Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ісламская Рэспубліка 3.0: хто трымае ўладу ў Іране?

Мужчына праходзіць міма банэра з выявай вярхоўнага лідэра Ірана аяталы Муджтабы Хамэнэі і яго папярэдніка і памерлага бацькі Алі Хамэнэі па вуліцы ў Тэгеране. 6 траўня 2026 году
Мужчына праходзіць міма банэра з выявай вярхоўнага лідэра Ірана аяталы Муджтабы Хамэнэі і яго папярэдніка і памерлага бацькі Алі Хамэнэі па вуліцы ў Тэгеране. 6 траўня 2026 году

Сьцісла

  • У Іране зьявіліся новыя цэнтры ўплыву і ключавыя фігуры
  • Аўтарытэт новага вярхоўнага лідэра Хамэнэі быў падарваны ад самага пачатку
  • Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) стаў вырашальнай сілай у Іране
  • Паміж фігурамі, якія выступаюць за дыпляматыю, і генэраламі, што выступаюць супраць саступак ЗША, зьявіліся рознагалосьсі

Цягам дзесяцігодзьдзяў улада ў Іране была сканцэнтраваная ў руках аднаго чалавека — вярхоўнага лідэра аяталы Алі Хамэнэі. Але пасьля ягонай гібелі ў пачатку вайны ЗША і Ізраілю супраць Ірану 28 лютага працэс прыняцьця рашэньняў у Тэгеране становіцца ўсё больш дэцэнтралізаваным, кажуць экспэрты,

Муджтаба Хамэнэі не зьяўляўся на публіцы з таго часу, як у пачатку сакавіка зьмяніў свайго бацьку. За час ягонай адсутнасьці краінай фактычна кіруе група высокапастаўленых іранскіх чыноўнікаў.

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), які і раней быў даміноўным палітычным гульцом, цяпер стаў вырашальнай сілай у Іране, лічаць экспэрты. Рэфармісты і ўмераныя сілы былі адсунутыя на палітычную пэрыфэрыю, што прывяло да больш жорсткай і ідэалягічна закрытай сыстэмы.

У так званай Ісламскай Рэспубліцы 3.0 зьявіліся новыя цэнтры ўплыву і ключавыя фігуры. Хоць многія зь іх салідарныя ў галоўных палітычных пытаньнях, паміж імі ўжо праяўляюцца расколіны, распавядае Радыё Фарда (Іранская служба Радыё Свабода).

Маджтаба Хамэнэі: новы вярхоўны лідэр

Як вярхоўны лідэр 56-гадовы Хамэнэі мае апошняе слова ва ўсіх дзяржаўных пытаньнях. Але ягоны аўтарытэт быў падарваны ад самага пачатку.

Муджтаба Хамэнэі
Муджтаба Хамэнэі

Хамэнэі быў супярэчлівым выбарам на пасаду вярхоўнага лідэра. Гэты духоўны дзеяч ніколі не займаў дзяржаўных пасадаў, а некаторыя крытыкі казалі, што пераход да «спадчыннага кіраваньня» здраджвае антыманархічным караням Ісламскай рэвалюцыі 1979 году.

Падчас таго самага ізраільскага авіяўдару, у якім загінуў ягоны бацька, Хамэнэі атрымаў цяжкія раненьні. З часу свайго прызначэньня 8 сакавіка ён таксама не зьяўляўся на публіцы. Паводле кіраўніка пратаколу офісу вярхоўнага лідэра Мазахара Хасэйні, Хамэнэі атрымаў траўмы галавы, ніжняй часткі сьпіны і нагі, але цяпер «цалкам здаровы».

Амэрыканская выведка лічыць, што Хамэнэі адыгрывае прыкметную ролю ў распрацоўцы ваеннай стратэгіі і кіраваньні перамовамі з ЗША

Амэрыканская выведка лічыць, што Хамэнэі адыгрывае прыкметную ролю ў распрацоўцы ваеннай стратэгіі і кіраваньні мірнымі перамовамі са Злучанымі Штатамі. Але ў сыстэме, дзе вярхоўны лідэр звычайна прысутнічае паўсюль — выступае з аўдыёзваротамі, відэапрамовамі і рэгулярна зьяўляецца на публіцы, каб дэманстраваць сваю ўладу, — ягоная адсутнасьць выглядае вельмі паказальнай.

«Пасьля сьмерці Алі Хамэнэі і завяршэньня ягонага 36-гадовага кіраўніцтва Іран увайшоў у пэрыяд пераходу», — сказаў Радыё Фарда іранскі палітычны аналітык з Вашынгтону Алі Афшары. «Гэта складаны этап, на якім вырашальнае значэньне будзе мець пасьляваенны балянс сілаў».

Гусэйн Таэб: апаратчык за кулісамі

Жорсткі кансэрватыўны духоўны дзеяч Таэб 13 гадоў узначальваў выведку КВІР, пакуль у 2022 годзе яго не адправілі ў адстаўку ў рамках маштабнай перабудовы сыстэмы бясьпекі.

Гусэйн Таэб
Гусэйн Таэб

Таэб, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Эўразьвязу за меркаваную ролю ў дзяржаўных рэпрэсіях, працаваў у офісе вярхоўнага лідэра перад тым, як у 2009 годзе быў прызначаны кіраўніком выведкі КВІР.

Даўні давераны чалавек малодшага Хамэнэі, Таэб лічыцца адной з ключавых фігур за кулісамі. Экспэрты мяркуюць, што ён можа адыгрываць важную ролю ў выбудоўваньні адносінаў Хамэнэі з галоўнымі гульцамі ўнутры сыстэмы.

Ахмад Вахідзі: кіраўнік КВІР

КВІР, элітнае падразьдзяленьне ўзброеных сілаў Ірану, заўсёды адыгрываў важную ролю ў палітыцы. Але пасьля забойства Алі Хамэнэі Корпус стаў галоўнай палітычнай сілай у Ісламскай Рэспубліцы.

Ахмад Вахідзі
Ахмад Вахідзі

Гэта адбылося нягледзячы на тое, што Ізраіль і ЗША фактычна зьнішчылі значную частку кіраўніцтва КВІР, у тым ліку ліквідавалі ягонага галоўнакамандуючага Махамада Пакпура.

Намесьнік Пакпура Ахмад Вахідзі, былы міністар унутраных спраў і абароны, узначаліў КВІР у пачатку сакавіка. Аднак экспэрты не ўпэўненыя, ці хопіць яму ўплыву і аўтарытэту, каб аб’яднаць канкуруючыя групоўкі ўнутры КВІР.

На думку экспэртаў, вайна і ўзмацненьне ролі сілавікоў у Іране пасьля сьмерці Алі Хамэнэі дазволілі КВІР заняць цэнтральнае месца ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы краіны.

«Эпоха пасьля Алі Хамэнэі застаецца няпэўнай. Але адзін факт ужо відавочны: роля і ўплыў КВІР у кіраваньні Ісламскай Рэспублікай узрастаюць», — сказаў Радыё Фарда іранскі палітычны аглядальнік з Францыі Муджтаба Наджафі.

«Сёньня значная частка кіраваньня краінай знаходзіцца ў руках КВІР, — дадаў ён. — Мілітарызацыя эканомікі, палітыкі, культуры і грамадзтва таксама ўжо дасягнула сталай фазы».

Махамад Багер Калібаф: пасярэднік

Калібаф — кансэрватыўны палітык і былы вайсковец, які дзесяцігодзьдзямі выбудоўваў сувязі з вярхоўным кіраўніцтвам Ірану і КВІР.

Махамад Багер Калібаф
Махамад Багер Калібаф

Пасьля кар’еры, азмрочанай карупцыйнымі скандаламі і няўдалымі прэзыдэнцкімі кампаніямі, ён, магчыма, стаў самай уплывовай фігурай, што засталася ў Ісламскай Рэспубліцы.

Экспэрты апісваюць ролю Калібафа, які цяпер займае пасаду старшыні парлямэнту і адначасова зьяўляецца галоўным перамоўшчыкам Ірану з ЗША, пасярэднікам паміж рознымі цэнтрамі ўлады ў Іране. Яго лічаць блізкім да новага вярхоўнага лідэра.

Да забойства ў сакавіку такую ролю адыгрываў уплывовы кіраўнік іранскай бясьпекі Алі Ларыджані. Ларыджані быў фігурай, якая аб’ядноўвала канкуруючыя палітычныя групы і падтрымлівала трывалыя сувязі з КВІР, спэцслужбамі і духоўным істэблішмэнтам.

«Калібаф заўсёды быў пешкай, якую выкарыстоўвала кіраўніцтва», — сказаў Радыё Фарда палітычны аналітык з Нямеччыны Гусэйн Разак.

«Сёньня, калі іншыя важныя пешкі ліквідаваныя, ягоная роля ў сыстэме стала больш прыкметнай».

Махамад Багер Золькадр: кіраўнік бясьпекі

Былы камандзір КВІР Золькадр зьмяніў Ларыджані на чале Вышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Ірану — ключавога органу, які вызначае дзяржаўную палітыку.

Калі Ларыджані быў вядомы як хітры і прагматычны палітык, то Золькадр — гэта жорсткі прадстаўнік сілавога і вайсковага блёку.

Разак лічыць ягонае прызначэньне спробай Хамэнэі падзяліць уладу паміж ляяльнымі кадрамі. На яго думку, гэты выбар таксама паказаў дамінаваньне КВІР у розных цэнтрах улады Ірану.

Масуд Пэзэшкіян: бясьсільны прэзыдэнт

Прэзыдэнт-рэфарміст не зьяўляецца буйным палітычным гульцом, жорсткія кансэрватары ня бачаць у ім пагрозу.

Масуд Пэзэшкіян
Масуд Пэзэшкіян

Роля Пэзэшкіяна — адміністрацыйная: ён кіруе штодзённай працай ураду. Але канчатковыя рашэньні ў галоўных пытаньнях, у тым ліку вайны і дыпляматыі, прымаюцца ў іншых цэнтрах.

Ён і міністар замежных спраў Абас Арагчы — адзіныя прадстаўнікі рэфармісцкага і ўмеранага лягеру, якія захавалі прыкметную ролю ў новай сыстэме ўлады. Але, як і Пэзэшкіян, Арагчы не валодае рэальнай уладай прымаць рашэньні і выконвае загады зьверху.

Тым ня менш ужо зьявіліся рознагалосьсі паміж такімі фігурамі, як Пэзэшкіян і Арагчы, якія выступаюць за дыпляматыю, і генэраламі, што выступаюць супраць саступак Злучаным Штатам на перамовах пра спыненьне вайны.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG