Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сетка крамаў «Грошык» пракамэнтавала вывешваньне «Сьпісу недружалюбных краін»

Тое, што ў крамах сеткі «Грошык» пачалі вывешваць «сьпісы недружалюбных краін, пакупнікі заўважылі ў сярэдзіне сакавіка. Свабодзе стала вядома, як уласьнік сеткі камэнтуе сытуацыю.

Фота з менскай крамы «Грошык», на якім можна было пабачыць так званы «Сьпіс недружалюбных краін», трапіла ў сацсеткі і СМІ 16 сакавіка. Акрамя самога сьпісу, куды ўвайшлі 39 дзяржаў (пераважна краіны Эўразьвязу, а таксама Аўстралія, Новая Зэляндыя, Канада, ЗША, Чэхія. Краіны сьпісу ўзяты з пастановы Саўміна № 209.) на фота таксама бачная абвестка аб забароне продажу піва, вырабленага ў гэтых краінах. Яна ўступае ў сілу з 1 красавіка 2026 году.

Сьпіс "недружалюбных" краінаў у краме "Грошык"
Сьпіс "недружалюбных" краінаў у краме "Грошык"

У рэдакцыю Свабоды трапіў адказ Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Эўрагандаль», якому належыць сетка «Грошык», аднаму з пакупнікоў, які прасіў патлумачыць факт зьяўленьня сьпісу ў крамах. А таксама ўдакладніць, ці не датычыць забарона іншых тавараў, вытворцамі якіх зьяўляюцца згаданыя ў «недружалюбным сьпісе» краіны.

«Сьпіс недружалюбных краін зацьвярджаецца актамі заканадаўства. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 сьнежня 2025 г. № 808 уведзена забарона на ўвоз і рэалізацыю асобных катэгорый тавараў, якія паходзяць з недружалюбных дзяржаў (напрыклад, соладавага піва). Абмежаваньні датычацца не ўсіх тавараў, а толькі пэўных груп. Рэшткі, якія ўжо знаходзяцца ў крамах, рэалізуюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам», — гаворыцца ў лісьце.

ТАА «Эўрагандаль» таксама раіць зьвяртацца па тлумачэньні не ў адміністрацыю крамаў, дзе пакупнікі бачаць падобныя сьпісы, а непасрэдна ў Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.

Так званы «Сьпіс недружалюбных дзяржаў» у Беларусі зацвярджае ўрад, упершыню яго вызначылі 6 красавіка 2022 году «У мэтах забесьпячэньня абароны нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG