Спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША ў Беларусі Джон Коўл у інтэрвію літоўскаму тэлеканалу LRT абнародаваў пажаданьні Вашынгтону да Вільні — уступіць у перамовы з афіцыйным Менскам на палітычным узроўні і адкрыць транзыт праз Клайпеду для беларускіх калійных угнаеньняў.
Літоўскія ўлады не згаджаюцца на выкананьне гэтых пажаданьняў. Гэта наўпроставае сутыкненьне падыходаў Вільні і Вашынгтону, піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.
Чаго дамогся Коўл і не дамагліся Вільня і Брусэль
Напярэдадні паездкі ў Менск Джон Коўл сустракаўся ў Вільні ня толькі зь кіраўніцтвам Літвы, але і з групай дэпутатаў Сэйму, якія ў размове з спэцпасланьнікам прэзыдэнта Дональда Трампа агучылі сваю нязгоду з палітыкай літоўскага ўраду і дакладна гэтыя пункты — трэба ўступіць зь Менскам у перамовы на палітычным узроўні і адкрыць Клайпеду для транзыту беларускіх калійных угнаеньняў.
У сьвятле сёньняшняга інтэрвію Коўла літоўскаму тэлеканалу выглядае, што сустрэча з дэпутатамі Сэйму мела сэнс ня проста азнаямленьня з усёй разнастайнай палітрай меркаваньняў літоўскіх палітыкаў. Гэта была дэманстрацыя таго, што ў Літве знайшліся палітыкі, якія падзяляюць падыходы Вашынгтону ў беларускім пытаньні.
І тое, што Аляксандар Лукашэнка менавіта пасьля перамоваў з Коўлам адпусьціў літоўскія фуры, зьнізіўшы аплату за стаянку — таксама было дэманстрацыяй плёну амэрыканскага перамоўнага падыходу.
Фуры ўтрымлівалі ў Беларусі з восені мінулага году, з крызісу з часовым закрыцьцём Літвой мяжы. З таго часу Вільня патрабавала ад Менску іх вызваліць, заклікала Эўразьвяз да салідарнасьці. ЭЗ прыняў рашэньне аб магчымасьці ўвядзеньня санкцыяў з прычыны гібрыдных атакаў. Аднак усе гэтыя крокі не прыводзілі да вырашэньня пытаньня, да вызваленьня фураў з «палону».
А прывяла да вызваленьня дыпляматыя, тыя самыя кантакты на палітычным узроўні з афіцыйным Менскам, ад якіх Вільня адмаўляецца. Гэта была ілюстрацыя таго, хто і як можа дапамагчы Літве вырашыць праблему, якой не маглі вырашыць сваімі сіламі і сваімі падыходамі ні Вільня, ні Брусэль.
Што адказала Вільня на дэмарш Коўла
Прэзыдэнт Гітанас Наўседа і прэм’ерка Інга Ругінене раней паведамлялі, што Коўл у кантактах зь імі ўзьнімаў пытаньне аднаўленьня стасункаў на палітычным узроўні з афіцыйным Менскам, аднак атрымаў адмоўны адказ. Пытаньне аднаўленьня транзыту, паводле словаў літоўскіх кіраўнікоў, нават не закраналі.
Аднак цяпер сваім інтэрвію літоўскаму тэлеканалу спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША яго ўзьняў, прычым публічна.
Ругінене адказала на пажаданьні ЗША, агучаныя Коўлам: «Транзыт угнаеньняў праз Літву ніколі не абмяркоўваўся з пасланьнікам ЗША ні на якім узроўні. І мы ня можам нічога абмяркоўваць пра ўгнаеньні, бо ў цяперашні час дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу».
Яна дадала: «Мы казалі пра паветраныя шары, пра вызваленьне фураў, нелегальную міграцыю — мы абавязкова пра гэта казалі, бо гэта нашы ўмовы для кантактаў з Беларусьсю на ўзроўні намесьнікаў міністраў замежных справаў».
Літоўская прэмʼерка патлумачыла, што для таго, каб такія кантакты адбыліся, Менск павінен спыніць палёты балёнаў празь мяжу, фуры мусяць быць вернутыя бяз штрафаў, нелегальная міграцыя мусіць быць спыненая.
Сьпікер Сэйму Юозас Алексас у сувязі з магчымасьцю кантактаў зь рэжымам Лукашэнкі на палітычным узроўні прыгадаў і саўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Іншымі словамі і на публічную заяву Коўла ў інтэрвію прагучаў адмоўны адказ.
Прэмʼерка Ругінене ў пытаньні аднаўленьня транзыту калійных угнаеньняў спаслалася на супольнае рашэньне Эўразьвязу. Але і раней менавіта Літва настойвала на захаваньні забароны на гэты транзыт, настойвала і тады, калі, скажам, Партугалія лябіявала скасаваньне забароны. Выглядае, што і цяпер пытаньне ня ў тым, што Вільня гатовая адкрыць транзыт, але Эўразьвяз не дазваляе. А ва ўласнай пазыцыі Літвы, што адкрываць яго ня варта.
Што тычыцца ўмоваў аднаўленьня кантактаў зь афіцыйным Менскам на палітычным узроўні, то яны ў тлумачэньні Ругінене ўтрымліваюць у сябе хіба ня ўвесь сьпіс праблемаў у двухбаковых адносінах. Прычым праблемаў, якія ня вырашаюцца працяглы час. Балёны з кантрабандай ляцяць зь Беларусі ў Літву з 2024 году, міграцыйны крызіс трывае з 2021 году, то аціхаючы, то абвастраючыся. Рэжым Лукашэнкі саўдзельнічае ў расейскай агрэсіі супраць Украіны ад яе пачатку.
Чым для Трампа ёсьць перамовы на палітычным узроўні
Паводле падыходу адміністрацыі Трампа, вырашэньне вострых праблемаў можа быць вынікам, а не перадумовай перамоваў на палітычным узроўні, не ўзнагародай за добрыя паводзіны, а інструмэнтам іх дасягненьня. Коўл у інтэрвію літоўскаму тэлеканалу прыгадаў гістарычны прэцэдэнт: «Глядзіце, сьвет поўны добрых і дрэнных людзей, але чым больш яны маюць зносіны, тым лепш. Прэзыдэнт Трамп езьдзіў у Паўночную Карэю. І так сёе-тое робіцца — праз камунікацыю».
Праўда, можна прыгадаць, што тая камунікацыя Трампа з Кім Чэн Ынам вялікага плёну ня мела — КНДР ад сваіх ядзернай і ракетнай праграмаў не адмовілася. Але да такой адмовы не прывяла і шматгадовая адмова ад кантактаў з паўночнакарэйскім рэжымам.
Трамп і ў першую сваю кадэнцыю, і ў бягучую адстойвае лінію, што размаўляць трэба з усімі.
Што да транзыту калійных угнаеньняў, то варта зьвярнуць увагу на аргумэнт, які прывёў Коўл у інтэрвію — чаму гэты транзыт важна аднавіць. Ён не спасылаўся на справядлівасьць, на міжнароднае права, на балянс у сусьветным гандлі, ён згадаў эканамічныя інтарэсы, патрэбы ЗША: «Я абмяркоўваў гэта з Брук Ролінс, сакратаром у пытаньнях сельскай гаспадаркі ЗША. Яна пацьвердзіла, што Злучаным Штатам было б вельмі выгадна атрымліваць гэтыя ўгнаеньні».
Як будуць таргавацца Вашынгтон і Вільня
Аб тым, што ЗША дамагаюцца ад Літвы аднаўленьня кантактаў з афіцыйным Менскам і адкрыцьця транзыту ўгаеньняў, многія здагадваліся і меркавалі. Цяпер гэтыя пажаданьні агучаныя публічна. Сказана, што Злучаныя Штаты гэтага хочуць і гэта ім трэба.
Гэтаксама недвухсэнсоўна агучаны і адмоўны адказ Вільні на гэтыя пажаданьні.
І адно і другое — максымальныя пажаданьні бакоў. Але далей пачынаецца дыпляматыя, дыялёг, пошук кампрамісу.
І неабавязкова гэтая дыпляматыя будзе лагоднай. Літва істотна залежыць ад Злучаных Штатаў найперш у пытаньнях бясьпекі. Вільня кажа пра істотныя пагрозы, якія сыходзяць зь Беларусі. ЗША могуць дапамагаць нэўтралізаваць гэтыя пагрозы. Яны і дапамагаюць, як можна бачыць у пытаньні вяртаньня фураў.
Але цалкам у духу падыходаў Дональда Трампа да міжнароднай палітыкі гэтая амэрыканская дапамога мае сваю цану, вымагае ад атрымальнікаў дапамогі крокаў у адказ, выкананьня амэрыканскіх інтарэсаў.
А ў чым яны палягаюць — патлумачыў Коўл у інтэрвію літоўскаму тэлеканалу. Літва, сыходзячы са сваіх інтарэсаў, адмаўляецца плаціць гэтую цану.
Ці будзе Вашынгтон дамагацца свайго, выкарыстоўваючы залежнасьць Вільні ў сфэры бясьпекі, гэта пытаньне. Але можа.
І ня факт, што Эўразьвяз зможа дапамагчы Літве выстаяць супраць гэтага ціску. Як і што дапаможа ў вырашэньні праблемаў зь Беларусьсю, пералічаных прэмʼеркай Ругінене.
Завочная дыскусія паміж Коўлам і літоўскімі кіраўнікамі — сьведчаньне выразнай, публічна выказанай нязгоды паміж Вашынгтонам і Вільняй у беларускім пытаньні.
Складана сказаць, як гэтая нязгода будзе вырашаная. Але далей будзе ўжо немагчыма рабіць выгляд, што яе няма. Навідавоку наўпроставае сутыкненьне падыходаў і барацьба паміж імі.
Форум