Адпаведную пастанову апублікаваў Нацыянальны праўны партал Беларусі. Згодна з пастановай, зьмяніліся мінімальныя адпускныя цэны на этылавы сьпірытус з харчовай сыравіны. Для рэктыфікаванага сьпірытусу, які без акцызу пастаўляюць беларускім вытворцам для вырабу алькагольнай прадукцыі, воцату і слабаалькагольных напояў, цана ўзрасла да 28,39 рубля за дэкалітар, што на 1,01 рубля больш.
Калі ўлічваць акцыз, то мінімальная цана павялічылася да 108,99 рубля за дэкалітар (на 6,31 рубля больш).
Мінімальная адпускная цана без падатку на даданую вартасьць за 0,5 літра сьпірытусовых напояў мацункам 40% цяпер складае 8,10 рубля (на 53 капейкі больш), а раздробная цана з улікам ПДВ узрасла да 10,72 рубля (на 70 капеек больш). Сюды ўжо ўключаныя цана самой бутэлькі і ПДВ.
Новыя нарматывы распаўсюджваюцца на ўвесь алькаголь, які вырабляецца ці прадаецца ў краіне, растлумачылі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.
Раней у Беларусі вырасьлі адпускныя цэны на пладовыя віны. Зьмены прадугледжваюць новую мінімальную адпускную цану на віны пладовыя мацаваныя марачныя, палепшанай якасьці і адмысловай тэхналёгіі.
Цяпер цана на напоі ў спажывецкай тары аб’ёмам 0,7 л і мацункам 18% без падатку на даданую вартасьць складзе мінімум Br4,95, тады як раней была Br4,63.
Форум