Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 14 траўня: стала больш «экстрэмісцкіх» фармаваньняў, на волю выйшаў экс-намесьнік дырэктара БелТА

 Шыльда на будынку суду Ленінскага раёну Магілёва. Ілюстрацыйнае фота
Шыльда на будынку суду Ленінскага раёну Магілёва. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Стала вядома аб вызваленьні колішняга намесьніка генэральнага дырэктара дзяржаўнага агенцтва БелТА ў ідэалёгіі Сяргея Адзярыхі, якога правабаронцы прызналі палітычным зьняволеным.

Яго арыштавалі ў кастрычніку 2021 году і прысудзілі пяць гадоў калёніі за «перавышэньне ўлады» (арт. 426 Крымінальнага кодэксу). Адзярыху абвінавацілі ў тым, што ён перадаваў інфармацыю Анатолю Котаву ў Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленьне — напрыклад, пра графік паездак Лукашэнкі ці іншых чыноўнікаў. Тыя зьвесткі публікаваліся ў канале «Нік і Майк», агулам 58 допісаў.

Аб вызваленьні Сяргея Адзярыхі паведаміла выданьне «Наша ніва». Ускосна гэты факт пацьвярджае інфармацыя на партале kartoteka.by, згодна зь якой Сяргей Анатолевіч Адзярыха 15 кастрычніка 2025 году зарэгістраваўся ў Менскім гарвыканкаме як індывідуальны прадпрымальнік, які надае паслугі таксі.

Адметна, што гэта адбылося праз два месяцы пасьля зьнікненьня Анатоля Котава, які 21 жніўня 2025 году вылецеў з Варшавы ў турэцкі горад Трабзон, а затым нібыта пакінуў Турэччыну па моры на прыватнай яхце ў бок Сочы. Дакладных пацьверджаных зьвестак пра ягоны маршрут або месца знаходжаньня няма, і зьнікненьне выклікае шмат пытаньняў.

Анатоль Котаў раней працаваў у дзяржаўных структурах Беларусі, у тым ліку ў Міністэрстве замежных справаў і Нацыянальным алімпійскім камітэце. Пасьля выбараў 2020 году ён эміграваў у Польшчу і быў зьвязаны зь беларускім апазыцыйным рухам.

Улады дапоўнілі сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў»

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 13 траўня ўключыла ў сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» праект Belarusiana.

У ведамстве назвалі Яраслава Грыгор’ева і Мечыслава Дабранскага датычнымі да гэтага праекту.

Напярэдадні, як паведамілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна», у Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» суполкі людзей, якія адмаўляюць развал СССР, у тым ліку — старонку «Ўкантакце» «Могилев и Могилевская область СССР/БССР», а таксама Telegram-чаты «Информационный чат СССР» і «Белорусская ССР». Адпаведнае рашэньне ўхваліў суд Ленінскага раёну Магілёва.

«Экстрэмісцкі» сьпіс таксама папоўнілі старонкі ў TikTok «ДАРМАЕД», Lichalapouski, lisbet25730, basta_bel, Arturs Burinskis, BELPOL, zhekapobeda, «Анна Самохина», старонка ў Instagram solibel.nо, старонкі ў Facebook «Александр Рыков», «Борис Давид Балтэ», «Валанцёрскi Центр Сустрэча», Anton Malkin, старонка ў Х «Каранi Беларускай», YouTube-канал «Анна Самохина».


Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG