Кіраўнік амэрыканскага Нацыянальнага контратэрарыстычнага цэнтру пакідае пасаду праз вайну з Іранам

Джозэф Кент, архіўнае фота
Джозэф Кент, архіўнае фота

Высокі дзяржаўны службовец выказаў Дональду Трампу пратэст у адкрытым лісьце. Ён лічыць вайну з Іранам непатрэбнаю.

Галоўны адказны ў адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа за пытаньні барацьбы з тэрарызмам, кіраўнік Нацыянальнага контратэрарыстычнага цэнтру Джозэф Кент аб’явіў аб сваёй адстаўцы з прычыны амэрыканска-ізраільскай ваеннай апэрацыі супраць Ірану, піша «Настоящее время».

У лісьце на імя Дональда Трампа, апублікаваным 17 сакавіка ў сацыяльнай сетцы X, Кент піша, што Злучаныя Штаты былі ашуканыя ізраільскімі афіцыйнымі асобамі і «ўплывовымі прадстаўнікамі амэрыканскіх мэдыя», якія «прымусілі іх паверыць у беспасярэднюю пагрозу».

Кент дадаў, што, хоць ён і падтрымлівае замежную палітыку і каштоўнасьці, пра якія Трамп казаў у часе сваіх выбарчых кампаніяў, ён ня можа працягваць працу з увагі на цяперашняе становішча з Іранам.

«Я не магу з чыстым сумленьнем падтрымліваць вайну, якая працягваецца. Іран ня нёс беспасярэдняй пагрозы нашай краіне, і, відавочна, мы пачалі гэтую вайну пад ціскам Ізраілю і яго ўплывовага амэрыканскага лобі», — піша Кент.

Ён выказаў надзею, што Дональд Трамп зьменіць курс і «акрэсьліць новы шлях» для Злучаных Штатаў.

Джозэф Кент — вэтэран баявых дзеяньняў, які праслужыў 20 гадоў у элітным падразьдзеле «Зялёныя бэрэты». Ягоная жонка, крыптограф ВМС, загінула ў Сырыі ў 2019 годзе.

Кент, кандыдатуру якога вылучыў Трамп і зацьвердзіў Сэнат, — найвышэйшы службовец у адміністрацыі Трампа, які пайшоў у адстаўку менавіта праз вайну з Іранам.

Ізраіль і ЗША наносяць удары па Іране з 28 лютага. Дональд Трамп казаў, што мэты гэтай вайны — зьнішчыць вайсковы патэнцыял Ірану і не дапусьціць, каб Тэгеран стварыў ядзерную зброю.

​
XS
SM
MD
LG