Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпявак і таксіст Аляксей Хлястоў выйшаў на волю пасьля двух тыдняў арышту

Аляксей Хлястоў, архіўнае фота
Аляксей Хлястоў, архіўнае фота

Відэа зь ім апублікавала ў Інстаграме ягоная жонка Алена адразу пасьля сустрэчы яго зь вязьніцы.

Аляксея Хлястова затрымалі 21 траўня і асудзілі на 14 содняў арышту, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве.

Музыказнаўца і аўтар каналу «Міністэрства сэпультуры» Аляксандар Чарнуха лічыць, што Хлястова маглі пакараць праз залішнюю публічнасьць:

«Мне падаецца, што Аляксей занадта моцна публічна выступіў і распавёў пра сябе і пра тое, што зь ім здарылася пасьля 2020 году — пра кэнсэлінг. Хаця ён наўпрост і не казаў, што гэта рэжым зь ім такое зрабіў, але ўсе ўсё зразумелі. Плюс ягоная гісторыя дастаткова шчырая. Тое, што былы вядомы музыка зараз працуе ў таксі, вельмі віральна спрацавала ў Threads і іншых сацсетках. Таму людзі сапраўды пачалі яму спачуваць і неяк падтрымліваць — а гэта заўсёды праява салідарнасьці, якую ўлады ня вельмі любяць».

Аляксандар Чарнуха называе Аляксея Хлястова рамантыкам і клясычным прадстаўніком беларускай эстрады.

«Ягоныя песьні скіраваныя на дастаткова шырокую аўдыторыю. Не магу сказаць, што яны сапраўды сучасныя ці якасныя, але гэта тое, што трапляла ў шмат каго з беларусаў.

Некаторыя песьні сапраўды любяць і ведаюць. Гэта паказала і тое, што калі ён пачаў публічна пісаць пра сваю працу ў таксі, шмат хто пачаў прыгадваць і слухаць ягоныя песьні, узгадваць: „А, дык гэтую песьню Аляксея Хлястова я чуў па радыё ці бачыў па тэлебачаньні!“.

То бок гэтыя песьні існавалі самі па сабе. Як часта здараецца з прадстаўнікамі беларускай эстрады: песьні нехта ведае, а самога сьпевака — не заўсёды. І тут, мне падаецца, спрацавала ўсё разам — і Аляксей Хлястоў стаў сымбалем таго, што зараз адбываецца ў беларускай музыцы і ў Беларусі агулам».

Мэдыямэнэджар Кірыла Валошын ня выключыў, што Аляксея Хлястова маглі затрымаць за «шчырае інтэрвію» Youtube-праекту OPUSHKA, у якім той расказаў, як у 2021 годзе яго «патаемна» пазбавілі права выступаць на сцэне і ён мусіў пайсьці працаваць у таксі.

Раніцай 22 траўня на старонцы Аляксея Хлястова ў Instagram зьявіўся відэазапіс, у якім ён сказаў, што «знаходзіцца на прафіляктычнай гутарцы» ўжо трэці раз. Паводле яго, факт апублікаваньня гэтага відэа сьведчыць, што ён ня дома і не на працы.

«Першы раз мяне выклікалі ў ДАІ за нібыта парушэньне правілаў дарожнага руху, бо браў тэлефон падчас руху. І там мяне запрасілі прадстаўнікі ГУБАЗіК на вуліцу Рэвалюцыйную, 3. Там была зусім незразумелая размова, на што я нічога ня змог адказаць. У пятніцу я выйшаў, у панядзелак мне патэлефанавалі і папрасілі прыехаць у ГУУС. Я туды таксама прыехаў, самастойна. Цяпер мяне запрасілі на Партызанскі праспэкт, 6, транспартная міліцыя», — сказаў ён.

Аляксей Хлястоў падкрэсьліў, што не рабіў ніякіх неправамерных і незаконных дзеяньняў, і папрасіў распаўсюдзіць яго відэазапіс, каб яго маглі абараніць.

Што Хлястоў сказаў у інтэрвію

Праект OPUSHKA апублікаваў 30-хвілінны фільм з удзелам Аляксея Хлястова 3 траўня 2026 году.

«Я жыў дзякуючы сцэне і публіцы. Цяжка адчуць, што ты ня можаш працягваць працу на сцэне. Давайце назавем гэта „пакараньнем сьмерцю“. Было цяжка, сцэны не хапае», — сказаў сьпявак.

Хлястоў кажа, што пачаў працаваць у таксоўцы ў траўні 2025 году. Але ён плянуе вярнуцца ў сваю прафэсію. Пэўны час, як ён прызнаўся, ён называў сябе «таксістам-артыстам».

«З канца 2021 году ў мяне зьнікла магчымасьць выступаць, канцэртаваць. Мяне як артыста, як выкладчыка нельга было наймаць. Адбылося „скасаваньне“ на пэўным узроўні. Я адпраўляў у розныя кампаніі рэзюмэ розных прафэсіяў — і як выкладчык, і як прадусар, і як арт-мэнэджар, як арт-дырэктар, але мне ветліва тлумачылі, што ня могуць мяне ўзяць, і на гэта ёсьць пэўныя прычыны», — расказаў ён.

І калі, паводле яго, сям’я пачала выкарыстоўваць фінансавую «падушку», ён вырашыў паспрабаваць працаваць у таксі. Цяпер у таксі працуе і ягоны сын.

Аляксей Хлястоў адзначыў, што займеў вялікую падтрымку, калі пачаў выкладваць у сацыяльных сетках кароткія відэазапісы, на якіх ён сьпявае за стырном.

У інтэрвію не было ніякай крытыкі на адрас уладаў Беларусі.

Што вядома пра Аляксея Хлястова

Аляксей Хлястоў нарадзіўся 23 красавіка 1976 году ў Менску. Ён пачаў сьпяваць у дзяцінстве, скончыў музычную школу. Сьпяваў у вельмі папулярным дзіцячым ансамблі «Равесьнік» разам з сваім братам, таксама сьпеваком Андрэем.

У 1993 годзе на другім рэспубліканскім конкурсе маладых выканаўцаў Менску Аляксей атрымаў прыз глядацкіх сымпатыяў. Удзельнічаў у «Славянскім базары», працаваў у студыі «Сябры», выступаў у дуэце з сваім братам Андрэем.

З канца 1996 году працаваў у Бахрэйне. Вярнуўся ў Беларусь у 2003 годзе і амаль адразу стаў найбольш рэйтынгавым сьпеваком 2003 году.

Меў сольныя канцэрты, удзельнічаў у гастролях з прэзыдэнцкім аркестрам, удзельнічаў у конкурсе маладых выканаўцаў у Юрмале.

Шмат гадоў Аляксей Хлястоў выступаў на канцэртах і імпрэзах, якія арганізоўвалі дзяржаўныя структуры.

У лютым 2023 году Беларуская рада культуры паведаміла, што Аляксей Хлястоў трапіў у сьпіс 87 калектываў і выканаўцаў, чые песьні забаранілі выконваць у Беларусі. Сьпіс, імаверна, падрыхтаваны ў КДБ, перадалі дзяржаўным установам, якія займаюцца арганізацыяй канцэртаў.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG