на вайсковую катэдру і проста не было часу. Я б хацеў у ЗША зьезьдзіць, у Крэмневую даліну — паглядзець, як заходнія айцішнікі працуюць. Яшчэ хацеў бы ўбачыць вялікі вадаспад, напрыклад, Анхель або Ніягарскі».

Аляксей адкрыта кажа, што зарабляе 1700 даляраў на месяц, і дадае, што добра бачыць розьніцу паміж тым, як жывуць айцішнікі і астатнія людзі.

«Айцішнікі ўсьміхаюцца на працы, могуць разам схадзіць піва папіць, а астатнія — не, бо ў іх „дом-праца-дом“. Забавы ў айцішнікаў — ня толькі пабухаць схадзіць. Яны актыўна адпачываюць, езьдзяць куды-небудзь ледзь ня кожныя некалькі месяцаў. Мяне хвалюе, што іншыя людзі ня могуць сабе гэтага дазволіць. Хоць мы, айцішнікі, жывём у Беларусі, як сярэдняя кляса ў Заходняй Эўропе».

* * *

6:50 раніцы, 25 лістапада.

Каля камісарыяту Стас Шашок сьпявае «In my mind», кампанія робіць на памяць фота са сьцягам «End the drugs war». Міхась Варанцоў закруціся ў бел-чырвона-белы сьцяг.

— Прызыўнікі, праходзьце ў 101 кабінэт! — крычыць мужчына ў цывільным.

Аляксей заходзіць у будынак ваенкамату.

Праз хвілін 20 ён выходзіць. Ёсьць яшчэ зусім трошкі часу, каб разьвітацца з сябрамі.

— Мы да цябе прыедзем на бусіку, — некалькі разоў гучыць з натоўпу актывістаў.

— Не даедзеце, ён разваліцца на палове дарогі, — сьмяецца Аляксей.

Аляксей заходзіць у аўтобус разам з іншымі прызыўнікамі. Бліжэйшыя паўгоду ён правядзе ў частцы ў Заслонаве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG