Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі беларускую суполку «Кібэрпартызаны» і пра-украінскую хакерскую групу Silent Crow прызналі экстрэмісцкімі арганізацыямі

Кібэрпартызаны ўзламалі сайт Гомельскай праўды да дня Волі 25 Сакавіка 2024 году
Кібэрпартызаны ўзламалі сайт Гомельскай праўды да дня Волі 25 Сакавіка 2024 году

Суполка «Кібэрпартызаны» і Silent Crow былі датычныя да ўзлому IT-інфраструктуры расейскай авіякампаніі «Аэрофлот».

Беларуская група актывістаў «Кібэрпартызаны BY», а таксама група Silent Crow прызнаныя Вярхоўным судом Расеі экстрэмісцкімі арганізацыямі, перадае расейская агенцыя interfax.ru.

Рашэньне на закрытым працэсе ў Маскве ўхвалілі на ініцыятыву Генпракуратуры Расеі: суд прызнаў групы «Кібэрпартызаны BY» і Silent Crow экстрэмісцкімі арганізацыямі і забараніў іх дзейнасьць на тэрыторыі Расеі.

Суд Расеі прызнаў, што гэтыя групы цесна супрацоўнічаюць паміж сабой і ажыцьцяўляюць сумесныя кібэратакі на аб’екты інфармацыйных структур Расеі і Беларусі «для дэстабілізацыі сацыяльнай і палітычнай абстаноўкі ў мэтах зьмены дзеючай дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Паводле расейскіх сілавікоў гэтыя групы нібыта датычныя да кібэратак на крытычную інфраструктуру і дзяржустановы Расеі.

Вядома, што ў чэрвені 2025 году «Кіберпартызаны BY» і Silent Crow правялі атаку на расейскую авіякампанію «Аэрофлот», у выніку якой была скампрамэтаваная і зьнішчаная ўнутраная IT-інфраструктура. «Аэрофлот» тады вымушаны быў адмяніць частку рэйсаў. Таксама «Кібэрпартызаны» неаднаразова атакавалі сайты беларускіх дзяржаўных устаноў і кампаній, у тым ліку атрымалі доступ да важных зьвестак.

У Беларусі яшчэ ў 2021 годзе Вярхоўны суд прызнаў тэрарыстычнай нефармальную арганізацыю «Супраціў», а таксама ініцыятывы «Кібэрпартызаны», «Дружыны народнай самаабароны — ДНС», «Буслы ляцяць», якія ўваходзяць у яе. У абгрунтаваньні рашэньня Вярхоўны суд Беларусі таксама заявіў, што іх асноўнай мэтай якой зьяўляецца зьмена канстытуцыйнага ладу.

Хто такія «Кібэрпартызаны»

«Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная супольнасьць ананімных хакераў, зьявілася ў верасьні 2020 году ў адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.

Яны атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы дзяржаўных установаў і сілавых структураў Беларусі, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньню ў адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG