Пра гэта «Позірку» паведаміў рэжысёр фільма Андрэй Куціла.
Арганізатары 83-га Вэнэцыянскага міжнароднага кінафэстываля абвясьцілі праграму на 2–12 верасьня.
«Зь Беларусі — краіны, пра якую мы ведаем вельмі мала — у нас ёсць фільм Андрэя Куцілы, рэжысэра, які быў вымушаны эміграваць па палітычных прычынах», — сказаў падчас прэзэнтацыі праграмы мастацкі дырэктар Вэнэцыянскага міжнароднага кінафэстывалю Альбэрта Барбэра.
Ён зьвярнуў увагу на тое, што ў фільме закранаецца «надзвычайны гвалт самай працяглай і найбольш адкрытай дыктатуры на эўрапейскім кантынэнце, якая без ваганьняў зьвяртаецца да катаваньняў і забойстваў сваіх палітычных апанэнтаў».
«Лісты» — гэта гісторыя сучаснай Беларусі, расказаная праз гісторыі людзей, якія перажылі зьняволеньне, рэпрэсіі і выгнаньне, — галасы, якія аўтарытарны рэжым прымусіў замаўчаць, — гаворыцца ў апісаньні фільма.
Кожная гісторыя ў фільме раскрывае асобны досьвед рэпрэсій. Сярод герояў бацька, які хаваецца ад сачэньня, каб пазьбегнуць арышту і разлукі з дачкой, былы крымінальны сьледчы, які ўцякае зь Беларусі, студэнтка Кася, асуджаная за ўдзел у пратэстах, якая выжывае дзякуючы маляваньню, 50-гадовы Вітольд Ашурак, палітзьняволены, які загінуў у турме (яго гісторыя разгортваецца праз фотаздымкі, дасланыя сябрам).
«Мы не разьлічвалі, што можам трапіць на такі фэстываль. Зараз увогуле нават няма ні хвіліны, бо працуем дзень і ноч. Усе мы ведаем, што ў сьвеце тры галоўныя кінафэстывалі — гэта Канскі, Вэнэцыянскі і Бэрлінскі. Таму мы маглі пра такое толькі марыць», — сказаў «Позірку» Андрэй Куціла.
Рэжысёр-дакумэнталіст адзначыў, што стваральнікі фільму хацелі б, каб «Лісты» пабачылі ў Эўропе і Амэрыцы, для гэтага карціну плянавалі рабіць сумесна з вядомымі заходнімі тэлеканаламі — нямецкімі Deutsche Welle, ZDF, француска-нямецкім Arte, польскім TVP.
«Мы, беларусы, добра ведаем, што ў нас адбываецца ўнутры. Мы самі адчуваем свой боль. А як дайсьці з нашай праблемай далей? Мастацкая форма ў пэўным сэнсе пашырае гэтыя магчымасьці. Мы думалі, што гэта можа дапамагчы людзям далёка па-за межамі краіны зразумець, што мы перажылі, што мы перажываем і што можа з намі быць у будучыні. І каб пазбавіцца ад гэтага стэрэатыпу, калі нас часта зьмешваюць з расейцамі ці атаясамліваюць з палітыкай Расеі ці нават палітыкай беларускага рэжыму», — сказаў Куціла.
Ён перакананы, што фільм змогуць убачыць і людзі ў Беларусі: «Не сёньня, канешне, а праз пэўны час, калі скончыцца фэстывальная дыстрыбуцыя».
Паказ фільма плянуецца таксама ў Польшчы.
Хто такі Андрэй Куціла
- Андрэй Куціла нарадзіўся ў 1983 годзе ў Баранавічах.
- У 2009 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Зьняў больш за 10 фільмаў, ляўрэат шэрагу міжнародных кінапрэмій.
- Заснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі.