Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 сэансаў на дзень. Як у Менску паказваюць «Адысэю» Нолана і якім чынам зараз сусьветныя кінагіты трапляюць у Беларусь

Слухаць
7 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

Актор Мэт Дэйман на прэм'еры «Адысэі» ў Лёндане. Ілюстрацыйнае фота
Актор Мэт Дэйман на прэм'еры «Адысэі» ў Лёндане. Ілюстрацыйнае фота

Фільмы з ЗША для паказу ў Беларусі могуць перакупляць ад дробных студыяў, тэлеканалаў ці іншых краін. Паглядзець «Адысэю» у Менску каштуе ад 10 да 56 рублёў залежна ад месца і часу.

Ад 30 ліпеня беларускія кінатэатры пачалі паказваць «Адысэю» Крыстафэра Нолана. Паказ плянавалі пачаць ужо 23 ліпеня, праз тыдзень пасьля прэм’еры фільму на Захадзе, але пазьней старт перанесьлі і ў Беларусі, і ў Расеі.

Гэта экранізацыя твору Гамэра. Цар Адысэй накіроўваецца дадому пасьля Траянскай вайны. Там яго чакае жонка Пэнэлёпа і сын Тэлемах, але па дарозе да роднай выспы Ітакі герой сустракае масу перашкодаў, у тым ліку ад пэрсанажаў грэцкай міталёгіі.

Цяпер «Адысэю» паказваюць у 8 кінатэатрах у Менску, у адным у Горадні, у адным у Рэчыцы. Паказваюць актыўна. Напрыклад, у кінапрасторы mooon, што месьціцца ў гандлёвым цэнтры Palazzo, гэты фільм дэманструюць 13 разоў на дзень на сэансах ад 13-й да 21-й гадзіны. Квіткі каштуюць ад 10 да 56 рублёў, залежна ад залі і месца. На 5 жніўня яшчэ ёсьць месцы на вечаровы сэанс, а 21-й, але яны даволі хутка запаўняюцца.

Кінатэатар «Кастрычнік» у Менску. Архіўнае фота
Кінатэатар «Кастрычнік» у Менску. Архіўнае фота

У кінатэатры mooon у Горадні праходзіць 7 паказаў на дзень, цана квіткоў — ад 17 да 21 рубля, можна купіць квіткі сёньня на сёньня. У Рэчыцы на дзень праходзяць тры сэансы, вольныя месцы таксама можна адшукаць дзень у дзень.

Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла зь людзьмі, якія ўжо паглядзелі новы фільм Нолана ў Беларусі. Зь іхных словаў, і гук, і выява ў гэтай копіі якасныя, нараканьняў на тэхналягічныя нюансы няма. «Адысэю» нашыя суразмоўцы хваляць за прыгожыя кадры і агульную атмасфэру. Кажуць, што перабояў з квіткамі няма. Можна раніцай купіць, а ўвечары таго ж дня ўжо глядзець фільм.

Як заходнія фільмы трапляюць у Беларусь

Пасьля 2022 году многія ўсясьветныя студыі спынілі супрацу зь Беларусьсю і Расеяй. У 2022 годзе быў нават перапынак, калі ўсясьветныя прэм’еры ў беларускіх кінатэатрах проста не паказвалі.

Увесну 2022 году кінатэатры ў Беларусі ня здолелі паказаць шмат кінапрэм’ераў. Напрыклад, «Бэтмэна» ці «Я чырванею». Аб узнаўленьні супрацы заходніх кінакампаніяў з Расеяй і Беларусьсю не паведамлялі.

Аднак пазьней усясьветныя кінапрэм’еры зноў зьявіліся ў беларускіх кінатэатрах, а ў Беларусі прынялі закон «Аб абмежаваньні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці». Фактычна дакумэнт дазволіў паралельны імпарт фільмаў, кампутарных праграмаў, музыкі бяз згоды праваўласьнікаў зь «недружалюбных краін».

Напрыклад, летась у сакавіку ў Беларусі паказвалі ў кінатэатрах мультфільм «Плынь» (Flow), які заваяваў «Оскара». Стваральнікі стужкі пры гэтым выказваліся супраць дэманстрацыі свайго твору ў Расеі і Беларусі як нелегальнай. Мультфільм пасьля некалькіх паказаў усё ж зьнялі з афішаў і больш не дэманстравалі.

Кадр са стужкі Flow, якую зьнялі з паказаў у Менску пасьля некалькіх сэансаў
Кадр са стужкі Flow, якую зьнялі з паказаў у Менску пасьля некалькіх сэансаў

Як расказаў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці датычны да сфэры кіно ў Беларусі суразмоўца, цяпер кіно кшталту «Адысэі» ці «Плыні» можа трапляць у краіну некалькімі «шэрымі» каналамі.

«Трэба разумець, што Беларусь і Расея — „піраты“ ў лічбавым сьвеце. Фільмы могуць трапляць сюды па-рознаму. Ад банальных зьліваў з афіцыйных студыяў, хоць гэта і малаімаверна. Вялікія кампаніі так ці інакш хочуць зарабіць. Афіцыйна нешта можа не працаваць, але працаваць неафіцыйна, фільмы могуць трапляць празь нейкіх дробных пасярэднікаў. Можа быць і так, што нейкая краіна набыла правы на паказ фільму і здала яго ў такую вось субарэнду іншай краіне. Правы на фільм можа выкупіць, скажам, нейкі тэлеканал», — пералічвае варыянты суразмоўца.

Спэцыялісты ў гэтай галіне раней казалі, што фільмы трапляюць у Беларусь і праз пасярэднікаў — са спазьненьнем, пасьля асноўнай прэм’еры. Бо фільмы ўсё адно дублююцца на расейскую мову для рынку іншых, непадсанкцыйных краін.

«Ня ведаю, што б кінатэатры рабілі безь пірацкага кіно»

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі заўважае, што ў беларускіх кінатэатрах па-ранейшаму паказваюць пераважна творы з тых краін, якія самі ўлады называюць «недружалюбнымі», і на іх жа маюць большасьць выручкі. Пры гэтым ні кітайскіх, ні індыйскіх стужак у беларускіх кінатэатрах дагэтуль не дэманструюць, нягледзячы на ўсё сяброўства.

«Адсутнасьць гэтых пірацкіх стужак стала б фатальнай для кінатэатраў. Больш за палову збораў робіцца на амэрыканскім зьмесьціве, а не на беларускім, не на расейскім, не на індыйскім ці кітайскім. Дарэчы, за 4 гады не было ў беларускім кіно кітайскіх фільмаў — каб гэта была беспасярэдняя каапэрацыя. Гэта такая двудушнасьць. Без заходніх фільмаў кінатэатры арганізоўвалі б квізы ці дні народзінаў. Ня ведаю, як бы кінатэатар выжыў толькі на беларускіх фільмах і дадатковай нейкай дзейнасьці і што б яны рабілі бяз гэтых пірацкіх фільмаў. Прапагандысцкае кіно грошай ім не прыносіць, дый такая задача ў іх не стаіць», — разважае суразмоўца.

Стужкі "Беларусьфільма" не зьбіраюць у Беларусі аншлягаў. Прэм'ера фільму “Авантуры Пранціша Вырвіча”. Архіўнае фота
Стужкі "Беларусьфільма" не зьбіраюць у Беларусі аншлягаў. Прэм'ера фільму “Авантуры Пранціша Вырвіча”. Архіўнае фота

Ён таксама зьвяртае ўвагу, што ў будучыні кінатэатры могуць мець праблемы празь цяперашнюю дэманстрацыю пірацкіх стужак: будзе цяжэй дамаўляцца на афіцыйную супрацу.

«Мяркую, што ім цяпер выгадней працаваць, чым раней „у белую“, але стратэгічна яны прайграюць. Калі сытуацыя зможа нармалізавацца ў нейкі момант, то могуць зьмяніцца ўмовы супрацы, ад іх могуць патрабаваць большага працэнту для пракатчыка, бо раней яны паказвалі пірацкія копіі і не зьвярталі на гэта ўвагу. Гэта можа стаць вагаром для перамоваў», — зьвяртае ўвагу кінакрытык.

Апроч «Адысэі», беларускія кінатэатры цяпер паказваюць мультфільм «Гісторыя цацак — 5» ад амэрыканскай студыі Pixar, а таксама «Вельмі страшнае кіно» — працяг папулярнай камэдыі вытворчасьці ЗША.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG