«Уздоўж мяжы „шахеды“ атрымліваюць паслугі роўмінгу, напрыклад, ад беларускіх апэратараў. Таксама sim-карты могуць працаваць у роўмінгу ад польскіх або румынскіх апэратараў, калі пралятаюць уздоўж мяжы з гэтымі краінамі», — напісаў Сяргей Бяскрэстнаў на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле яго, расейскія войскі адмыслова заказваюць для дронаў sim-карты менавіта гэтага расейскага апэратара. Дарадца ўкраінскага міністра абароны ня выключыў, што sim-карты «Тэле2» таксама выкарыстоўваюць для кіраваньня «таямнічымі бесьпілётнікамі, якія зьяўляюцца ў розных краінах Эўропы».
«Я мяркую, што апэратары мабільнай і фіксаванай сувязі ўсяго цывілізаванага сьвету павінны спыніць дзелавыя дачыненьні з апэратарам, якога выкарыстоўвае Расейская Фэдэрацыя ў тэрарыстычных мэтах. Мова ідзе пра дагаворы роўмінгу і міжнародны інтэрканэкт», — заявіў ён.
17 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пасьля дакладу галоўнакамандуючага ўкраінскім войскам Аляксандра Сырскага заявіў, што, паводле выведкі, у памежжы Беларусі адбываецца разбудова дарог да тэрыторыі Ўкраіны і наладжваньне артылерыйскіх пазыцыяў».
«Мяркуем, што Расея ў чарговы раз будзе спрабаваць уцягнуць у сваю вайну Беларусь», – сказаў Зяленскі і дадаў, што «даручыў праз адпаведныя каналы засьцерагчы фактычнае кіраўніцтва Беларусі наконт гатоўнасьці Ўкраіны абараняць сваю зямлю і незалежнасьць».
- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Форум