Мікола Статкевіч пасьля вызваленьня апублікаваў вялікі артыкул, у якім пісаў пра вялікую пагрозу выкарыстаньня Расеяй зь тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі і «Арэшніка», у тым ліку і ў ядзернай мадыфікацыі, для нападу ці шантажу Эўропы.
Роза Турарбекава часткова падзяляе гэтыя перасьцярогі, адзначаючы пры гэтым абвальваньне сыстэмы міжнародных дамоваў аб ядзернай і глябальнай бясьпецы, якая склалася ў другой палове XX — пачатку XXI стагодзьдзя.
Паводле палітоляга разьмяшчэньне расейскай тактычнай ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік» у Беларусі робіць тэрыторыю краіны патэнцыйным тэатрам ваенных дзеяньняў. А намеры разьмясьціць «Арэшнік» у Беларусі было абвешчана Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным напрыканцы 2024 году. Тады гэта падавалася, як адказ на пляны ЗША разьмясьціць свае ракеты сярэдняй далёкасьці ў Нямеччыне. Рашэньне было прынятае падчас саміту NATO летам 2024 году, пачатак разгортваньня быў прызначаны на 2026 год.
Аднак з прыходам новай адміністрацыі ў ЗША ў 2025 годзе зьнешняя палітыка Вашынгтона кардынальна зьмянілася, адносіны з Эўропай пераглядаюцца, і на сакавік 2026 няма пацьверджанай інфармацыі аб тым, што разьмяшчэньне амэрыканскіх ракет у Нямеччыне сёлета пачнецца, адзначыла Турарбекава.
Яна зьвярнула ўвагу на нядаўна ратыфікаваную дамову паміж Беларусьсю і Расеяй аб гарантыях бясьпекі, дзе ўмовы ўжываньня тактычнай ядзернай зброі сфармуляваныя вельмі расплывіста — практычна любая падзея можа быць выкарыстана як нагода. Гэта ўзмацняе асьцярогі, выказаныя Статкевічам.
Палітоляг скептычна ацэньвае імавернасьць паўтарэньня сцэнару 1987 года — «нулявога варыянту» Рональда Рэйгана і Міхаіла Гарбачова, калі ЗША адмовіліся ад разьмяшчэньня ў Эўропе сваіх ракетаў сярэдняй далёкасьці, а СССР дэмантаваў свае. Тады ў СССР была перабудова і «новае мысьленьне» (дэадэалягізацыя зьнешняй палітыкі), а цяперашняя Расея наадварот — упарта прасоўвае ідэалёгію «русского мира».
На пытаньне, як Захад адкажа на выклік «Арэшніка» у Беларусі, Турарбекава адказала сустрэчным пытаньнем: «А ці ёсьць Захад?». На яе думку, адзінага салідарнага Захаду ўжо няма. Ядзернай зброяй у Эўропе валодаюць толькі Францыя і Вялікая Брытанія, прычым брытанскія гарантыі нашмат слабейшыя за ранейшыя амэрыканскія. Таму ў Эўропе (асабліва ў Паўночнай Эўропе, Польшчы, Нямеччыне) набірае папулярнасьць ідэя стварэньня нацыянальных ядзерных праграмаў — адзначыла Роза Турарбекава.
Цалкам гутарку глядзіце на відэа.
Форум