Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі пра беларускую прапаганду пра «Арэшнік»: «Лукашэнка дарма так гуляецца»

абноўлена
Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны заявіў, што Беларусь вельмі рызыкуе, калі спрыяе расейцам у вайне супраць ягонай дзяржавы.

На думку Ўладзіміра Зяленскага, Аляксандар Лукашэнка вельмі рызыкуе, пагражаючы Эўропе расейскім ядзерным узбраеньнем. У інтэрвію выданьню «Люстэрка» ён адказаў на пытаньне, ці лічыць ён легітымнай ваеннай цэльлю рэтрансьлятары і расейскі ракеетны комплекс «Арэшнік».

«Я ня буду казаць, якім спосабам, але нашыя людзі займаліся тым, каб тры-чатыры рэтрансьлятары ўжо не працавалі на тэрыторыі Беларусі. У нас проста няма іншага выйсьця, інакш будуць далейшыя атакі на нашую зямлю. І з гэтага напрамку цяпер лётае значна менш, хачу вам сказаць. А „Арэшнік“ — на маю думку, NATO мусіць глядзець на яго як на легітымную цэль. Ну, а мы будзем назіраць, ацэньваць гэтую пагрозу.

Я проста кажу, што Лукашэнка робіць вялікую памылку. Рэч ня толькі ў „Арэшніку“. Усе бачаць, што зь яго цяпер робяць вялікае шоў. Яны яшчэ ўвесь гэты комплекс не завезьлі, а толькі адпаведныя машыны, а ўжо выстаўляюць усё так, нібы [усё там ёсьць]. Палохаюць Эўропу. Але Лукашэнка дарма так гуляецца, бо пасьля гэтых крокаў, безумоўна, ужо не пытаючы ў яго, расейцы завязуць „Арэшнік“ на тэрыторыю вашай дзяржавы».

Цяпер, лічыць Зяленскі, Пуцін проста выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю. Ну, а Лукашэнка, паводле Зяленскага, не кантралюе нічога або дае магчымасьць гэтага.

«Яму здаецца, што яго, скажам так, новы этап адносінаў з амэрыканцамі дае яму нейкую там, ведаеце, недатыкальнасьць. Не», — заявіў Зяленскі.

Далей Зяленскі паразважаў на тэму «недатыкальнасьці» Лукашэнкі.

«Па-першае, у яго няма недатыкальнасьці ў ягонай краіне, і народ мусіць разумець, што яго ўцягваюць у вайну. Па-другое, амэрыканцы робяць тое, што трэба ім, — выцягваюць тых ці іншых палітвязьняў. Дзякуй Богу, што людзі жывыя і яны на волі. Я ня ведаю дэталяў пра гэтых людзей, але сам факт, што яны выходзяць з турмаў — гэта пазытыў. Амэрыканцы гэта робяць. На якіх умовах [яны камунікуюць] з Лукашэнкам — шчыра кажучы, шкада, калі гэта зьвязана выключна са зьняцьцем тых ці іншых санкцый або намерамі, — ну нельга проста так дараваць, як на мяне».

Сьведчаньнем спрыяньня расейцам з боку рэжыму Лукашэнкі Зяленскі лічыць і выраб артылерыі для Расеі. Ён лічыць патрэбным яшчэ раз засьцерагчы беларусаў, сказаўшы пра тое, што Лукашэнка падстаўляе народ пад удар сваёй мілітарнай прапагандай і калябаранцтвам з Масквой.

Таксама Зяленскі зноў прыгадаў размову з Лукашэнкам, якая адбылася ўжо ў час паўнамаштабнай вайны.

«Трэба яшчэ ўспомніць, на які тэлефон ён тэлефанаваў — наўрад ці на мой. Але я зь ім размаўляў. Другое: ён прасіў прабачэньня, і ён вельмі баяўся, што мы нанясём удары. І ён сам сказаў: „Ну давайце, наносьце па заводзе“, бо ён ня ведаў, што мы можам зрабіць. І я думаю, што ён зразумеў, што нас „не прыкончылі“ ў першыя ж суткі — не прыкончылі наш народ, не прыкончылі нашую армію і не прыкончылі мяне асабіста. І калі ён гэта зразумеў, ён пачаў шукаць магчымасьць пагаварыць са мной. Ён шукаў — я не хацеў. Я не адразу адрэагаваў, я не хацеў гаварыць, я быў злы на яго страшна. Ну і ў прынцыпе такая ў нас размова зь ім і была.

А беларуская прапаганда — гэта прапаганда. У мяне ёсьць сьведкі гэтай размовы, і калі раптам спатрэбіцца, то, я думаю, можна нават будзе пачытаць гэтую размову».

Адказаў Зяленскі і на пытаньне, якой ён бачыць будучыню Беларусі і Ўкраіны?

«Я мяркую, што найлепшае — гэта краіны — сябры Эўрапейскага зьвязу. Ня ведаю, ці падтрымае гэта беларускі народ, але з пункту гледжаньня геапалітыкі і незалежнасьці, як на мяне, гэта правільна. З пункту гледжаньня эканомікі… Тое што ў Беларусі людзі разумныя, я ўпэўнены. Проста думаю, што антыэўрапейская прапаганда, якая вядзецца ў вашай краіне доўгія гады, даводзіць адно: будуць абмежаваньні ў разьвіцьці Беларусі, у бізнэсе, цэны будуць толькі расьці, заробкі будуць маленькія, вы будзеце жабракамі. Але гэта толькі прапаганда. [А найлепшая будучыня -] быць у Эўрапейскім зьвязе. Але гэта, безумоўна, будзе выбар беларусаў.

Што яшчэ важна? Гэта моцныя адносіны дзьвюх незалежных дзяржаў — Украіны і Беларусі. Гэта можна разьвіваць, я лічу, калі будзе кіраўніцтва, якое дасьць свабоду беларусам, якое будзе паважаць незалежнасьць Украіны. Мы, я ўпэўнены, будзем паважаць незалежнасьць Беларусі. Думаю, гэта найлепшае, што можа быць. Мірныя адносіны, калі мы паважаем сувэрэнітэт адно аднаго. І ракеты не ляцяць з адной краіны на іншую».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG