Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі тыдня: «Паездка ў Расею — гэта рулетка са сьмерцю»

Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч, гісторык і палітоляг Роза Турарбекава. Ілюстрацыйны каляж
Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч, гісторык і палітоляг Роза Турарбекава. Ілюстрацыйны каляж

Беларусь на парозе новых пагрозаў? Вынікі тыдня

Як поўнамаштабная вайна прыйшла ў беларускія дамы? Што стаіць за атакай на аўтобус зь беларускімі дзецьмі на Браншчыне? Хто найбольш выйграў ад падпісаньня пагадненьня паміж Ірана і ЗША і ці змогуць улады Беларусі спрычыніцца да праграмаў аднаўленьня Ірану? Чаму беларусы страцілі доступ да сучасных заходніх лекаў? У «ПіКу Свабоды» падсумоўваем падзеі тыдня з палітолягам і гісторыкам Розай Турарбекавай, палітычным аналітыкам Ігарам Тышкевічам і прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінэту доктарам Станіславам Салаўём.

Глядзіце размову на відэа цалкам

0:26 Што стаіць за атакай на аўтобус зь беларускімі дзецьмі на Браншчыне? Адказвае палітоляг і гісторык Роза Турабекава
20:45 Ад правакацыяў да перамоваў. Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч ацэньвае новы этап вайны
35:37 У чым галоўныя праблемы беларускай мэдыцыны. Адказвае прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту доктар Станіслаў Салавей

Тут фрагмэнты дыскусіі

— Напад на аўтобус адбыўся пасьля таго, як Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрвію, што вайна можа быць скончана ў гэтым годзе, і папрасіў прабачэньня ў прэзыдэнта Зяленскага. Ці можа быць нейкім чынам зьвязаны інцыдэнт з аўтобусам з гэтай заявай?

Роза Турарбекава: Нават заявы ўкраінскага боку, у тым ліку прэзыдэнта Зяленскага, пра магчымыя спробы ўцягнуць Беларусь у вайну сьведчылі аб тым, што падобныя сцэнарыі разглядаліся. Страшна тое, што гэта ўжо адбылося. Яшчэ больш трывожна думаць пра будучыню, таму што я не ўпэўненая, што гэта апошні інцыдэнт такога кшталту, накіраваны супраць беларускіх грамадзян. Не дай Божа, каб наступнымі мэтамі сталі аб’екты на тэрыторыі Беларусі... У мяне ўзьнікае пытаньне, наколькі небясьпечнай становіцца гэтая гульня. Напад на аўтобус з беларускімі грамадзянамі можа быць першым сыгналам таго, што падобныя выпадкі могуць паўтарыцца. Я вельмі спадзяюся, што гэтага не адбудзецца і што беларускія дзяржаўныя органы зробяць неабходныя высновы. Магчыма, дастаткова было б нават таго, каб Лукашэнка адкрыта сказаў людзям нікуды не выяжджаць. Але не факт, што гэта будзе зроблена. Таму я разглядаю гэты выпадак як вельмі трывожны сыгнал.

— Чаму Лукашэнка публічна папрасіў прабачэньня ў Зяленскага?

Роза Турарбекава: На мой погляд, гэта сьведчыць пра тое, што для Лукашэнкі стала відавочным узмацненьне баяздольнасьці Ўзброеных сіл Украіны і іх здольнасьць дасягаць самых аддаленых і ўразьлівых кропак на тэрыторыі Расеі. І ўзьнікае пытаньне: што можа перашкодзіць Украіне дзейнічаць падобным чынам адносна Беларусі? Тым больш што Беларусь даволі сурʼёзна ўцягнутая ў вайну, хоць і не праз прамое выкарыстаньне сваіх узброеных сіл. На беларускай тэрыторыі вырабляецца прадукцыя абароннага прызначэньня, паліва для расейскай арміі, аказваюцца розныя паслугі. Да гэтага дадаюцца разьмяшчэньне ракетных сыстэм, выкарыстаньне беларускай тэрыторыі для ўварваньня ва Ўкраіну, а таксама работа сыстэм, якія дапамагаюць расейскім дронам дзейнічаць супраць Украіны.

Лукашэнка разумее перавагу Украіны ў тэхналёгіях бесьпілётнікаў і ўвогуле паважае сілу. Для яго рэсурсы і сіла заўсёды важнейшыя за іншыя фактары. Таму ён і зьмяніў рыторыку, у тым ліку папрасіў прабачэньня ў Зяленскага. Гэта выглядае як рэакцыя на сурʼёзныя папярэджаньні з украінскага боку.

Ігар Тышкевіч: Гэта ня першы раз, калі зьмяняецца рыторыка Лукашэнкі. Хачу нагадаць сярэдзіну і канец 2022 года, калі Зяленскі стаў для Лукашэнкі ўжо Уладзімірам Аляксандравічам, прэзыдэнтам і гэтак далей. Фактычна пасьля кожнага посьпеху Ўкраіны рыторыка мяняецца. Я б паглядзеў крыху шырэй. Лукашэнка мяняе рыторыку на больш лагодную, больш міралюбівую адносна тых дзяржаў, з якімі з розных прычын трэба адбудоўваць дыялёг ці хаця б кансультацыі. Украіна — гэта важны напрамак, з якім давядзецца размаўляць. Адпаведна, рыторыка Лукашэнкі зьмяняецца.

— А ці ёсьць прыкметы таго, што яго выбачэньні ва Ўкраіне пачулі і прынялі хаця б часткова?

Ігар Тышкевіч: Прабачце, але наконт таго, што выбачэньні прынялі і расчуліліся душой, давайце будзем дарослымі людзьмі. Рыторыка — гэта сыгнал. Прынялі ці не прынялі — гэта вынік публічных або непублічных кансультацый і размоў. Таму трэба адрозьніваць сыгналы ад таго, што адбываецца на практыцы. Калі мы гаворым пра кантакты, то кантакты паміж украінскім і беларускім бокам ёсьць. Кантактныя лініі хуткай сувязі ёсьць. Нават падчас той самай трагедыі сьведчаньнем гэтага стаў хуткі званок Дзьмітрыя Лубінца ( упаўнаважанага па правах чалавека Вярхоўнай Рады Украіны — РС) ў Менск. Калі б не было канала, па якім можна хутка зьвярнуцца і атрымаць адказ, гэта было б тэхнічна немагчыма. Таму каналы ёсьць, размова, верагодна, таксама ёсьць. Ці прынялі выбачэньні — пытаньне не ў выбачэньнях. Пытаньне ў тым, як выбудоўваць рэжым суіснаваньня цяпер і што рабіць у будучыні. Ці пачулі два бакі адзін аднаго і ці перайшла размова ў практычную плоскасьць — пра гэта мы даведаемся праз некалькі месяцаў.

— На фоне штодзённых ахвяр сярод цывільнага насельніцтва ва Ўкраіне з пачатку поўнамаштабнай вайны інцыдэнт зь беларускімі дзецьмі выглядае як маленькая трагедыя, бо ўкраінская трагедыя значна большая. Які гэта сыгнал для беларусаў, у тым ліку для тых, хто дагэтуль не баіцца езьдзіць адпачываць у Расею фактычна праз прыфрантавыя тэрыторыі?

Ігар Тышкевіч: Гэта вельмі просты сыгнал: паездка ў Расею — гэта рулетка са сьмерцю. І ўсё. Гэта не азначае, што нехта адмыслова цэліцца ў цывільных. Тут ёсьць некалькі складнікаў. Давайце паглядзім кадры ўчарашняй атакі на Маскву. Па-першае, так званая крышка рэзэрвуара, якая ўзьляцела. Калі паглядзець з розных ракурсаў, бачна, што гэта ўласная ракета расейскага ракетнага комплексу, якая не туды трапіла. Ёсьць кадры, дзе дрон зьбіваюць над гандлёвым цэнтрам. Ён падае на гандлёвы цэнтр і выбухае. У гандлёвым цэнтры маглі быць цывільныя людзі.

Калі людзі едуць па трасе недалёка ад украінскай мяжы або ў бок лініі фронту, на дарозе можа быць украінскі ўдар. Вы абганяеце вайсковую машыну, па ёй прылятае дрон. Калі ў машыне быў боезапас і ён здэтанаваў, то ў радыюсе пяцідзесяці мэтраў верагоднасьць загінуць проста калясальная. Тое самае з бэнзавозам. Таму калі людзі вырашаюць рызыкаваць сваім жыцьцём — гэта іх права. Калі яны рызыкуюць жыцьцём сваіх дзяцей — гэта ўжо пад пытаньнем. Калі арганізатары рызыкуюць жыцьцём іншых людзей — гэта ўжо пытаньне да арганізатараў.


«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG