Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране пакаралі сьмерцю траіх удзельнікаў студзеньскіх пратэстаў

Пратэст супраць сьмяротнага пакараньня ў Іране. Брусэль, 2019 год. Ілюстрацыйнае фота
Пратэст супраць сьмяротнага пакараньня ў Іране. Брусэль, 2019 год. Ілюстрацыйнае фота

Улады Ірану 19 сакавіка пакаралі сьмерцю трох чалавек — удзельнікаў масавых пратэстаў у студзені сёлета.

Як паведамілі падкантрольныя ўладам іранскія СМІ, іх прызналі вінаватымі ў датычнасьці да забойства двух супрацоўнікаў паліцыі падчас беспарадкаў, а таксама ў «вайне супраць Бога» (пад гэтую фармулёўку падводзіцца ўдзел у акцыях пратэсту супраць дзяржаўнага ладу).

Улады Ірану сьцьвярджаюць, што ўдзельнікі пратэстаў нібыта дзейнічалі ў інтарэсах Ізраілю і ЗША, якія цяпер вядуць ваенную кампанію супраць Ісламскай Рэспублікі Іран.

Усіх траіх павесілі ў горадзе Кум. Сярод пакараных сьмерцю, паводле зьвестак праваабарончых групаў, — 19-гадовы спартовец Салех Мухамадзі. Праваабаронцы, якіх цытуюць амэрыканскія мэдыя, сьцьвярджаюць, што ён пад катаваньнямі абгаварыў сябе, прызнаўшы віну ў забойствах паліцыянтаў.

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International асудзіла пакараньне, адзначыўшы, што асуджаных пазбавілі права на справядлівы працэс.

Пры здушэньні масавых пратэстаў у студзені былі забітыя тысячы людзей. Сотні пратэстоўцаў былі арыштаваныя. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў улады Ірану не караць іх сьмерцю . Пасьля пачатку кампаніі ЗША і Ізраілю, як паведамляецца, іранскія ўлады паскорылі вынясеньне выракаў.

Раней на гэтым тыдні ў Іране пакаралі сьмерцю грамадзяніна Швэцыі. Яго арыштавалі яшчэ ў 2025 годзе, ягоная справа не зьвязаная зь нядаўнімі пратэстамі. Улады Швэцыі і кіраўніцтва ЭЗ асудзілі пакараньне сьмерцю, зноў абвінаваціўшы Іран у шматлікіх парушэньнях правоў чалавека.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG