У студзені-лістападзе 2025 году Расея экспартавала больш за 190 тыс. тон соладавага піва на суму больш за 103 млн даляраў — на 19% больш, чым за аналягічны пэрыяд 2024-га, паведамляе расейская арганізацыя Фэдэральны цэнтар разьвіцьця экспарту прадукцыі АПК РФ (Аграэкспарт), на якую спасылаецца Позірк.
У пяцёрку найбуйнейшых пакупнікоў піва ў грашовым выражэньні ўвайшлі: Беларусь (доля 30%), Казахстан (28%), Кітай (10%), Кіргізстан (8%), Таджыкістан (3%).
«Расьце й экспарт безалькагольнага піва: у 2025 годзе расейскія пастаўкі гэтага віду прадукцыі склалі каля 13 тыс. тон на амаль 8 млн даляраў, што на 17% больш у вазе і на 23% — у грошах. У топ-5 краін-імпартэраў уваходзяць Беларусь, Казахстан, Іран, ААЭ і Ўзбэкістан», — паведамляе ведамства.
У траўні 2024 году беларускі ўрад забараніў увоз у Беларусь піва, вырабленага ў Чэхіі, Польшчы і краінах Балтыі. Улады ў афіцыйным тдумачэньні заяўлялі, што пастанова прынятая ў якасьці захаду ў адказ на прынятыя Латвіяй рашэньні забараніць імпарт зь Беларусі харчовай прадукцыі па асобных пазыцыях, Літвой — пра забарону на адзін год увозу сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў зь Беларусі, а таксама на ініцыяваны пяцьцю згаданымі краінамі рэглямэнту Эўрапейскай рады, які ставіў павышаныя мыты на імпарт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі.
31 сьнежня 2025 году стала вядома, што забарону падоўжылі да канца 2027 году.
У 2024 годзе тавараабарот паміж Беларусьсю і Расеяй дасягнуў рэкорднай пазнакі ў 57,6 мільярда даляраў. Гэты паказьнік на 7,4% большы ў параўнаньні з 2023 годам.
Форум