Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале заявіў, што Расея плянуе ўдары з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне альбо па адной з краін NATO. Раней ужо гучалі папярэджаньні Кіева, што Расея можа паўтарыць такі досьвед 2022 году.
Як паведаміў Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале, Украіна «працягвае фіксаваць намаганьні Расеі па далейшым уцягваньні Беларусі ў вайну супраць Украіны».
Зяленскі заявіў, што Ўкраіне вядома аб тым, што паміж расейцамі і Аляксандрам Лукашэнкам адбыліся «дадатковыя кантакты, накіраваныя на тое, каб пераканаць яго далучыцца да новых расейскіх агрэсіўных апэрацый». У прыватнасьці, па словах Зяленскага, Расея разглядае пляны апэрацый у накірунках на поўдзень і поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць Чарнігава-Кіеўскага напрамку ва Ўкраіне, альбо супраць адной з краін NATO — менавіта з тэрыторыі Беларусі. Украіна валодае падрабязнасьцямі размовы паміж Расеяй і Беларусьсю.
«Украіна, несумненна, абароніць сябе і свой народ, калі Аляксандр Лукашэнка памыліцца і вырашыць падтрымаць гэты намер Расеі. Я даручыў нашым Сілам абароны і бясьпекі Ўкраіны ўзмацніць адпаведны напрамак і прадставіць плян нашага рэагаваньня, які будзе разгледжаны і зацьверджаны ў Генэральным штабе», — заявіў Зяленскі.
Што казаў Зяленскі раней пра магчымую атаку зь Беларусі
Раней у траўні Зяленскі заявіў пра «спэцыфічную актыўнасьць» на мяжы з Беларусьсю і гатоўнасьць Украіны рэагаваць:
«Напярэдадні была даволі спэцыфічная актыўнасьць на ўчастках мяжы Ўкраіны і Беларусі — з боку Беларусі. Уважліва ўсё фіксуем, усё кантралюем і, калі будзе патрэбна, мы будзем рэагаваць. Украіна гатова абараняць сваіх людзей, свой сувэрэнітэт, і кожны павінен гэта разумець, каго спрабуюць уцягнуць у любую агрэсіўную актыўнасьць супраць Украіны», — заявіў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны 29 красавіка падпісаў указ, якім увёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Украіны адносна санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў за садзейнічаньне Расеі ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны. Санкцыі ўвялі таксама супраць асобаў, якія набліжаныя да Лукашэнкі.
Уладзімір Зяленскі 17 красавіка таксама казаў пра ваенныя пагрозы з боку Беларусі, пра тое, што ў Беларусі будуюць дарогі, якія вядуць да мяжы з Украінай, і абсталёўваюць артылерыйскія пазыцыі каля мяжы. Днямі былы міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба сказаў, што Беларусь рыхтуецца адкрыць другі фронт у вайне з Украінай.
Чаму гэта важна
У лютым 2022 году Расея выкарыстала беларускую тэрыторыю для нападу на Ўкраіну, яе танкі ішлі праз беларуска-украінскую мяжу, яна выкарыстоўвала беларускія аэрадромы, паветраную прастору, аўтамабільныя дарогі, чыгунку, іншую інфраструктуру для атакаваньня Ўкраіны.
Доўгі час беларуская тэрыторыя была фактычна тылавой для расейскай арміі, а беларуская ўлада ўсяляк спрыяла расейскай агрэсіі, выступаючы яе саюзьнікам у вайне з Украінай.
Цяпер абстрэлаў Украіны ракетамі зь беларускай тэрыторыі не фіксуецца, але расейскія дроны, якія атакуюць Украіну, часам ідуць празь беларускую тэрыторыю.