Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антылітаратурная «Разьюшанасьць і любоў». Макс Шчур выдаў новую кнігу, якую напісаў за 13 дзён

Макс Шчур
Макс Шчур

Калі Макс Шчур, аўтар дзясятка кніг, ляўрэат прэміі Гедройця, расчараваўся ў літаратуры, ён вырашыў далучыцца да рэвалюцыяў. Спачатку да кліматычнай, якую ачоліла Грэта Тунбэрг. А ў жніўні 2020-га — да беларускай. Скончылася ўсё выгараньнем і дэпрэсіяй. Але ў выніку зьявілася новая кніга.

У выдавецтве RozUM media выйшла новая кніга Макса Шчура «Разьюшанасьць і любоў». Напісана яна ў рэкордна кароткі тэрмін — за 13 дзён. Аўтар узгадвае ўсеагульны «варушняк», ачолены Грэтай Тунбэрг, калі ён з галавою кінуўся ў вір кліматычнага актывізму. Другая частка кнігі прысьвечана беларускім пратэстам у Празе ў 2020 годзе. Сам Макс называе сваю новую кнігу «анты-літаратурай».

Закрыцьцё гештальтаў

— З 1999 году вы апублікавалі 16 кніг. 10 гадоў таму атрымалі прэстыжную прэмію Ежы Гедройця за кнігу «Завяршыць гештальт», пасьля яе ў вас была дэпрэсія — ведаю, што амаль год не маглі пісаць. А ў 2025-м выдалі ажно тры кнігі, прычым адна зь іх на 900 старонак. Сёлета яшчэ адну — «Разьюшанасьць і любоў». Чым выкліканы такі творчы ўсплёск — Вы крыху больш за год напісалі чатыры кнігі?

— Гэта здаецца, што ўсплёск. У 2016 годзе я ўнутрана зь літаратурай разьвітаўся. Напісаў яшчэ «Кінараман» у 2018-м — як выніковую кнігу, і з таго часу займаюся іншым. Па-першае, я пачаў пісаць нон-фікшн і тое, што называю постпаэзіяй, бо раней пісаў бэлетрыстыку, паэзію. Але традыцыйныя формы перасталі мяне цікавіць. Насамрэч я амаль нічога не пісаў у гэты час, але вырашыў выдаць напісанае раней.

У 2022-м годзе, калі пачалася вайна, мне захацелася выдаць мой першы раман, які раней выходзіў толькі ў электроннай вэрсіі. І я зрабіў новую рэдакцыю раману «Там, дзе нас няма».

Вокладка новай кнігі Шчура "Разьюшанасьць і любоў".
Вокладка новай кнігі Шчура "Разьюшанасьць і любоў".

Потым, праз апакаліптычную сытуацыю ў сьвеце, захацелася падвесьці вынікі і напісаць успаміны. Калі пішаш успаміны, кніжка ня можа быць маленькай. І вось за 2-3 гады я напісаў 900 старонак, двухтомнік «Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе» — гэта, хутчэй, нон-фікшн ці мэмуары, фіксацыя таго, што было. Я пачаў шукаць выдаўца для гэтай кнігі. А выдаць яе было складана, выдаўцы казалі, што яна занадта вялікая. Мой сябар у Варшаве прапанаваў стварыць уласную выдавецкую ініцыятыву — так у 2024–25-м узьнік «Сейбіт». Мы запусьцілі краўдфандынг на плятформе «Гронка», якую неўзабаве прызналі «экстрэмісцкай» (не пасьпелі яны і году праіснаваць).

У выніку летась выдаў 900-старонкавую «Спробу экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе», раман «Там, дзе нас няма», напісаны ў 2004-м, і зборнік паэзіі «Чайны збор», сёлета намінаваны на прэмію Натальлі Арсеньневай. Амаль усё гэта — даўгія «хвасты», перапрацаванае старое, тое, чаго не было магчымасьці выдаць раней. Так што пасьля 2022 году я вырашыў закрыць усе свае гештальты.

«Я называю гэта анты-літаратурай»

— Новую кнігу «Разьюшанасьць і любоў» вы напісалі за 13 дзён студзеня 2025 году — у рэкордна кароткі тэрмін. Там шмат вершаў, фота. А вы самі называеце гэта «анты-літаратурай» і сьцьвярджаеце, што «літаратура як мастацтва скончылася ў ХХ стагодзьдзі» (ваша цытата). І асацыюеце свой новы твор зь вядомай кнігай «У дарозе» амэрыканскага клясыка Джэка Керуака — «што бачу, пра тое і пішу».

— Так. Гэта адбылося нечакана. Мае ўспаміны ў ранейшых кнігах заканчваюцца 2006 годам, а далей маё жыцьцё было даволі банальным, акрамя аднаго эпізоду, які адбыўся ў 2019 годзе, калі я актыўна апынуўся ў кліматычным руху, які потым плаўна перацёк у актывізм, зьвязаны зь беларускімі падзеямі 2020 году.

Я ўвесь час штосьці занатоўваю, але не сьпяшаюся выдаваць. І калі ў мяне выдаліся вольнымі пару тыдняў, я вырашыў не адкладваць на потым і напісаў усё за пару тыдняў. Звычайна чалавек, калі піша кнігу, стварае плян: у яго ёсьць «чáсавая лінія», пэрсанажы, сюжэт — творца карыстаецца звычайнымі літаратурнымі прыёмамі. А тут я вырашыў, што гэта бессэнсоўна. Напісаў як ёсьць пра ўсё, што ўдалося згадаць, без перастановак, паралельных лініяў.

Фота з кнігі "Разьюшанасьць і любоў"
Фота з кнігі "Разьюшанасьць і любоў"

Я называю гэта анты-літаратурай, бо не выкарыстоўваў сюжэтных лініяў ці прыёмаў. Мне дапамагалі ў гэтым фатаздымкі, бо ўсіх дэталяў я ня памятаў. Я проста храналягічна запісваў усё, што ўдалося згадаць, абапіраючыся на фатаздымкі. Так было і зь першым выданьнем кнігі «Завершыць гештальт», за якую я Гедройця атрымаў. Здымкі там вельмі арганічна дапаўнялі аповед і дадавалі яму верагоднасьці, хоць аповед прыдуманы…

А тут я абапіраўся на фатаздымкі. Некаторыя фота былі дрэннай якасьці, але дызайнэрка апрацавала іх, і яны дапамаглі структураваць тэкст, бо ён ідзе суцэльнай плыняй. Таксама я выкарыстоўваў вершы: яны нашмат лепш перадаюць аўтэнтычны эмацыйны стан, адчуваньні апавядальніка.

Палітыка і прагрэс

— У 2019 годзе вы далучыліся да актыўнага кліматычнага руху, але даволі хутка расчараваліся. А ў 2020-м пачаліся беларускія пратэсты. Вы пішаце: «Я да апошняга моманту імкнуўся быць убаку ад беларускіх падзеяў… Імкнуўся жыць сваім жыцьцём. Але беларускі інтэрнэт няўмольна засмоктваў мяне ў свой дафамінавы вір». І вы раптам схамянуліся і сталі актыўна назіраць за выбарамі. Купілі складны фатэль і падчас прэзыдэнцкіх выбараў пільна назіралі за галасаваньнем беларусаў у амбасадзе Беларусі ў Празе, ладзілі акцыі пратэсту. Чаму так адбылося, няўжо сапраўды «інтэрнэт засмактаў»?

— Трэба да канца кніжку прачытаць, і нездарма гэтыя дзьве падзеі аб’яднаныя пад адной вокладкай. Гэта зьвязана з маімі будысцкімі перакананьнямі і нараджэннем дачкі, што зьмяніла маё стаўленьне да жыцьця. Я заўсёды быў часткай актывізму: у Беларусі быў у групе «Чырвоны жонд», у эміграцыі супрацоўнічаў з анархістамі, антыфашыстамі, выдаваў кнігі, пісаў артыкулы ў чэскія газэты.

У 2019 годзе быў усплёск калектыўнага кліматычнага руху. Зьявілася шмат ідэяў. Я расчараваўся не ў самой ідэі кліматычнага руху, а ў канкрэтных падыходах. Тады настаў ковід, і вельмі рэзка ўсё памянялася.

Пасылам кліматычнага руху, асноўнай тэмай, калі я ў ім удзельнічаў, было адмаўленьне ад палітыкі. Людзі спадзяваліся, была надзея вырашыць глабальныя праблемы па-за палітыкай, па-за традыцыйнымі раскладамі (левы — правы, дэмакратыя — дыктатура ды іншымі дылемамі, якія ўсім ужо абрыдлі). А праблема была і застаецца — гэта глябальнае пацяпленьне, клімат сапраўды мяняецца. Людзі, якім хацелася прагрэсу, разумелі, што палітыка гэты прагрэс тармозіць. І яны спадзяваліся, што ім удасца палітыку абысьці. То бок шляхам стварэньня грамадзкіх арганізацыяў, апалітычных структураў, у якіх бы людзі маглі прымаць нейкія рашэньні.

Ілюстрацыя з кнігі "Разьюшанасьць і любоў"
Ілюстрацыя з кнігі "Разьюшанасьць і любоў"

Гэта была відавочная ўтопія, бо ніводная дзяржава не адмовіцца ад сваіх паўнамоцтваў. Палітыка вярнулася ў Эўропу, у жыцьцё і ў мазгі заходняга чалавека вельмі рэзка ў 2022 годзе, а для беларусаў — яшчэ раней, у 2020-м.

Аказалася, што сьвет рухаюць эканамічныя інтарэсы і энэргетычныя лобі, а не агульныя мары аб прагрэсе. Многія ідэалісты сутыкнуліся з тым, што рух заходзіць у тупік. Быў шок, расчараваньне.

Што тычыцца беларускіх падзеяў — чаму я хацеў трымацца ўбаку? Мне ўжо ня 20 і ня 30 гадоў, я назіраў шмат такіх пасьлявыбарчых пратэстаў, і кожны раз гэта было для мяне вялікім расчараваньнем.

Фрагмэнт з кнігі: «Напярэдадні датэрміновага галасаваньня (якое пачыналася ў аўторак, 4 жніўня) я пайшоў і набыў сабе лёгкае рыбацкае крэсьліца — такое, якія мы выкарыстоўвалі падчас галадоўкі: алюмініевы каркас з нацягнутым на яго палатном. Узяў прасьціну, на якой было напісана NO MEDITATION ON A DEAD PLANET, перавярнуў яе і напісаў з другога боку: ОБМАН НЕ ПРОЙДЁТ, па-расейску, каб усе зразумелі, і нумары крымінальных артыкулаў за фальсыфікацыю выбараў і незаконнае ўтрыманьне ўлады. У аўторак раніцай закінуў у заплечнік комп і тэрмас і пайшоў пікетаваць беларускую амбасаду ў Трою… Беларусы ламануліся галасаваць, як мы і заклікалі, у суботу–нядзелю. У суботу я зрабіў сабе выходны, а ў нядзелю 9-га прыйшоў — і афігеў. Столькі суайчыньнікаў разам у чарзе я ў Чэхіі за ўсе дваццаць два гады ня бачыў. Мяне гэта ўразіла. У большасьці на руках былі белыя й бел-чырвона-белыя бранзалеты»

Не расчараваньне, а выгараньне

— Вы пішаце, што на наступны дзень прадстаўнік амбасады Беларусі вам паведаміў, што ў Чэхіі за Сьвятлану Ціханоўскую прагаласавала 95%. Быў усплёск актыўнасьці: шматлікія пікеты, маршы, пэрформансы. Эўфарыя перарасла ў расчараваньне, мяркуючы з кнігі?

— У 2020 годзе, нягледзячы на ўвесь гэты маштаб, у мяне было жаданьне ня радавацца раней часу, быць асьцярожным, скептычным. А пасьля заканчэньня гэтай актыўнай фазы я адчуў моцнае выгараньне. Не расчараваньне, а выгараньне. Гэта была вялікая траўма ня толькі для мяне, а для ўсіх беларусаў. З аднаго боку — была надзея, незабыўныя перажываньні, а з другога боку — вялікая траўма.

Але мне было цікава азірнуцца назад, што было раней, перад тым, бо немагчыма адкінуць усё, што было да 2020-га, і забыцца. Нібыта 2020 год вырас на пустым месцы! Гэта ўсё няпраўда. Для беларусаў 2020 год і цяпер застаецца актуальным. Але многія глядзяць на гэта як на эпізод, які папярэднічаў нападу Расеі на Ўкраіну. Мне падаецца, гэта было важнае скрыжаваньне тых момантаў, па-свойму наіўнай эпохі, якая скончылася ў 2020 і 2022 гадах. Вось пра гэта мая кніга.

— Вы ўжо больш за 25 гадоў жывяце ў Чэхіі. Шмат беларусаў пасьля 2020 году вымушаныя былі зьехаць у эміграцыі.

Кім вы сябе адчуваеце цяпер? Вы беларус у выгнаньні, эмігрант ці грамадзянін сьвету?

— Сапраўды, як казаў чылійскі мастак Рабэрта Мата (Roberto Matta), які эміграваў у Эўропу ў 1930-я гады, «у Парыжы складана толькі першыя 20 гадоў». Я спрабаваў пісаць пра эмігранцкае жыцьцё даўно, але мне падавалася, што гэта такое маргінальнае ў краіне…

Я доўга быў без грамадзянства, аформіў яго толькі ў 2023 годзе, хоць я даўно жыву ў Чэхіі, я сфармаваны чэскім асяродзьдзем (хоць яно для нас застаецца невядомым), мая жонка чэшка. Але я ніколі ня ставіў пад сумнеў сваю беларускасць. Я ніколі ня буду чэхам — нават з пашпартам, ніколі ня буду гаварыць без акцэнту…

Фота з кнігі "Разьюшанасьць і любоў"
Фота з кнігі "Разьюшанасьць і любоў"

Я паходжу зь беларускай рэпатрыянцкай сям’і, якая вярнулася з Аргентыны ў канцы 1950-х, пражыўшы ў эміграцыі 30 гадоў (калі вярталіся такія вядомыя асобы, як Карлас Шэрман, Сяргей Картэс ды іншыя), мая мама там нарадзілася. Але людзі, якія вярнуліся ў Беларусь, ніколі не забываліся, што жылі ў эміграцыі, захоўвалі гішпанскую мову, аргентынскую тоеснасьць у сваіх асяродках.

Вось гэта, умоўна кажучы, падвойнае грамадзянства, падвойная тоеснасьць — у беларускім досьведзе прысутная. Я ня бачу ў гэтым нічога асаблівага, ёсьць беларускія палякі, ёсьць Анджэй Пачобут, які лічыць сябе палякам і беларускім патрыётам.

У сучасным сьвеце тоеснасьць складаная, яна не вызначаецца адной тэрыторыяй, прыналежнасьцю да адной дзяржавы. Так хочуць дыктатары, але ў будучыні так ня будзе — калі будуць дэмакратыя і свабода.

«Я ня веру ў тое, што беларуская дыктатура будзе доўга трымацца!

— Ці ёсць у Вас надзея на хуткую дэмакратыю ў Беларусі?

— Дэмакратыя — даволі крохкая рэч. Яе даволі лёгка страціць, і яна не заўжды канкурэнтаздольная ў змаганьні з дыктатурай. Дэмакратыя — не панацэя. Але як казаў Чэрчыль, гэта найлепшая з найгоршых прыдуманых формаў кіраваньня. Гэта вялікі скарб і цуд у гісторыі чалавецтва, бо чалавецтва прывыкла жыць у тыраніі, дыктатуры, манархіі.

Дэмакратыя — гэта складана, бо дамаўляцца заўсёды складана, быць шчырым, сумленным цяжка, як напісана ў буддысцкай «Дгаммападзе», якую я нядаўна пераклаў і выдаў. Прасьцей жыць несумленным нахабным жыцьцём, як гэта дэманструе Пуцін у Расеі. Цяжка быць сапраўды чалавекам. І калі чалавек пастаўлены ва ўмовы выжываньня, ён вельмі хутка дэградуе, і цывілізацыйны пласт зьнікае. Тое самае можна сказаць і пра дэмакратыю: калі цяжкія ўмовы настаюць — эканамічныя, палітычныя, то цывілізацыйны дэмакратычны налёт пачынае зьнікаць, і ўсе вяртаюцца да заводзкіх наладаў, што называецца. Да дзяржаўнага капіталізму, да рамак, да дыктатарскіх замашак — я кажу пра прэзыдэнта адной вялікай краіны. Пытаньне — ці застанецца дэмакратыя тым, чым мы яе ведалі, ці захаваецца яна на Захадзе, ці распаўсюдзіцца яна яшчэ кудысьці? Я лічу, што так. Бо няма варыянтаў.

Я веру, што чалавецтва будзе імкнуцца да свабоды і людзі перамогуць любую сыстэму, якой бы рэпрэсіўнай яна ні была. Калі гэта настане? Калі мы пераможам сучасную вэрсію дыктатуры.

Калі здарыўся ковід, пандэмія, усе пабачылі, чаго вартая сыстэма, якую стварыў Лукашэнка. Яшчэ аднаго такога выпрабаваньня Беларусь не перажыве. Беларуская дыктатура трымаецца на хлусьні, а людзі разумеюць, што гэтая хлусьня, прапаганда разьлічана на людзей даінтэрнэтавай эпохі. Сёньня, мне здаецца, немагчыма гэта забараніць. Хіба што адключыць інтэрнэт цалкам.

Я ня веру ў тое, што беларуская дыктатура будзе доўга трымацца. Яна залежыць ад пуцінскай Расеі, але беларускі вольны дух ужо вырваўся. Свабода, як птушка, з клеткі ўжо ўцякла. І гэта адбылося ў 2020 годзе.

Аднойчы гэта настане. Хацелася б, каб гэта адбылося пры нашым жыцьці.

Макс Шчур нарадзіўся ў 1977 г. у Берасьці, друкавацца пачаў у канцы 1980-х. У 1990-х вучыўся ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце, тусіў з калектывам газэты «Навінкі» і антыпартыйнай групай «Чырвоны Жонд», напісаў сатырычную п’есу «Сьмерць тырана». У 1998 годзе эміграваў у Чэхію. Рэдагаваў літаратурныя інтэрнэт-выданьні» Невідочнае места» і «Літраж», працаваў на Радыё Свабода і на Белсаце.

Кнігі Макса Шчура:

  • «Амфітэатар» (1999)
  • «Там, дзе нас няма» (2004, прэмія Юхнаўца)
  • «Раньні збор» (2006)
  • «Амальгама» (2010)
  • «Ліст, знойдзены на папялішчы» (2011)
  • Modus bibendi (2012)
  • Kulturtréger (2013)
  • «Летні час» (2014)
  • «Завяршыць гештальт» (2015, прэмія Гедройця)
  • «Галасы» (2017)
  • «Адрасная кніга» (2017)
  • «Кінараман» (2019)
  • Arytmie (2019)
  • «Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе» (2025)
  • «Там, дзе нас няма» (2025)
  • «Чайны збор» (2025)
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG