Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі мы нічога ня зробім, то на нас на ўсіх паставяць крыж». Расказваем пра Беларускую незалежную кінаакадэмію


Воля Чайкоўская
Воля Чайкоўская

Беларускія творцы стварылі незалежную кінаакадэмію. Пагутарылі з сябрамі ініцыятыўнай групы Аляксеем Палуянам і Воляй Чайкоўскай пра тое, як прыйшла ідэя, якія задачы стаяць перад кінаакадэміяй і чаму яна цяпер важная.

Ідэя стварэньня Беларускай незалежнай кінаакадэміі зьявілася пасьля падпісаньня беларускай кінасупольнасьцю антываеннай заявы.

«Пачалося ўсё з антываеннай заявы, якую мы запусьцілі празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны. Я тады рыхтавала фэстываль «Паўночнае зьзяньне», і мы хацелі зрабіць калябарацыю з талінскім фэстывалем «Цёмныя ночы». У афіцыйным блёку мяне спыталі: «Чаму беларускія фільммэйкеры не выступаюць супраць вайны? Вы павінны абавязкова штосьці зрабіць!»

Я патэлефанавала Аляксею Палуяну, сказала пра ідэю антываеннай заявы: «Адбываецца гамон. Калі мы нічога не зробім, то на нас на ўсіх паставяць крыж, бо мы не выказаліся супраць вайны», — успамінае рэжысэрка, прадусарка, заснавальніца кінафэстывалю «Паўночнае зьзяньне» Воля Чайкоўская.

Супраць вайны падпісаліся больш за 130 чалавек зь беларускай кінасупольнасьці. Воля кажа, што ёй хацелася яшчэ больш аб’яднаць беларускіх творцаў.

«Лёша прапанаваў фармат кінаакадэміі. Мы запускалі статуты, пачалі запрашаць людзей у нашу ініцыятыўную групу. Запрасілі спачатку Ігара Сукманава і працавалі ўтраіх, а потым пачалі запрашаць іншых людзей, каб можна было б больш масавыя мазгавыя штурмы рабіць», — тлумачыць Воля.

У ініцыятыўную групу Belarusian independent film аcademy (BIFA) увайшлі: рэжысэрка Дар’я Жук, рэжысэры Аляксей Палуян і Андрэй Куціла, дырэктарка кінафэстывалю «Паўночнае зьзяньне» Воля Чайкоўская, кінаэкспэрт Ігар Сукманаў, кінакрытык Ірэна Кацяловіч.

«Для нас галоўная мэта — аб’яднаньне і лабіяваньне інтарэсаў беларускай кінасупольнасьці. Задача зрабіць так, каб беларускае кіно стала прыкметным, а таксама абарона беларускіх фільммэйкераў. Нам важна закладаць падмурак для разьвіцьця кінасупольнасьці, бо ад таго, наколькі яна аб’яднаная, узаемадзейнічае між сабой, залежыць посьпех нас як беларускай кінасупольнасьці наагул. Гэта можа быць падмурак інстытуцыі ў новай, свабоднай Беларусі», — мяркуе Воля Чайкоўская.

«Мы вас так даўно чакалі ў нашу эўрапейскую сям’ю кінаакадэмій»

Беларускі рэжысэр Аляксей Палуян, кажа, што ягоны асабісты імпульс неяк аб’яднаць беларускую кінасупольнасьць здарыўся пасьля затрыманьня праваабаронцы, арганізатаркі Міжнароднага фэстывалю дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека Watch docs Belarus Тацяны Гацуры-Яворскай.

«Мы пачалі з кінакрытыкамі і рэжысэрамі думаць, як пра гэта паўсюль крычаць; я пісаў у Эўрапейскую кінаакадэмію і іншае, хто якія кантакты меў, да таго і зьвярталіся. Тады я зразумеў упершыню, што ў нас няма ніякай інстытуцыі ці нават ініцыятывы, якая б хоць неяк магла абараняць правы. Ня дай Бог, затрымаюць рэжысэра, апэратара, актора — хто пра гэта крычыць? Хто тая сьцяна? Яе не было. І вось калі пачалася вайна, мы зразумелі, што надышоў час і трэба неяк гэты рэсурс выкарыстоўваць», — кажа рэжысэр Аляксей Палуян.

Стварэньне Беларускай незалежнай кінаакаадэміі падтрымаў дырэктар Эўрапейскай кінаакадэміі.

«Матывацыю вялікую нам даў дырэктар Эўрапейскай кінаакадэміі. Мы ў верасьні з Воляй зь ім стэлефанаваліся, і ён быў настолькі апантаны нашай ідэяй, сказаў: „Мы вас так даўно чакалі ў нашу эўрапейскую сям’ю кінаакадэмій“. Ён нам вельмі шмат даў энэргіі. Мы зразумелі, што калі ўжо на такім высокім узроўні нас падтрымліваюць, то трэба гэта рабіць», — кажа рэжысэр.

Аляксей Палуян
Аляксей Палуян

Беларуская незалежная кінаакадэмія абвесьціць свой статут на фэстывалі Бэрлінале.

«Я вельмі рады, што мы гэта робім. Я чую водгукі ад людзей зь іншай супольнасьці, як людзі радуюцца, што гэта адбываецца, як гэта важна, як гэта своечасова. Міністарка культуры Нямеччыны прыйдзе на прэзэнтацыю. Мы маем ужо нейкую каштоўнасьць, што нас ужо заўважылі. Ніколі падчас Бэрлінале не было беларускага стэнду, гэта будзе ўпершыню. Мы становімся заўважнымі ў сьвеце кіно», — кажа Аляксей.

Мэтамі кінаакадэміі зьяўляюцца аб’яднаньне незалежных беларускіх кінэматаграфістаў, пашырэньне інфармацыі пра іх дзейнасьць і сытуацыю ў Беларусі.

Цяпер важна наладжваць працэсы так, каб эўрапейскія прадусары заўважылі беларускіх аўтараў і пачалася супраца, тлумачыць Аляксей.

«Мастацкае кіно патрабуе вялікіх бюджэтаў, і, каб гэтыя сродкі атрымаць, мусіць быць пэўная ступень даверу. Мы зараз шукаем пляцоўкі, думаю, што фэстываль у Карлавых Варах будзе наступны пасьля Бэрлінале. Мы размаўляем з дырэктарам фэстывалю, каб зрабіць прэзэнтацыю новых беларускіх мастацкіх праектаў. Яшчэ нам трэба зразумець, як уключыць Беларусь у сьпіс краінаў, якія могуць атрымліваць фінансаваньне на свае праекты Creative Europe — гэта вялікая сыстэма падтрымкі кінапраектаў ад Эўрапейскага парлямэнту».

Цяпер ініцыятыўная група кінаакадэміі пачала сустрэчы з прадстаўнікамі Эўрапарлямэнту, адказнымі за культуру.

«Яшчэ нашыя мэты: спрыяць магчымасьцям адукацыі беларусаў у галіне кіно і супрацьстаяць цэнзурным абмежаваньням і забаронам, адстойваць мастацкую свабоду і правы аўтараў на адлюстраваньне разнастайных зьяў нашага сьвету, — тлумачыць Аляксей Палуян. — Самая галоўная мэта — аб’яднацца, каб мы былі як адна агульная каманда, бо калі мы гэта ня зробім, то за нас ніхто ня зробіць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG