Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі няма перамяшчэньня тэхнікі і сьцягваньня войскаў да мяжы», — Памежная служба Ўкраіны

Прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
Прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

Украінскія памежнікі не фіксуюць перамяшчэньня тэхнікі або сьцягваньня войскаў да мяжы на тэрыторыі Беларусі.

Пра гэта заявіў у тэлеэфіры прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка, паведамляе ўкраінскі партал Укрінформ.

«Сьцягваньня войскаў няма. З 2022 года Беларусь трымае свае падразьдзяленьні на пэўных напрамках, тады яны заяўлялі, што гэта для ўмацаваньня іх бясьпекі, бо чакаюць нейкіх дзеяньняў ад Украіны, хоць Украіна ніколі не пагражала Беларусі і не плянуе такіх дзеяньняў. Таму ёсьць тыя падразьдзяленьні, якія Беларусь трымала ў напрамку нашай мяжы раней. Адбываецца ратацыя, іх мяняюць, ажыцьцяўляюцца іх перамяшчэньні, але нават гэтыя падразьдзяленьні не нарошчваюцца», — адзначыў Дземчанка.

Паводле яго слоў, перамяшчэньня тэхнікі ў непасрэднай блізкасьці ад украінскай мяжы няма. «Інфармацыйна надзьмуўшы, у свой час яны (Беларусь — рэд.) абвясьцілі аб стварэньні Паўднёвага апэратыўнага камандаваньня менавіта ў напрамку мяжы з Украінай. У гэтых рамках можна абсталяваць пазыцыі, палігоны і пад’язныя шляхі», — адзначыў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Паводле яго слоў, тое, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі, уважліва адсочваецца разьведвальнымі падразьдзяленьнямі, Міністэрствам абароны і Дзяржаўнай памежнай службай Украіны, каб своечасова рэагаваць на любыя выклікі і пагрозы.

«У цяперашні час Расея ня мае на тэрыторыі Беларусі буйных сіл, у тым ліку пяхотных падразьдзяленьняў, якія маглі б ажыцьцявіць паўторнае ўварваньне з тэрыторыі Беларусі», — падкрэсьліў Дземчанка.

Пры гэтым, паводле слоў прэс-сакратара, нельга выключаць ніякіх правакацыйных дзеяньняў, у прыватнасьці з мэтай адцягненьня ўкраінскіх сіл на гэты напрамак з больш важных. «Таму мы сочым і будзем рэагаваць на ўсе выклікі, якія будуць зыходзіць з тэрыторыі Беларусі, і мы працягваем умацоўваць гэты напрамак», — падкрэсьліў Дземчанка.

  • «Паводле зьвестак разьведкі, у памежжы Беларусі адбываецца разбудова дарог да тэрыторыі Ўкраіны і наладжваньне артылерыйскіх пазыцыяў», — напісаў 17 красавіка ў сваім тэлеграм-канале прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пасьля дакладу галоўнагакамандуючага ўкраінскім войскам Аляксандра Сырскага. «Лічым, што Расея ў чарговы раз будзе спрабаваць уцягнуць у сваю вайну Беларусь», — адзначыў Зяленскі і дадаў, што «даручыў праз адпаведныя каналы засьцерагчы фактычнае кіраўніцтва Беларусі наконт гатоўнасьці Ўкраіны абараняць сваю зямлю і незалежнасьць».
  • Уладзімір Зяленскі таксама зьвязаў перагрупаваньне расейскіх сілаў на фронце з падвышэньнем актыўнасьці ўзброеных сілаў у Беларусі.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG