Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі тыдня: Таемныя перамовы з Лукашэнкам. Вызваленьняў ня будзе? Беларусь у лісьце Зяленскага Пуціну

Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Зяленскі, вайна, ліст Пуціна. Вынікі тыдня. Ілюстрацыйны каляж.
Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Зяленскі, вайна, ліст Пуціна. Вынікі тыдня. Ілюстрацыйны каляж.

Чаму Зяленскі згадвае Беларусь у лісьце да Пуціна? Ці пачаў Эўразьвяз перамовы з афіцыйным Менскам? Што азначае для Беларусі разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Літве? Што стаіць за вучэньнямі сілавікоў па ўсёй Беларусі? За што насамрэч арыштоўвалі Хлястова?

У «ПіКу Свабоды» падсумоўваем галоўныя падзеі гэтага тыдня. У нашым эфіры палітычны аглядальнік Юры Дракахруст, літоўскі вайсковы экспэрт Дарус Антанайціс, прадстаўнік BelPOL Уладзімер Жыгар і музыказнаўца Аляксандар Чарнуха.

Глядзіце дыскусію на відэа цалкам

0:00 Падзеі тыдня: коратка
0:46 Беларусь у звароце Зяленскага да Пуціна. Юры Дракахруст
11:22 «Вакно Трампа» для беларускага калію
27:00 Калі Літва разьмесьціць ядзерную зброю. Дарус Антанайціс,
34:56 Чаму міліцыянтаў зноў трэніруюць на разгон людзей. Уладзімер Жыгар
43:25 Хлястова выпусьцілі. У якой атмасфэры жывуць музыкі? Аляксандар Чарнуха

Тут фрагмэнты размовы з Юрыем Дракахрустам

— Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі апублікаваў адкрыты ліст расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну, у якім прапанаваў сустрэцца і скончыць вайну ў фармаце «паміж намі і вамі». «Вы хочаце ўцягнуць яшчэ больш у вайну Беларусь, і зараз мы вымушаны рыхтавацца яшчэ і да гэтага», напісаў Зяленскі. Юры, які беларускі кантэкст ліста Зяленскага Пуціну?

— Зяленскі ўжо неаднойчы апошнім часам гаварыў пра пагрозу распаўсюджваньня баявых дзеяньняў на Беларусь, пра тое, што з тэрыторыі Беларусі могуць быць нанесеныя ўдары па Украіне. У дадзеным выпадку ён гэта паўтарыў.

Дарэчы, у гэтым лісьце ён кажа пра далёкія пляны Расеі — пра 2027 і 2028 гады вайны. Не выключана, што, калі Зяленскі гаворыць пра Беларусь, пра яе ўдзел і ўцягваньне ў вайну, ён мае на ўвазе менавіта гэтыя доўгатэрміновыя расейскія стратэгічныя пляны. Бо цяпер ні ўкраінскія, ні заходнія назіральнікі ня бачаць у Беларусі канцэнтрацыі расейскіх войскаў або тэхнікі. Але магчыма, што Расея сапраўды мае далёкасяжныя пляны, зьвязаныя з грунтоўнай падрыхтоўкай новага ўварваньня з боку Беларусі. Магчыма, менавіта пра гэта Зяленскі казаў і раней, і цяпер зноў згадаў у сваім лісьце. Гэты ліст фактычна тычыцца стратэгічных пытаньняў. І Беларусь у ім можа разглядацца як адзін з элемэнтаў расейскай стратэгіі.

— У траўні чакаўся візыт спэцпасланьніка ЗША Джона Коўла ў Беларусь і адпаведна вызваленьне новай групы палітвязьняў, якое паабяцаў Коўл. Што можа адбываецца ў непублічных перамовах паміж афіцыйным Менскам і прадстаўнікамі прэзыдэнта Трампа?

— Але ёсьць яшчэ адна публічная лінія, якая можа ўплываць на гэтыя перамовы. Гэта заява Марка Рубіё пра тое, што Злучаныя Штаты бяруць паўзу ў расейска-ўкраінскіх перамовах. Яны пакуль устрымліваюцца ад актыўных намаганьняў па прымірэньні Кіева і Масквы. Гэта азначае, што кантакты паміж Вашынгтонам і Масквой скарачаюцца або прыпыняюцца. І ў Маскве маглі падумаць: як гэта будзе выглядаць, калі кантакты Расеі і Злучаных Штатаў замарожваюцца, а кантакты Менска і Вашынгтона, наадварот, разьвіваюцца? Гэта выглядае ня вельмі добра з пункту гледжаньня Крамля. Лукашэнка гэта разумее. І я думаю, што гэта галоўная прычына таго, чаму з візытам Джона Коўла не ўсё ідзе гладка. Калі перамовы паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй замарожаныя, то Лукашэнку вельмі рызыкоўна дзейнічаць насуперак пазыцыі Масквы. Таму я не выключаю, што ён крыху дыстанцыянаваўся.

З іншага боку, на мой погляд, ёсьць цікавы момант. Злучаныя Штаты паказалі, што не зьбіраюцца абмяжоўвацца толькі добразычлівымі жэстамі ў адносінах да Лукашэнкі. Я маю на ўвазе інфармацыю, якую агучыў сам Джон Коўл пра сваю размову са Сьвятланай Ціханоўскай. Раней пра такія кантакты публічна не паведамлялася, нават калі яны і адбываліся. Таму я думаю, што гэта было зроблена невыпадкова. Тое, што Коўл сам агучыў гэты кантакт, — частка перамоўнай тактыкі. Гэта сыгнал: мы можам дзейнічаць не толькі праз добразычлівыя прапановы. Гэта не азначае, што заўтра Трамп прыме Ціханоўскую. Не. Але гэта сыгнал Менску: ня толькі нам патрэбныя гэтыя перамовы, яны патрэбныя і вам. Калі вы зацягваеце працэс, то і мы можам яго зацягнуць.

Тут ёсьць і пэўны элемэнт тролінгу ў бок Лукашэнкі. Маўляў, спадар Лукашэнка, вы ж самастойны кіраўнік дзяржавы? Ці ўсё ж Пуцін дыктуе вам, што рабіць? Для Лукашэнкі гэта не вельмі прыемны пасыл. І цяпер гэты элемэнт ціску, відавочна, прысутнічае.

— Такое разьвіцьцё падзей можа моцна расчараваць палітычных зьняволеных, іх родных, былых палітвязьняў. І Дональд Трамп казаў пра вызваленьне вялікай колькасьці палітвязьняў, і Джон Коўл гэта абяцаў. Ці можа гэты працэс проста спыніцца?

— Так, можа. У рэшце Лукашэнка не даваў ніякіх гарантый, што абавязкова будзе вызваляць людзей. Калі для амэрыканцаў зьнікне сэнс у перамовах з Лукашэнкам, то ня будзе ні вызваленьняў, ні іншых крокаў насустрач. Але я ўсё ж думаю, што Лукашэнку цікава працягваць гэты працэс. Нават рызыкуючы пэўнымі канфліктамі з Масквой, яму, напэўна, хацелася б зьезьдзіць у Злучаныя Штаты, сустрэцца з Трампам, паціснуць яму руку, пагаварыць пра свае праблемы, паскардзіцца на жыцьцё, на Пуціна, на беларусаў — на ўсё што заўгодна. Таму я не думаю, што ўсё раптам цалкам спыніцца.

У мінулым годзе таксама былі даволі вялікія паўзы паміж візытамі. І тады многія казалі: усё скончылася, гэта больш нікому не цікава. Але працэс працягнуўся. Мне здаецца, што ў стратэгічным сэнсе гэтая лінія па-ранейшаму цікавая Злучаным Штатам.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG