Фільм вядомага беларускага рэжысэра Аляксея Палуяна «Інкубатар», адзначаны прызам Berlinale Talents Lab Awards. Уручэньне ўзнагароды адбылося падчас кінафэстывалю ў Канах, Францыя.
«Вельмі рады паведаміць, што „Інкубатар“ атрымаў узнагароду Berlinale Talents Lab Awards! Першы раз у Канах і таксама першая ўзнагарода для майго новага праекта, уручаная культавым рэжысэрам Том Тыкверам», — напісаў Палуян у Фэйсбуку.
Як паведаміла выданьне Hollywood reporter, праекты маладых рэжысэраў Марсэля Белтрана, Субарны Даш і Аляксея Палуяна журы абрала з 18 заявак. Кожны пераможца атрымлівае грант у памеры 5000 эўра, а таксама падтрымку для ўдзелу ў Канскім кінафэстывалі, які цяпер праходзіць.
Прэмія арганізаваная міжнароднай незалежнай прадзюсарскай кампаніяй і фінансавай арганізацыяй Gold Rush Pictures (GRP) у партнэрстве з Berlinale Talents, праграмай разьвіцьця кінэматаграфістаў Бэрлінскага міжнароднага кінафэстывалю.
Выданьне гэтак прэзэнтуе фільм «Інкубатар» Аляксея Палуяна:
«Яскравы і глыбока чалавечы партрэт Аляксея Палуяна пра жанчыну, якую палітычныя і эканамічныя рэаліі, якія знаходзяцца па-за яе кантролем, штурхаюць да краю. Палітыка і каханьне перасякаюцца, фільм прасочвае шлях, адзначаны стойкасьцю, душэўным болем і немагчымым выбарам, які вымушаны рабіць жанчыны ў экстрэмальных умовах. Яго сапраўднасьць і актуальнасьць уразілі нас. Ён абяцае быць адначасова глыбока інтэнсіўным, эпічным і ўнівэрсальным па сваёй тэме. „Інкубатар“ мае глыбокі рэзананс і мае патэнцыял ператварыць жыцьцёвы досьвед у магутнае кіно».
Як піша Reform, фільм «Інкубатар» — гэта вострая драма на стыку дзьвюх трагедый. Галоўная гераіня, 35-гадовая беларуска Марыя, становіцца сурагатнай маці ва Ўкраіне, каб сабраць грошы на вызваленьне свайго мужа Віктара, асуджанага ў Беларусі на 9 гадоў па палітычных матывах. Аднак пляны жанчыны руйнуюцца з пачаткам поўнамаштабнай вайны: Марыя разам з нованароджаным дзіцем, якое прызначалася для нямецкай пары, апынаецца ў зоне баявых дзеяньняў.
- Аляксей Палуян — беларускі кінарэжысэр дакумэнтальных і мастацкіх фільмаў, удзельнік міжнародных кінафэстываляў.
- Ад 2012 году жыве і працуе ў Нямеччыне, дзе скончыў Акадэмію мастацтваў.
- Ягоны дакумэнтальны фільм «Courage» пра беларускія пратэсты уваходзіў у афіцыйную праграму Бэрлінскага кінафестывалю і атрымаў шэраг міжнародных узнагарод, а таксама быў намінаваны на кінапрэмію «Оскар».