«Без наземнай апэрацыі нікуды»
Паводле Лукашэнкі, без фундамэнтальнай зброі, якой павінен валодаць салдат, выйграць вайну немагчыма.
«Апошнія канфлікты пра гэта сьведчаць. Дапусьцім, узброенае сутыкненьне Ірану, Ізраілю і Злучаных Штатаў Амэрыкі што паказала? Бамбілі, закідвалі бомбамі і ракетамі... І што, перамаглі? Не. Без наземнай апэрацыі нікуды», — сказаў Лукашэнка.
«Гэта не пустыня, нават не ўкраінскія стэпы»
Лукашэнка лічыць, што вайскоўцам трэба ўлічваць асаблівасьці беларускай тэрыторыі.
«Гэта не пустыня, нават не ўкраінскія стэпы. Таму зброю трэба набываць і ствараць тую, якая нам будзе патрэбна», — сказаў ён.
На сёньня, паводле Лукашэнкі, у войску доля сучаснай зброі складае 45%.
Сувязь «вызначае многае, а часам усё»
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам асаблівую ўвагу зьверне на вайсковую сувязь.
«Як паказвае досьвед, гэта таксама найважнейшы кампанэнт, які сёньня вызначае многае, а часам усё ў сучасным баі», — сказаў ён.
Што гэтаму папярэднічала
12 сакавіка спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл заявіў, што дзеяньні ЗША ў Вэнэсуэле і Іране «да сьмерці» напалохалі Лукашэнку. Паводле Коўла, падчас адной з размоваў ён сказаў Лукашэнку:
«Ты — за сталом кепскіх хлопцаў... Разам з Кубай, Вэнэсуэлай, Іранам, Кітаем. Пуціна там няма, бо ён нават ня быў запрошаны ў школу. Калі ты хочаш сядзець за сталом пераможцаў, ты павінен пачаць паводзіць сябе так, як нармальная краіна...».
Паводле Коўла, у адной з наступных размоў ён працягнуў гэтую тэму: «Глядзі, ты адзіны, хто застаўся за сталом кепскіх хлопцаў. Так што табе лепш быць абачлівым».
«І я сапраўды лічу, што тое, што мы зрабілі ў Вэнэсуэле, і што мы робім у Іране, да сьмерці яго напалохала», — падзяліўся сваёй думкай Коўл.
1 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускае войска рыхтуецца да вайны.
«Ніякага мірнага часу быць ня можа. Мы рыхтуемся да вайны», — сказаў Лукашэнка. Ён адзначыў, што дзеля гэтай мэты на вучэньнях вайскоўцам стваралі ўмовы, максымальна блізкія да баявых, без увагі на надвор’е ці час содняў.
«Я хачу, каб мае падначаленыя былі гатовыя ваяваць. І калі мы будзем гатовыя ваяваць, нас будуць баяцца, і сюды ніхто не палезе. Вось мая мэта», — заявіў Лукашэнка.
3 красавіка палітоляг Аляксандар Фрыдман у эфіры «ПіКа Свабоды» заявіў, што, на ягоную думку, Беларусь можа быць уцягнутай у вайну і бяз згоды Лукашэнкі.
«Што тычыцца вайны, пра якую ён кажа, — ну, гэта па-ранейшаму вайна Расеі супраць Украіны. І тут досыць відавочна, і Лукашэнка гэта разумее, што апошняе слова, ці будзе Беларусь уцягнута ў гэтую вайну, у якой ступені будзе ўцягнута, ці будзе выкарыстоўвацца беларускае войска, што будзе адбывацца на тэрыторыі Беларусі. Тут гэтае апошняе слова — гэта не за ім, гэтае апошняе слова за Расейскай Фэдэрацыяй», — сказаў Фрыдман.
17 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў пра ваенныя пагрозы з боку Беларусі, пра тое, што ў Беларусі будуюць дарогі, якія вядуць да мяжы з Украінай, і абсталёўваюць артылерыйскія пазыцыі каля мяжы.
18 красавіка былы міністар замежных справаў Украіны Дзьмітры Кулеба заявіў, што Менск плянамерна рыхтуецца да вайсковай эскаляцыі. Кулеба лічыць, што Расея разглядае Беларусь як магчымы «другі фронт», каб расьцягнуць украінскія сілы або чыніць ціск на краіны Балтыі.
2 траўня Зяленскі заявіў пра спэцыфічную актыўнасьць на беларускай мяжы.
«Напярэдадні была даволі спэцыфічная актыўнасьць на ўчастках мяжы Ўкраіны і Беларусі — з боку Беларусі. Уважліва ўсё фіксуем, усё кантралюем і, калі будзе патрэбна, мы будзем рэагаваць», — напісаў прэзыдэнт Украіны.
Форум