Пэзэшкіян заявіў, што ў Ірану ёсьць воля да міру, ён спадзяецца, што пагадненьне з ЗША і Ізраілем «набліжаецца»

Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян
Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян

Аднак двухбаковага пацьверджаньня, што паміж Тэгеранам і Вашынгтонам ідуць перамовы, пакуль няма.

Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян заявіў, што яго краіна мае «неабходную волю» спыніць вайну са Злучанымі Штатамі і Ізраілем «у залежнасьці ад умоваў». Гэта магчымае сьведчаньне таго, што краіны могуць рухацца да ўрэгуляваньня канфлікту.

«Маем патрэбную волю спыніць гэты канфлікт пры выкананьні асноўных умоваў, асабліва гарантыяў перадухіленьня паўтору агрэсіі», — сказаў Пэзэшкіян 31 сакавіка ў тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Эўрапейскай рады Антонію Коштам, гаворыцца ў заяве яго офісу.

«Рашэньнем для нармалізацыі сытуацыі — спыненьне іхных агрэсіўных нападаў», — дадаў Пэзэшкіян.

Нягледзячы на фармальную пасаду Пэзэшкіяна, лічыцца, што ён не ўплывовы ў кіраўніцтве Ірану. Але яго камэнтары паднялі рынкі ў Злучаных Штатах і прывялі да падзеньня цэнаў на нафту.

На мінулым тыдні Злучаныя Штаты заявілі, што прапанавалі плян з 15 пунктаў, які ўключае дэмантаж ядзерных аб’ектаў Ірану, абмежаваньне яго ракетных магчымасьцяў і спыненьне падтрымкі падкантрольных яму сілаў у рэгіёне.

Высокапастаўленыя іранскія чыноўнікі адмаўляюць, што Тэгеран вядзе перамовы з Вашынгтонам, але 25 сакавіка Іран заявіў, што разглядае прапанову ЗША з 15 пунктаў, і выставіў пяць умоваў для спыненьня канфлікту.

Міністар замежных справаў Ірану Абас Аракчы заявіў у інтэрвію тэлекампаніі «Аль-Джазіра» 31 сакавіка, што ён надалей атрымлівае паведамленьні ад спэцыяльнага пасланьніка ЗША Стыва Ўіткафа, але гэта не азначае, што паміж Тэгеранам і Вашынгтонам ідуць «перамовы».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп таксама некалькі разоў заяўляў, што пагадненьне аб спыненьні вайны набліжаецца.

У той жа час амэрыканскія войскі працягваюць нарошчваць свае магчымасьці на Блізкім Усходзе.

​
XS
SM
MD
LG