Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад удакладніў парадак стварэньня падразьдзелаў для абароны дзяржаўных сакрэтаў. Што зьмянілася

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў парадак стварэньня і дзейнасьці асобных падразьдзелаў для абароны дзяржаўных сакрэтаў у дзяржаўных органах і арганізацыях па-за межамі Беларусі.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, падпісанай прэм’ерам Аляксандрам Турчынам, такія падразьдзелы ствараюць пры ўзгадненьні з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі і яго абласнымі ўпраўленьнямі, упраўленьнем вайсковай контравыведкі КДБ — ва Ўзброеных сілах, органах памежнай службы, унутраных войсках Міністэрства ўнутраных справаў, іншых войсках і вайсковых фармаваньнях.

У той жа час адзначаецца, што начальнік такога падразьдзелу падпарадкоўваецца кіраўніку дзяржаўнага органу, у структуры якога ён будзе створаны.

Сярод асноўных задачаў такога падразьдзелу:

  • арганізацыя і кантроль за абаронай дзяржаўных таямніц;
  • арганізацыя і вядзеньне сакрэтнага справаводзтва;
  • арганізацыя і вядзеньне наданьня допуску да дзяржаўных сакрэтаў.


Штатны лік такіх падразьдзелаў будзе залежаць ад колькасьці падпарадкаваных арганізацыяў, імавернага аб’ёму сакрэтнага справаводзтва, ліку аб’ектаў інфарматызацыі і іншых абставінаў.

Кандыдатуру на пасаду кіраўніка «сакрэтнага» падразьдзелу будуць узгадняць з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі. Прэтэндэнты будуць праходзіць сумоўе ў КДБ.

У пастанове ўраду адзначаецца, што дзяржаўныя органы могуць выкарыстоўваць дзяржаўныя сакрэты і без стварэньня ў сваёй структуры асобнага падразьдзелу. Але ў такіх выпадках дзяржаўныя органы павінны падпісаць дамову зь іншымі дзяржаўнымі органамі або арганізацыямі, якія маюць адпаведныя паўнамоцтвы.

Што папярэднічала і што зьмянілася

Такія падразьдзелы ў Беларусі пачалі ствараць выбарачна яшчэ ў канцы 1990-х гадоў, але ўжо ў 2003 годзе кантроль за іх стварэньнем пераняў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. Ад 2010 году такія падразьдзелы павінны мець усе дзяржаўныя структуры.

Як вынікае зь цяперашняй урадавай пастановы, улады скарацілі з 10 да 5 дзён тэрмін, цягам якога староньнія арганізацыі, што арганізуюць кантроль за абаронай дзяржаўных сакрэтаў, павінны паведаміць аб форс-мажоры і ў выніку немагчымасьці выконваць свае абавязкі ў гэтай сфэры.

Чаму гэта важна

Такія падразьдзелы ствараюць, каб перадухіліць выцек сакрэтнай інфармацыі і забясьпечыць кантроль за рэжымам сакрэтнасьці ў дзяржаўных органах.

Пасьля 2020 году і пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны для ўладаў гэта стала асабліва важнай задачай — шэраг беларускіх актывістаў і арганізацыяў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, пэрыядычна публікуюць унутраныя дакумэнты дзяржаўных органаў, у тым ліку аб падтрымцы ўладамі Беларусі агрэсіі Расеі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG