Ізраіль пашырыў маштаб удараў па Іране, Тэгеран атакаваў энэргетычны аб’ект у Катары

Наступствы ўдару Ірану па нафтавай прамысловай зоне ў Аб’яднаных Арабскх Эміратах. Пачатак сакавіка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы ўдару Ірану па нафтавай прамысловай зоне ў Аб’яднаных Арабскх Эміратах. Пачатак сакавіка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Ізраіль пашырыў маштаб сваіх удараў па Іране позна ўвечары 18 сакавіка і распаўсюдзіў іх на паўночную частку краіны, у тым ліку на іранскі вайскова-морскі флёт у Касьпійскім моры.

Ад удару ізраільскіх сілаў пацярпеў аб’ект іранскай энэргетычнай інфраструктуры ў Пэрсыдзкай затоцы. У адказ на гэта Іран абстраляў нафтавыя і газавыя аб’екты краін Пэрсыдзкай затокі, паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Атака Ізраілю на паўночныя тэрыторыі Ірану адбылася ўпершыню з пачатку амэрыканска-ізраільскай ваеннай апэрацыі 28 лютага. Большасьць папярэдніх удараў наносілі па Тэгеране, а таксама па цэнтральнай і заходняй частках Ірану.

Іран пагражаў атакаваць энэргетычныя абʼекты ўва ўсім рэгіёне пасьля заявы, што яго маштабнае газавае радовішча Паўднёвы Парс 18 сакавіка было пашкоджана.

Ізраільскія мэдыя паведамілі, што Ізраіль нанёс удар па поўначы Ірану са згоды ЗША, але прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пазьней заявіў у Truth Social, што Вашынгтон ня ведаў загадзя пра гэтую атаку.

У адказ Іран папярэдзіў аб небясьпецы для некалькіх нафтавых абʼектаў у Саудаўскай Арабіі, Абʼяднаных Арабскіх Эміратах і Катары і назваў іх цэлямі для ўдараў «у найбліжэйшыя гадзіны».

Амаль адразу ж Катар паведаміў пра пажар на сваім галоўным газавым вузьле Рас-Ляфан. На месцы працавалі аварыйныя брыгады, дзяржаўны гігант QatarEnergy паведаміў пра «значную шкоду».

Празь некалькі гадзін раніцай 19 сакавіка Іран заявіў, што зноў атакаваў гэты абʼект, у выніку чаго там пачаліся пажары.

У камэнтарах у сацыяльных сетках позна ўвечары 18 сакавіка Трамп паабяцаў, што ізраільскіх нападаў на «надзвычай важны і каштоўны» абʼект у Паўднёвым Парсе больш ня будзе. Аднак ён папярэдзіў Тэгеран, што амэрыканскія войскі «дашчэнту ўзарвуць» увесь гэты абʼект, калі Іран зноў нападзе на Катар.

Саудаўская Арабія заявіла, што зьнішчыла чатыры балістычныя ракеты, якія накіроўваліся ў бок яе сталіцы Эр-Рыяду, і паведаміла пра спробу нападу бесьпілётніка на газавы абʼект на ўсходзе краіны. Фрагмэнты адной з ракет упалі каля нафтаперапрацоўчага заводу на поўдзень ад сталіцы, паведаміла Міністэрства абароны краіны.

У Абу-Дабі (Абʼяднаныя Арабскія Эміраты) апэрацыі на газавым абʼекце Хабшан былі прыпыненыя. «Улады Абу-Дабі рэагуюць на інцыдэнты на газавым абʼекце Хабшан і на нафтавым радовішчы Баб, выкліканыя падзеньнем аскепкаў пасьля пасьпяховага пераняцьця ракет», — паведамілі ўлады 19 сакавіка.


​
XS
SM
MD
LG