Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе зь піўным рынкам Беларусі пасьля забароны «недружалюбных» гатункаў

Канвэйр на менскім піўзаводзе "Крыніца". Ілюстрацыйнае фота
Канвэйр на менскім піўзаводзе "Крыніца". Ілюстрацыйнае фота

Былы рэдактар сайту pivo.by Вячаслаў Радзівонаў расказаў Свабодзе, як зьменіцца сытуацыя на рынку піва ў Беларусі пасьля абмежаваньняў.

Зь першага красавіка ў Беларусі абмяжуюць продаж піва зь «недружалюбных краін», сярод якіх краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Аўстралія. Увоз піва адтуль забаранілі да 2027 году. Імпартнае піва, якое завезьлі раней, здымаць з продажу ня будуць, але рытэйлеры маюць яго адмыслова пазначыць да 7 красавіка. У час нанясеньня марак прадукт можа зьнікнуць з продажу.

На думку знаўцы піўнога рынку Вячаслава Радзівонава, у першую чаргу пацярпяць бары Менску, дзе прадавалі цікавае піва з эўрапейскіх краін. Вызваленую нішу, імаверна, зойме расейскі прадукт. Цікавыя гатункі можна будзе знайсьці ў невялікіх мясцовых крафтавых броварах, але па вышэйшай цане.

Пацярпяць бары і рэстарацыі

Былы рэдактар сайту pivo.by Вячаслаў Радзівонаў расказаў Свабодзе, што доля імпарту зь «недружалюбных краін» ніколі не была вялікай і звычайна не перавышала пяці адсоткаў.

«Але гэта акурат тыя гатункі, што часьцей пілі ў барах, рэстарацыях, больш цікавыя і разнастайныя, на іх часам пэўная аўдыторыя магла адмыслова пайсьці ў тую ўстанову, дзе можна купіць такое піва, або, калі магла, то знайсьці яго ў краме. У гэтых гатункаў была большая маржынальнасьць», — тлумачыць суразмоўца.

Вячаслаў Радзівонаў
Вячаслаў Радзівонаў

На ягоную думку, больш адчуюць дэфіцыт жыхары Менску, дзе такіх установаў было больш, і ў меншай ступені — жыхары рэгіёнаў.

«Для аматараў піва гэта будзе мінус і пэўная праблема, бо усякія абмежаваньні вядуць да таго, што выбар скарачаецца», — камэнтуе ён.

Радзівонаў прыводзіць у прыклад дзень сьвятога Патрыка, які адзначалі 17 сакавіка ў тым ліку і беларусы. Ува ўсім сьвеце ў гэты дзень прынята піць ірляндзкае піва Guinness. Аднак у Беларусі яго ўжо немагчыма было купіць.

«Guinness не прадаваўся ў Беларусі ўжо з 2021 году, але, здаецца, яшчэ ў тары яго можна было купіць», — камэнтуе суразмоўца.

Падобная сытуацыя склалася з чэскім півам Pilsner Urquell.

«Pilsner Urquell шмат хто любіць і цэніць, гэта ўзорны Pilsner, прыклад для ўсіх астатніх у гэтай стылістыцы. Калісьці ў Беларусі ў шэрагу месцаў можна было яго купіць, былі некаторыя ўстановы ад імпартэра гэтага піва, прывозілі часам абмежаваныя вэрсіі нефільтраванага Pilsner Urquell, што выклікала ажыятаж», — расказвае Вячаслаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аднак пасьля абмежаванняў 2021-га, а потым і 2023 году гэтае піва зьнікала з продажу ў Беларусі, бо Чэхія ўваходзіць у сьпіс «недружалюбных краін».

«Але я бачыў, што некаторыя імпартэры працягвалі пастаўляць Pilsner Urquell і іншыя гатункі чэскага піва ў Беларусь, ня ведаю, якім чынам», — заўважае ён.

Крафтавыя бровары

Былы рэдактар сайту pivo.by мяркуе, што сярэднестатыстычна няма вялікай розьніцы якасьці і смаку піва беларускага і вырабленага ў эўрапейскіх краінах.

«Буйныя беларускія вытворцы робяць ня горш, а часам і лепш за некаторыя гатункі, якія імпартуюцца з-за мяжы. Чэхія, Нямеччына былі галоўнымі эўрапейскімі краінамі, зь якіх імпартавалі піва ў Беларусь. У Нямеччыне Беларусь пераважна закупляла вельмі танныя і ня вельмі якасныя гатункі піва. Яно было горшым за большасьць гатункаў, якія робяць беларускія вытворцы», — камэнтуе экспэрт.

Некаторых стыляў піва, якія раней імпартавалі, вялікія беларускія бровары амаль ня робяць, прыкладам, Guinness Draught, адзначае суразмоўца.

«Але цяпер зьявілася даволі шмат невялікіх бровараў у Беларусі, якія робяць цікавае і вельмі якаснае піва. Доля гэтага піва ў агульным аб’ёме невялікая, бо яно значна даражэйшае за мас-маркет. Але тым, хто хоча новых смакаў, цікавых стыляў, прыйдзецца пераключацца на крафтавыя бровары», — папярэджвае Вячаслаў.

Піўная паліца ў беларускай краме. Архіўнае фота
Піўная паліца ў беларускай краме. Архіўнае фота

Ён перакананы, што разнастайнасьць смакаў спрыяе разьвіцьцю самога рынку.

«Тое піва, якое прывозілі з-за мяжы, у значнай частцы было якасным і не падобным да таго, што робяць буйныя заводы. Гэта магло падштурхнуць вытворцаў натхняцца і рабіць нешта новае. Калі зьнікнуць гэтыя гатункі, у спажыўцоў паменшыцца выбар стыляў і краін», — камэнтуе ён.

Аднак Радзівонаў мяркуе, што для сярэднестатыстычнага спажыўца зьменіцца няшмат.

«Гэты адсотак імпарту заўсёды быў невялікі, імпартнае піва заўжды было даражэйшым — зь некаторымі выняткамі танных нямецкіх або чэскіх гатункаў», — мяркуе суразмоўца.

Сёмая частка піва — з Расеі

На думку Радзівонава, вызваленую нішу будуць займаць у першую чаргу не беларускія вытворцы, а расейскія.

Доля расейскага піва ў Беларусі расьце, адзначае Радзівонаў. Беларусь цяпер галоўны пакупнік расейскага піва. Летась 30% экспарту піва з Расеі прыпала на Беларусь — гэта 57 мільёнаў літраў. Паводле статыстыкі Белстату, у 2025 годзе беларусы выпілі 402 мільёны літраў піва. То бок доля расейскага піва склала сёмую частку спажытага беларусамі пеністага напою.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На думку Вячаслава Радзівонава, тое, што расейскае піва зойме нішу эўрапейскага імпартнага піва, ня вельмі добра для Беларусі, бо залежнасьць краіны ад Расеі павялічыцца яшчэ і ў гэтай галіне.

Расейскае піва, паводле ацэнак экспэрта, ёсьць і горшай якасьці, найтаньнейшае, але крафтавыя гатункі робяць на высокім, усясьветным узроўні. Аднак такое піва будзе каштаваць у 3-4 разы даражэй за асноўны аб’ём імпартаванага расейскага піва.

«Нельга казаць, што ўсё расейскае піва жахлівае, але мас-маркет дакладна ня лепшы за беларускі», — камэнтуе ён.

Напой з «дружалюбных краінаў»

Пры гэтым у Беларусь дазволена завозіць піва з «дружалюбных краін», прыкладам, з Кітаю, Казахстану, Армэніі, Кіргізстану, Сэрбіі, Турэччыны. Кітайскае піва такіх вытворцаў, як Harbin, Tsingtao, паводле назіраньняў Радзівонава, сталі завозіць у Беларусь часьцей. Раней гэта была даволі рэдкая зьява.

«Я ў Кітаі каштаваў масавае піва, якое часам і ў Беларусь завозяць. Масавае піва амаль нічым не адрозьніваецца ад такіх жа гатункаў ува ўсім сьвеце — ні лепшае, ні горшае. Наўрад ці яго можна адрозьніць ад піва зь іншых краін. А крафтавае піва там на добрым узроўні, але, вядома, ніхто ня будзе вазіць такое піва з Кітаю ў Беларусь. Хутчэй наадварот. Ведаю, што ў Кітаі ёсьць попыт на расейскае крафтавае піва, цікавасьць была і да беларускага крафтавага», — кажа ён.

Піва з Казахстану, паводле суразмоўцы, зьяўлялася вельмі рэдка. На ягоную думку, наўрад ці яго будуць завозіць больш.

«Што датычыць іншых „дружалюбных краін“, то вось Лукашэнка паляцеў у Паўночную Карэю, але сумняюся, што паўночнакарэйскае піва зьявіцца ў Беларусі. Хоць як нейкі жэст можа быць і такое. Таму думаю, усё будзе замыкацца на ўнутраным і расейскім піве», — разважае суразмоўца.

Вячаслаў Радзівонаў зьвярнуў увагу, што апошнім часам колькасьць спажываньня піва і агулам алькаголю ў Беларусі памяншаецца. Паводле Белстату, у 2024 годзе беларусы выпілі 418 мільёнаў літраў, а ўжо ў 2025 — 402 мільёны літраў піва.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG