Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі стварылі ўласную кiнапрэмію «Чырвоны верас»


Восеньню 2021 году прадстаўнікі беларускай кінапрэсы стварылі спэцыялізаваную прэмію «Чырвоны верас».

Яе мэта — вызначыць і ўзнагародзіць найлепшыя стужкі, створаныя беларускімі аўтарамі за апошнія 2 гады, паведамляе marketing.by.

Галасаваньне пройдзе па 13 намінацыях:

  1. Найлепшы поўнамэтражны гульнявы фільм.
  2. Найлепшы кароткамэтражны гульнявы фільм.
  3. Найлепшы поўнамэтражны дакумэнтальны фільм.
  4. Найлепшы кароткамэтражны дакумэнтальны фільм.
  5. Найлепшы анімацыйны фільм.
  6. Найлепшы рэжысэр.
  7. Найлепшы актор.
  8. Найлепшая акторка.
  9. Найлепшая праца апэратара.
  10. Найлепшы сцэнар.
  11. Найлепшае мастацкае рашэньне (праца мастака-пастаноўшчыка).
  12. Найлепшае музычнае афармленьне.
  13. Адкрыцьцё году.

Арганізатары прэміі — чацьвёра журналістаў: Ірэна Кацяловіч, Дар’я Амяльковіч, Максім Карпіцкі і Тарас Тарналіцкі. Дызайн прэміі стварыў прадпрымальнік і рэжысэр Іван Масьлюкоў.

Вырашаць лёс стужак будзе пашыраны склад журы, у які, апроч сябраў аргкамітэту прэміі, увайшлі вядомыя журналісты, кіназнаўцы, дасьледчыкі і блогеры, якія займаюцца тэмай кіно: Максім Жбанкоў, Ігар Сукманаў, Ірына Дзям’янава, Андрэй Расінскі, Антон Каляга, Ульяна Будзік, Юры Кастузік, Галіна Шур, Вольга Раманава і г.д. — усяго 18 асобаў, падрабязны сьпіс апублікуюць пазьней. Галасаваньне будзе праходзіць онлайн пасьля заканчэньня прыёму заявак.

«Прэмія супольнасьці беларускай кінакрытыкі мусіла нарадзіцца ў больш спрыяльны для нашага кіно час, але штуршком для яе заснаваньня сталі беспрэцэдэнтныя культурныя рэпрэсіі ў краіне. Ліквідацыя кампаній, якія садзейнічалі зьяўленьню і папулярызацыі беларускага (незалежнага) кіно, зьмяненьне выпрацаванай у папярэднія гады канцэпцыі Менскага міжнароднага кінафэстывалю „Лістапад“ (у сувязі са зьменай арганізатара паводле рашэньня Мінкульту) выносяць працу беларускіх кінэматаграфістаў на абочыну культурных працэсаў. У пошуках выйсьця з сытуацыі і ў мэтах падтрымкі беларускага (незалежнага) кінэматографу супольнасьць беларускіх кінакрытыкаў вырашыла заснаваць прэмію „Чырвоны верас“», — зазначае аргкамітэт прэміі.

Падаваць заяўкі ў якасьці прэтэндэнтаў на прэмію запрашаюцца аўтары каротка- і поўнамэтражных гульнявых, дакумэнтальных і анімацыйных фільмаў, прэм’ера якіх адбылася паміж пачаткам 2019 і канцом 2020 году.

Для ўдзелу неабходна запоўніць адмысловую форму. Тэрмін падачы заявак — з 21 кастрычніка да 21 лістапада 2021 году ўключна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG