Пятро Марчанка раней граў у гуртах Irdorath, Shaman Jungle, цяпер грае ў складзе Lity Taler, а таксама запісвае кавэры на вядомых рок- і мэтал-выканаўцаў: Tool, Ozzy Osbourne, Pantera ды іншых. Ён перайграе іхныя вядомыя гіты на старадаўніх інструмэнтах ліры, дудзе, на пэркусійных, і выкладае ў сваіх сацсетках, дзе ролікі зьбіраюць мільённыя прагляды.
Пятро расказвае, што свой першы кавэр запісаў на фэстывалі.
«Для мяне кавэры раней былі нейкім такім чыт-кодам: гэта занадта лёгка, ты робіш кавэр — і ўсе такія: „ваў!“. На нейкім фэсьце мы з нашым бубначом паспрабавалі запісаць кавэр на Tool, на кампазыцыю Schism. Гэта было проста відэа на 40 сэкундаў з фэстывалю, у мяне ў руках была колавая ліра, і я яшчэ ня вельмі граў тады. І раптам відэа стрэльнула на 2 мільёны праглядаў. Мы не выстройвалі кадар, нічога не рыхтавалі. На наступным фэстывалі мы ўжо запісалі кавэр на Pantera, на Cowboys from Hell, і гэтае відэа набрала ўжо 3 мільёны», — дзеліцца ўспамінам Пятро.
Музыка зразумеў, што можа рабіць такія кавэры сам, проста дома, бо мае шмат старадаўніх інструмэнтаў.
«Я сабраў свае інструмэнты, у сяброў узяў тое, што кепска ляжала. І пачаў рабіць песьні, якія мне падабаліся зь дзяцінства, тое, што выклікала клясныя эмоцыі: System of a Down, Papa Roach, Ozzy Osbourne, Nirvana, Metallica — усё, на чым я рос. Дарэчы, Ozzy Osbourne запісалі з цымбалісткай проста на фэстывалі за 20 хвілін, і ён адразу набраў 1,5 мільёна праглядаў. Афіцыйны акаўнт Ozzy Osbourne рэпоснуў відэа. Сэрж Танк’ян з System of a Down таксама рэпоснуў, прычым двойчы. Pantera таксама», — кажа суразмоўца.
«Ня кожную песьню можна перайграць»
У Пятра ёсьць доўгі і кароткі сьпісы песень, на якія ён хоча запісаць кавэры. Музы́ка кажа, што песьню таксама варта падбіраць, бо ня ўсё можна зайграць.
«Мэлёдыя мусіць быць даволі рухавай і пазнавальнай. Далей я прыкідваю, на якіх менавіта інструмэнтах магу гэта зайграць. Нейкія інструмэнты паміж сабой не сумяшчаюцца, таму падбіраю пэўны набор. Напрыклад, куплет можна зайграць на флейце ці на ліры, а прыпеў на дудзе. Потым дадаю іншыя: барабаны, пэркусію. У мяне дома зараз стаіць каля 30 інструмэнтаў, толькі струнных каля дзясятка», — расказвае Пятро.
Апроч кавэраў, ён грае канцэрты з гуртом Lity Taler, а таксама асобна на дудзе падчас сярэднявечных танцаў, сьвятаў, фэстаў.
«Гэта такі каляндарны цыкль — мы з Lity Taler шмат граем улетку на фэстывалях. Сёлета будзе каля 15 фэстываляў, дзе мы выступаем. На некаторых па некалькі дзён. Я там граю на ірляндзкім бузукі, гэта такі струнны інструмэнт, сэнсам крыху падобны да гітары, але формай іншы. Таксама асобна граю на дудзе на розныя сьвяты: на Каляды, Масьленіцу, Купальле», — апавядае музыка.
«Ахоўнікі ў турме слухалі праз кармушку»
2 жніўня 2021 году Пятра затрымалі разам зь іншымі музыкамі гурту Irdorath. У зьняволеньні ён правёў паўтара году. Беларускі суд палічыў, што граць на нядзельных маршах у Беларусі — гэта «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Пятро прыходзіў на маршы з гітарай і барабанамі, тады ён яшчэ ня граў на дудзе.
«Я зрабіў сабе канструкцыю зь лямінатных дошак над галавой, туды прымацаваў калёнку і граў на гітары. Таксама граў на барабане вельмі шмат», — прыгадвае Пятро нядзельныя пратэсты 2020-га.
Менавіта пасьля 2020-га ён пачаў граць на дудзе. Зразумеў, што для гэтага прыйшоў час.
«Менавіта пасьля пратэстаў мне стала ясна, што прыйшоў наш час. Ну калі мы ня будзем разьвіваць, праштурхоўваць беларускую культуру, то хто гэта будзе рабіць?» — задаецца пытаньнем Пятро.
Музыка расказвае, што змог даваць канцэрты ў камэры на «Валадарцы». І нават ахоўнікі цікавіліся і не чынілі перашкодаў, а слухалі.
«Я сядзеў у камэры нумар 27, гэта як бы ізалятар, на ёй так і было напісана. Нас туды пасадзілі, бо не было іншых месцаў, а ахоўнікі думалі, што мы хварэем, і асабліва нас не чапалі. Там быў мэталічны бак, які я трошку пагнуў, і атрымаўся такі самаробны ханг. І мы пачалі граць песьні. Я браў яшчэ старыя песьні, напрыклад, „Кумба“ N.R.M. ды іншыя. У нас назьбіралася каля 15 песень, быў цэлы гурт, і на Новы год мы зрабілі імправізаваны паўтарагадзінны канцэрт. Я перапісваў вядомыя песьні, напрыклад, Satisfaction, дзе прыдумаў сюжэт пра алькаголіка, які шукае гарэлкі. Людзям вельмі падабалася. Мы гэта сьпявалі, крычалі. А тут раптам адчыняецца кармушка ў камэры — думаю, ну капец. А там сядзяць чатыры ахоўнікі на зэдліках і слухаюць», — расказвае Пятро.
Там жа, на «Валадарцы», Пятро вырабіў з газэты флейту і пачаў выконваць на ёй традыцыйныя для беларускай культуры мэлёдыі.
«Ахоўнікі не маглі паверыць, што гэта наагул магчыма. Дый я сам не паверыў бы, каб не зрабіў. Я мог зайграць на ёй простыя мэлёдыі, кшталту „Літвіна“», — прыводзіць прыклад суразмоўца.
Барабанны батл на «Валадарцы»
Разам зь Пятром на «Валадарцы» ў іншай камэры сядзеў бубнач зь філярмоніі. Ён барабаніў па кратах, а Пятро гэта чуў і барабаніў у адказ па сваім чане.
«Наша камэра заўзела. Мы па чарзе гралі: я нешта нагрукаю, пасьля ён. Было ў нас такое змаганьне. Іншыя хаты заўзелі таксама», — кажа музыка.
У першы ж дзень у калёніі Пятро вырабіў барабанныя палачкі і пачаў найграваць песьню «Тры чарапахі».
«Пасьля 14 дзён карантыну я знайшоў палкі і пачаў барабаніць. Абсалютна нахабна. Вакол людзі пачалі сьпяваць. У той жа дзень апэратыўны супрацоўнік на мяне нароў, што я забыў, куды прыехаў, але нічога мне так і не зрабілі», — гаворыць суразмоўца.
Пазьней, ужо ў калёніі, Пятро рабіў інструмэнты кшталту флейты з ізаляцыі ад дратоў.
«Там быў цэх разборкі мэталу, трэба было даставаць мэтал з дратоў. Тоўстыя такія драты з плястыкавымі карабамі. Гэтыя карабы — круглыя трубкі фактычна. Я іх цёр аб рог будынку, каб зрабіць патрэбную даўжыню, і проста ў іх цьвіком калупаў дзіркі. І пасьля я на гэтым граў», — прыгадвае Пятро.
Ён выконваў мэлёдыі для іншых зьняволеных, рызыкуючы атрымаць спагнаньні, а людзі былі вельмі ўдзячныя за такія моманты.
«Мы стаім у цэху на расходні, калі сканчаецца дзень, — усе, увесь цэх стаіць. Я проста нешта граю. І вядома, гэта небясьпечна, бо мяне можа нехта здаць, расказаць, што я так рабіў. Але я граў. Да мяне падыходзілі шмат зьняволеных, якія сядзяць там доўга, і казалі „дзякуй“ за гэты момант», — успамінае музыка.
«Па ўсім сьвеце расьце цікавасьць да фольку»
На думку Пятра, зараз ува ўсім сьвеце ўзрастае цікавасьць людзей да фольку і да сваёй культуры, і беларусы тут не выключэньне.
«Мы шмат езьдзім па фэстах, бачна, што фальклёрныя гурты ну проста шалёна папулярныя. Калі казаць пра нашыя „бурбалкі“, то цяпер у нас у адной толькі Варшаве вучняў, якія граюць на дудзе, 15 чалавек. Мне вельмі падабаецца, што зараз ідзе такі попыт на нацыянальнае. Узяць да прыкладу ўкраінскія гурты — у папулярных абавязкова ёсьць нейкія нацыянальныя матывы. Гэтае сваё, арыгінальнае ў музыцы ідзе ўразрэз з гэтай хваляй АІ-шлаку», — кажа Пятро.
Зь беларускіх гуртоў Пятро прыводзіць у прыклад Palinu і Rel1kt.
«Palina робіць супэрклясныя рэчы, гэта вельмі стылёва гучыць. Таксама мне Rel1kt падабаецца, яны ў мяне ў плэй-лісьце, я больш люблю старыя іхныя песьні, гэтае юнацтва, пакуты. Але мне падабаюцца і пазьнейшыя іхныя рэчы, гэта, вядома, якасна зроблена», — падсумоўвае музыка.
Форум