Спэцыяльны пасланьнік ЗША для Беларусі Джон Коўл заклікаў Літву правесьці двухбаковую палітычную сустрэчу зь Менскам і аднавіць транзыт беларускіх угнаеньняў.
«Так, я лічу, што гэта неабходна... Трэба сесьці і размаўляць. Калі не атрымліваецца, тады ўстаеш і сыходзіш. Але я спадзяюся, што Літва пагодзіцца на двухбаковы дыялёг на ўзроўні віцэ-міністраў замежных справаў. Трэба ўхіліць перашкоды, якія замінаюць жыцьцю па абодва бакі мяжы», — заявіў Коўл у інтэрвію літоўскаму нацыянальнаму трансьлятару LRT, апублікаваным у пятніцу.
Прадстаўнік ЗША падкрэсьліў, што аднаўленьне транзыту ўгнаеньняў празь Літву адпавядае інтарэсам Вашынгтону.
«Я абмяркоўваў гэта з Брук Ролінс, сакратаром у пытаньнях сельскай гаспадаркі ЗША. Яна пацьвердзіла, што Злучаным Штатам было б вельмі выгадна атрымліваць гэтыя ўгнаеньні», — адзначыў пасланьнік.
Паводле Коўла, калійныя ўгнаеньні з Беларусі павінны ісьці празь Літву, што адкрые ім шлях у Эўропу і далей у ЗША.
Коўл прапанаваў таксама правесьці сустрэчу на ўзроўні віцэ-міністраў, падкрэсьліўшы неабходнасьць дыялёгу з Аляксандрам Лукашэнкам без «папярэдніх умоваў».
«Глядзіце, сьвет поўны добрых і дрэнных людзей, але чым больш яны маюць зносіны, тым лепш. Прэзыдэнт Трамп езьдзіў у Паўночную Карэю. І так сёе-тое робіцца — праз камунікацыю, — дадаў ён.
У інтэрвію ён таксама паведаміў, што заклікаў Лукашэнку вызваліць затрыманыя ў Беларусі літоўскія грузавікі.
«Я заклікаў яго зрабіць гэта, і ён гэта зрабіў. Спачатку ішлося пра буйныя сумы за кожную машыну, але ён значна зьнізіў патрабаваньні, так што гэтае пытаньне разьвязана», — растлумачыў Коўл.
На мінулым тыдні амэрыканскі прадстаўнік наведаў Літву, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам Гітанасам Наўседам і прэм’ер-міністрам Інгай Ругінене, каб абмеркаваць пытаньне аб гібрыдных атаках з боку Менску.
Коўл таксама правёў сустрэчы з эўрапарлямэнтаром Пятрасам Гражулісам і дэпутатамі Сейму Літвы Ігнасам Вегеле і Рымасам Ёнасам Янкунасам.
Пасьля візыту ў Вільню спэцыяльны пасланьнік ЗША накіраваўся ў Беларусь на сустрэчу з Лукашэнкам, пасьля чаго вызвалілі 250 палітвязьняў.
Пазыцыя ўладаў Літвы
У сваю чаргу прэзыдэнт Гітанас Наўседа заявіў, што перасьцярог прадстаўніка ЗША ад залішняга даверу да рыторыкі менскага рэжыму.
Прэмʼер-міністар Літвы Інга Ругінене зьняпраўдзіла дапушчэньні, што на сустрэчы з Коўлам ішлі перамовы пра транзыт калію.
«Я бачу рызыку ў тым, што мы самі часта наносім сабе шкоду. Мы часта абвінавачваем амэрыканцаў, беларусаў ці кагосьці яшчэ, але самі пачынаем размаўляць і разьдзімаць тэмы, якія яшчэ нават не падымаліся. І самі правакуем пэўныя дзеяньні. Ніхто не прасіў нас абмяркоўваць пытаньне транзыту угнаеньняў», — сказала кіраўніца ўраду Літвы ў інтэрвію парталу навін Lrytas, перадае Літоўская тэлевізія.
Прэмʼерка паўтарыла, што не атрымлівала ад ЗША просьбаў скасаваць санкцыі супраць беларускіх угнаеньняў, і падкрэсьліла, што пытаньні на гэтую тэму пасьля яе сустрэчы з амэрыканскім спэцыяльным пасланьнікам для Беларусі Джонам Коўлам падымаліся беспадстаўна.
«Як нашыя паважаныя палітыкі, якія гучна пра гэта кажуць, уяўляюць сабе, што можа адбывацца транзыт угнаеньняў, што амэрыканцы ўжо гэта плянуюць... Гэта як у казцы пра ваўка — будзеш крычаць і ў выніку сам яго наклічаш. Тут вельмі падобны стыль», — адзначыла Ругінене.
Паводле яе, Літва і іншыя краіны Эўрапейскага Зьвязу павінны трымацца цьвёрдай пазыцыі ў пытаньні санкцыяў супраць Беларусі, інакш стратэгічныя партнэры пачнуць сумнявацца ў пазыцыі супольнасьці.
«Калі мы самі ня ўпэўненыя ў сабе, калі пачынаем сумнявацца ўва ўласных дзеяньнях, тады ў іх пачынаюць сумнявацца і іншыя, і нашыя стратэгічныя партнэры. Як я і кажу — перш чым вінаваціць кагосьці іншага, мы перадусім павінны зрабіць высновы для сябе, быць больш рашучымі, мець стрыжань і менш сумнявацца ў сваіх дзеяньнях. Тады, імаверна, вынік будзе іншым», — сказала Ругінене.
Інга Ругінене заявіла, што Літва разгледзіць прапанову пасланьніка ЗША Джона Коўла сустрэцца з уладамі Беларусі на ўзроўні віцэ-міністраў, але для гэтага ёсьць некалькі ўмоваў.
Аднак прэм’ер-міністар адзначае, што не абмяркоўвала з пасланьнікам ЗША пытаньне транзту беларускіх угнаеньняў — для гэтага няма ніякіх умоваў, бо зараз дзейнічаюць санкцыі Эўрапейскага Зьвязу.
«Транзыт угнаеньняў празь Літву ніколі не абмяркоўваўся з пасланьнікам ЗША ні на якім узроўні. Мы казалі пра паветраныя балёны, пра вызваленьне грузавікоў, нелегальную міграцыю — мы абавязкова гаварылі пра гэта, бо гэта нашыя ўмовы, якія Беларусь павінна выканаць на ўзроўні віцэ-міністраў», — заявіла прэм’ер-міністар І. Ругінене парталу LRT.lt.
Паводле прэм’еркі, Літва ставіць перад Беларусьсю наступныя ўмовы: па-першае, мэтэаралягічныя балёны, якія выкарыстоўваюць для кантрабанды, не павінны пералятаць церазь мяжу; па-другое, усе грузавікі павінны быць вернутыя безь якіх-небудзь дадатковых збораў або фінансавых штрафаў; па-трэцяе, Беларусь не павінна дапускаць нелегальных мігрантаў да перасячэньня мяжы. «Ідзецца толькі пра тэхнічную сустрэчу для абмену пазыцыямі. Гэтая сустрэча можа адбыцца, калі будуць выкананыя ўмовы», — сказала прэм’ер-міністар.
Інга Ругінене падкрэсьліла, што, хоць паветраных балёнаў, якія перасякаюць мяжу, крыху паменела, але гэта таксама вынік актыўнай барацьбы Літвы з кантрабандай. Тым часам у чацвер вечарам Віленскі аэрапорт зноў быў закрыты на гадзіну з прычыны прылёту балёнаў.
Ніякія перамовы Літвы зь Беларусьсю не вядуцца
Пасьля заклікаў спэцпасланьніка ЗША па Беларусі Джона Коўла аднавіць транзыт беларускіх угнаеньняў і правесьці сустрэчу на высокім узроўні з Менскам дарадца прэм’ер-міністра Літвы Ігнас Альгірдас Дабраволскас заявіў, што ніякія перамовы з Беларусьсю ў цяперашні час не вядуцца.
«У адказ на заявы спэцпасланьніка можам падкрэсьліць, што на дадзены момант не вядзецца ніякіх перамоваў ці дыскусій адносна транзыту беларускіх угнаеньняў празь Літву, як і не плянуецца сустрэч на высокім узроўні», — гаворыцца ў камэнтары дарадцы кіраўніка ўрада, перададзеным агенцтву BNS.
«Пазыцыя Літвы застаецца пасьлядоўнай — мы цьвёрда прытрымліваемся і падтрымліваем санкцыі Эўразьвязу супраць Беларусі, якія нядаўна былі працягнутыя», — адзначыў Дабраволскас.
Сьпікер Сейма Літвы Юозас Олекас заявіў, што дыялёг на тэхнічным узроўні магчымы, аднак кантакты асобаў больш высокага рангу будуць залежаць ад ходу перамоваў.
«Відавочна, што тэхнічныя і службовыя кантакты будуць мець месца, бо калі мы хочам вырашаць пытаньні, то кантактаў не пазьбегнуць, іншага шляху няма. Але, як я ўжо казаў, найперш павінна быць паразуменьне, а не аднабаковыя саступкі пры захаваньні агрэсіўнай пазыцыі іншага боку. Тэхнічныя перамовы, на мой погляд, павінны працягвацца», — заявіў кіраўнік парлямэнта журналістам у пятніцу.
Адказваючы на пытаньне аб магчымасьці сустрэч на больш высокім узроўні, напрыклад, на ўзроўні віцэ-міністраў, аб чым згадваў Коўл, Олекас зазначыў, што гэта будзе залежаць ад прагрэсу ў дыялёгу з Менскам.
«Калі будзе дасягнуты далейшы прагрэс, тады могуць зьявіцца і іншыя фарматы. Мы не праяўляем упартасьці, сьцьвярджаючы, што нічога не будзе. Нам патрэбны прагрэс, у нас ёсьць дакладна пастаўленыя мэты, і мы імкнёмся да іх дасягненьня», — падкрэсьліў ён.
Паводле слоў сьпікера Сейма, Літва настроена «мець добрыя добрасуседзкія адносіны, але ёсьць умовы, якія павінны быць выкананыя».
«Мы гаворым пра тое, каб спынілася расейская агрэсія, каб спынілася падтрымка гэтай расейскай агрэсіі з боку Беларусі. Мы гаворым пра тое, што ўсе палітычныя вязьні павінны быць вызваленыя. Гэтыя ўмовы застаюцца. А пра тое, як пераканаць рэжым выканаць гэтыя ўмовы — тут мы выкарыстоўваем у тым ліку і гэты амэрыканскі канал», — сказаў ён.
Форум