Іран пакараў сьмерцю каля 30 чалавек ад пачатку вайны з ЗША і Ізраілем

Плякат з асуджэньнем пакараньняў сьмерцю ў Іране на дэманстрацыі ў Бэрліне, 2022 год
Плякат з асуджэньнем пакараньняў сьмерцю ў Іране на дэманстрацыі ў Бэрліне, 2022 год

З пачатку вайны ў Іране былі пакараныя сьмерцю як мінімум 29 зьняволеных, у тым ліку двое ў адзін дзень 13 траўня.

Кампанія палітычных стратаў з пачатку вайны ЗША з Ізраілем супраць Ірану не паказвае прыкмет зьніжэньня, паведамляе Радыё Фарда, Іранская служба Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. 13 траўня Іран пакараў сьмерцю яшчэ дваіх мужчын:

  • Эхсана Афраштэха, спэцыяліста ў кібэрбясьпецы і сацыяльных сетках, павесілі, абвінаваціўшы ў шпіянажы на карысьць Ізраілю.
  • Мухамэда Абасі, які ўдзельнічаў у масавых пратэстах у студзені, пакаралі сьмерцю ў турме, абвінаваціўшы ў забойстве супрацоўніка службы бясьпекі недалёка ад Тэгерану.

Сям’ю Абасі выклікалі ў турму на спатканьне зь ім, але не прапусьцілі, паведамляе амэрыканская праваабарончая група HRANA. Пазьней ім па тэлефоне паведамілі пра пакараньне яго сьмерцю.

Гэтыя пакараньні сьмерцю — апошнія ў кампаніі павешаньняў, якая пачалася 18 сакавіка, празь некалькі тыдняў пасьля пачатку амэрыканскіх і ізраільскіх атак на Іран. З таго часу было пацьверджана як мінімум 29 палітычных пакараньняў сьмерцю. Цэнтар правоў чалавека ў Іране, які базуецца ў Осла, у красавіку заявіў, што многія суды былі адзначаныя «катаваньнямі, вымушанымі прызнаньнямі і поўным бракам належнай прававой працэдуры».

Iran Human Rights Monitor, замежная група, якая дакумэнтуе парушэньні правоў чалавека, ахарактарызавала тэмпы пакараньняў сьмерцю як «палітычную чыстку» з выкарыстаньнем умоваў ваеннага часу.

«Прыярытэт рэжыму — ня вонкавая вайна, а ўнутраны ўціск», — гаворыцца ў красавіцкай заяве праваабаронцаў.

Яны адзначаюць, што палітычных пакараньняў сьмерцю за першыя шэсьць тыдняў вайны ўжо больш, чым іх было ў 2025 годзе.

Пакараньняў сьмерцю ў Іране стала больш пасьля здушэньня пратэстаў

У канцы сьнежня мінулага году ў Іране пачаліся агульнанацыянальныя дэманстрацыі супраць клерыкальнай улады. Яна адказала беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі, у выніку якіх загінулі некалькі тысяч пратэстоўцаў.

Пры здушэньні масавых пратэстаў у студзені былі забітыя тысячы людзей, сотні пратэстоўцаў арыштаваныя.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп тады заклікаў улады Ірану не караць іх сьмерцю.

Пасьля пачатку ваеннай кампаніі ЗША і Ізраілю супраць Ірану іранскія ўлады паскорылі вынясеньне выракаў.


​
XS
SM
MD
LG