Пра гэта гаворыцца ў заяве старшага вайсковага дарадцы дэлегацыі Вялікай Брытаніі ў АБСЭ Джобі Рымэра.
У ёй адзначаецца, што расейская «безадказная ядзерная рыторыка, разам зь безадказным і наўмысна эскаляцыйным разгортваньнем сыстэмы ракетаў сярэдняй далёкасьці „Арэшнік“, у тым ліку ў Беларусі, зьяўляюцца дзеяньнямі, накіраванымі на павышэньне напружанасьці, падрыў сур’ёзных перамоваў і адцягненьне ўвагі ад агрэсіўнай вайны Расеі».
Дарадца брытанскай дэлегацыі ў АБСЭ аспрэчыў тэзу Масквы і Менску аб тым, што «Захад зьнішчыў кантроль над узбраеньнямі». Рымэр нагадаў, што Дамова аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці развалілася таму, што Расея распрацавала і разьмясьціла неадпаведную Дамове сыстэму SSC8 — зброю, якая пазьней выкарыстоўвалася ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне.
«Сутыкнуўшыся з пастаяннымі парушэньнямі з боку Расеі, Злучаныя Штаты прыйшлі да высновы, што заставацца зьвязанымі дамовай, якую іншы бок адкрыта парушае, мае мала карысьці» — патлумачыў падпалкоўнік Рымэр.
Паводле яго, выкарыстаньне Расеяй безадказнай ядзернай рыторыкі не зьяўляецца стрымліваньнем. Гэта запалохваньне, накіраванае на падаўленьне падтрымкі Ўкраіны — прызнанай ААН сувэрэннай дзяржавы, якая абараняе сябе ад агрэсіі.
«Мы заклікаем Расею спыніць агрэсію, вывесьці свае войскі і вярнуцца да выкананьня сваіх міжнародных абавязацельстваў.
Мы заклікаем Беларусь адмовіцца ад дзеяньняў і наратываў, якія яшчэ больш мілітарызуюць наш рэгіён» — заявіў старшы вайсковы дарадца дэлегацыі Вялікай Брытаніі ў АБСЭ Джобі Рымэр.
Форум