Як паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, фінальны раўнд перамоваў прайшоў 15 траўня ў рэзыдэнцыі кіраўніцтва Камуністычнай партыі Кітаю, якая вельмі моцна ахоўвалася. У першы дзень сустрэчы бакі публічна дэманстравалі добрую волю і рост згоды наконт эканамічных рызык, зьвязаных з вайной у Іране.
«Мы абмяркоўвалі Іран. У нас вельмі падобныя адчуваньні таго, якога заканчэньня гэтага мы б хацелі», — сказаў Трамп журналістам, седзячы побач з Сі. «Мы ня хочам, каб у іх была ядзерная зброя. Мы хочам, каб пратока была адкрытая», — дадаў ён, маючы на ўвазе перабоі ў суднаходзтве цераз Армускую пратоку — стратэгічны водны шлях, якім звычайна перавозяць прыкладна адну пятую частку ўсясьветных паставак нафты.
Вайна ў Іране хутка зьмяніла парадак дня саміту, які меркавалася сканцэнтраваць на гандлі і тэхналёгіях, і перанесла акцэнт на імкненьне шырэй кіраваць эканамічнымі і геапалітычнымі наступствамі канфлікту. Вашынгтон цісьне на Пэкін, каб той выкарыстаў свой уплыў на Тэгеран і дапамог спыніць вайну, у той час як Кітай балянсуе паміж сваімі цеснымі сувязямі з Іранам і ўсё большай заклапочанасьцю лёсам паставак энэргетычных рэсурсаў і глябальнага росту.
Міністэрства замежных справаў Кітаю 15 траўня заявіла, што Пэкін падтрымлівае працяг крохкага спыненьня агню вакол Ірану і што ён «нястомна працуе», каб дапамагчы спыніць вайну, імкнучыся адыграць «канструктыўную ролю» ў будучых мірных перамовах. Міністэрства таксама заявіла, што «морскія шляхі маюць быць зноў адкрытыя як мага хутчэй».
Гэтыя камэнтары прагучалі пасьля заявы Трампа ў інтэрвію Fox News, запісанага ў Пэкіне 14 траўня, аб прапанове Сі Цзіньпіна дапамагчы заключыць угоду з Тэгеранам, яго згодзе з тым, што Іран не павінен валодаць ядзернай зброяй, і абяцаньні не пастаўляць Ірану вайсковы рыштунак.
«Пэкін пагадзіўся з тым, што Армуская пратока павінна заставацца адкрытай і што Іран не павінен мець ядзернай зброі. Гэтыя рытарычныя абавязаньні амаль нічога не каштуюць Кітаю», — сказаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Крэйг Сынглтан, старшы навуковы супрацоўнік Фонду абароны дэмакратыяў. «Цяжэйшае выпрабаваньне — ці будзе Пэкін ціснуць на Тэгеран, абмяжоўваць куплю іранскай нафты ці дапамагаць Вашынгтону ператвараць агульныя словы ў адчувальныя вынікі».
Вайна ў Іране зьмяніла саміт
Трамп ня раз настойваў на тым, што Злучаным Штатам не патрэбная дапамога Кітаю для вырашэньня канфлікту.
Перад ад’ездам з Вашынгтону раней на гэтым тыдні Трамп папярэдзіў, што спыненьне агню грунтуецца на «масіўнай сыстэме жыцьцезабесьпячэньня», і ў сваім паведамленьні на Truth Social раніцай 15 траўня зноў даў зразумець, што ваенныя апэрацыі ЗША супраць Ірану могуць аднавіцца: «...Ваеннае спусташэньне Ірану... будзе працягвацца!».
Тым часам Пэкін старанна ўнікаў простай крытыкі на адрас Вашынгтону і выяўляў сябе як прыхільніка дыпляматыі і рэгіянальнай стабільнасьці.
«Кітай зацікаўлены ў тым, каб сытуацыя на Блізкім Усходзе супакоілася», — сказаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Далі Янг, прафэсар у кітайскай палітыцы Чыкаскага ўнівэрсытэту. «Таму стратэгічна я ўпэўнены, што [наконт Ірану] дамоўленасьць амаль дасягнута, хоць Кітай відавочна выказаўся супраць вайны».
Кітай застаецца найбольшым пакупніком іранскай нафты і адным з найбліжэйшых эканамічных партнэраў Тэгерану, але ў яго таксама ёсьць моцныя стымулы, каб ўнікнуць працяглага канфлікту, які можа яшчэ больш парушыць ланцужкі паставак і паўплываць на ўсясьветны попыт.
14 траўня ў інтэрвію NBC News дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што Трамп абмяркоўваў тэму Армускай пратокі беспасярэдне на перамовах зь Сі.
«Кітайскі бок заявіў, што яны не падтрымліваюць мілітарызацыю Армускай пратокі і не падтрымліваюць сыстэму спагнаньня мытаў, і гэта і наша пазыцыя», — сказаў Рубіё.
Рубіё таксама адхіліў здагадкі, што Вашынгтон зьвяртаецца па дапамогу Пэкіну ў спыненьні канфлікту.
«Ён ні аб чым яго не прасіў», — сказаў Рубіё пра Трампа. «Нам не патрэбная іхная дапамога».
У інтэрвію Bloomberg TV 15 траўня гандлёвы прадстаўнік ЗША Джэймісан Грыр заявіў, што Злучаныя Штаты лічаць «вельмі прагматычным» стаўленьне Кітаю да супрацы з Іранам і ён упэўнены, што Пэкін зробіць усё магчымае, каб абмежаваць матэрыяльную падтрымку Тэгерану.
Добрая воля, але мала прарываў
Дзень адкрыцьця саміту быў пазначаны старанна адпрацаванай дыпляматыяй і аптымістычнай рыторыкай абодвух лідэраў.
15 траўня Трамп сказаў журналістам, што ягоны візыт у Кітай прынёс «шмат добрага» і што яны зь Сі «разьвязалі шмат розных праблем, якіх іншыя людзі не былі б у стане разьвязаць».
Трамп таксама хваліў Сі як «сябра» падчас сустрэчаў 14 траўня, а пазьней запрасіў кітайскага лідэра наведаць Белы дом 24 верасьня. Кітайскія дзяржаўныя СМІ паказалі саміт як пачатак таго, што Сі назваў «канструктыўнымі стратэгічнымі стабільнымі адносінамі», якія павінны вызначаць сувязі паміж Вашынгтонам і Пэкінам у наступныя гады.
Але, акрамя цёплай рыторыкі, як мяркуюць аналітыкі, саміт пакуль што прынёс абмежаваны адчувальны прагрэс і падкрэсьліў, наколькі глыбокімі застаюцца карані суперніцтва паміж дзьвюма краінамі.
«Трамп атрымлівае сьціплыя зрухі, якія ён можа прадаць у сябе дома. Сі закладвае аснову для стабільнасьці, неабходнай Пэкіну, захоўваючы пры гэтым вагары ўплыву, якія ён набыў», — сказаў Сынглтан. «Абодва бакі спрабуюць захаваць імпульс, не зьмяняючы асноўных умоваў суперніцтва».
У інтэрвію Bloomberg гандлёвы прадстаўнік ЗША Джэймісан Грыр сказаў, што Вашынгтон чакае актывізацыі закупак Кітаем амэрыканскай сельскагаспадарчай прадукцыі, каб іх аб’ёмы дасягнулі сотняў мільярдаў даляраў у наступныя тры гады.
Кітайскія ўлады таксама падоўжылі экспартныя ліцэнзіі для соцень амэрыканскіх вытворцаў ялавічыны пасьля таго, як летась пры абвастрэньні тарыфных спрэчак скончыўся тэрмін многіх дазволаў. Трамп таксама заявіў Fox News у сваім інтэрвію, што Сі пагадзіўся замовіць 200 самалётаў Boeing.
Дагэтуль застаюцца неразьвязанымі многія пытаньні, якія спрыяюць доўгатэрміновай канкурэнцыі паміж Вашынгтонам і Пэкінам, у тым ліку кантроль над экспартам перадавых тэхналёгіяў, абмежаваньні на рэдказямельныя карысныя выкапні і Тайвань.
У першы дзень перамоваў Сі папярэдзіў Трампа, што Тайвань можа стаць агмянём простай канфрантацыі, калі зь ім будуць няправільна абыходзіцца.
«Саміт задае стабілізацыйны тон», — сказаў у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Кейтан Чжан, дацэнт Унівэрсытэту Джорджа Мэйсана. «Але тое, што будзе далей, асабліва ў складаных пытаньнях, будзе моцна залежаць ад унутранай палітыкі ў абедзьвюх краінах і ад таго, як будуць разьвівацца канфлікты, такія як іранскі і ўкраінскі».
Рэйд Стэндзіш, Колін Худ, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода
Форум