У Беларусі адбыўся чарговы абмен ваеннапалоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай. Пасярэднікамі выступілі Эміраты і ЗША

абноўлена
Вызваленыя 6 сакавіка з расейскага палону ўкраінцы
Вызваленыя 6 сакавіка з расейскага палону ўкраінцы

Грамадзяне Беларусі ня трапілі ў сьпісы абмену з абодвух бакоў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў пра чарговы абмен ваеннапалоннымі з Расеяй.

«Яшчэ 300 украінскіх абаронцаў вяртаюцца дадому з расейскага палону. Таксама двух цывільных украінцаў удалося сёньня вярнуць», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім Telegram-канале.

Паводле яго, сярод вызваленых — вайскоўцы Ўзброеных сілаў, Нацыянальнай гвардыі і памежнай службы, якія абаранялі Ўкраіны на данецкім, луганскім, харкаўскім, запароскім, херсонскім кірункам і ў Марыюпалі. Большасьць зь іх былі ў палоне больш за год, а некаторыя — з 2022 году.

Сярод тых, каго Ўкраіна перадала Расеі, і наадварот — Расея Ўкраіне, грамадзян Беларусі не было.

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што цяпер усе вызваленыя з украінскага палону вайскоўцы знаходзяцца ў Беларусі, дзе ім надаюць неабходную псыхалягічную і мэдычную дапамогу.

Абмен адбыўся пры пасярэдніцтве Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і ЗША.

Колькі беларусаў ва ўкраінскім палоне

Цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца сама меней 16 грамадзян Беларусі:

  • Вадзім Зайкоўскі з Гомля, нарадзіўся 5 лістапада 1966 году.
  • Ігар Сакалоўскі, нарадзіўся 23 чэрвеня 1994 году, служыў у 82-м мотастралковым палку Ўзброеных сілаў Расеі. Сам здаўся ў палон.
  • Артур Аракелян , нарадзіўся 13 сьнежня 2004 году, паходзіць зь вёскі Печышчы Сьветлагорскага раёну Гомельскай вобласьці.
  • Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году.
  • Сяргей Шустаў, нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
  • Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
  • Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
  • Міхаіл Шалгун родам з Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці, ён нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году, ваяваў у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявой частцы, прыпісанай да Каменкі Ленінградзкай вобласьці. Чатыры разы асуджаны за хуліганства, разбойны напад і крадзяжы. Да адпраўкі ва Ўкраіну праходзіў рыхтаваньне ў Белгарадзкай вобласьці. Абвестку аб яго пошуках апублікавалі сёлета ў лютым у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»..
  • Мікалай Жураўлёў нарадзіўся 27 траўня 1982 году. Ягонага імя бракуе ў раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны. Згодна з інфармацыяй «Кібэрпартызанаў», Мікалай нарадзіўся пад Віцебскам. Пасьведчаньне аб нараджэньні яму выдалі ў Бабініцкім сельскім савеце, а пашпарт — у 1999 годзе ў Віцебскім РАУС. Хутчэй за ўсё нежанаты, бо зьвестак пра шлюб на 2021 год у дакумэнтах няма. Мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю — у 2005 годзе скончыў ПТВ-57. Працаваў на розных будаўнічых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, на Смаленскім рынку ў Віцебску. З 2011 па 2013 год быў беспрацоўным. У 2013 годзе працаваў у віцебскіх папраўчай калёніі № 3 і ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 4. Ад 2014 году значыцца зноў беспрацоўным. Ніякіх зьвестак пра ягоную актыўнасьць у Беларусі, пачынаючы з 2014 году, няма.
  • Сяргей Кузьменка нарадзіўся 22 ліпеня 1971 году. Да кантракту з расейскай арміяй жыў у расейскім горадзе Яраслаўлі. Ваяваў стралком у другім батальёне 102-га мотастралковага полку 150-й дывізіі. Хоць жыў у Расеі, меў беларускі пашпарт. У Беларусі жыве ягоная 81-гадовая маці Лідзія Кузьменка. Дэталі падпісаньня ягонага кантракту з расейскай арміяй невядомыя.
  • Віктар Азямблоўскі нарадзіўся 20 ліпеня 1977 у Менску. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 15 траўня 2025 году. Мае 25-гадовага сына, з жонкай разышоўся. Суджаны за крадзяжы, нясплату алімэнтаў, ухіленьне ад адбыцьця пакараньня і за парушэньне правілаў знаходжаньня ў папраўчых установах.
  • Уладзіслаў Карлоўскі нарадзіўся 11 верасьня 2001 году ў Дзяржынску. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй ў ліпені 2025 году. Яго судзілі за шмат эпізодаў збыту псыхатропаў у складзе арганізаванай групы.
  • Руслан Купрацэвіч нарадзіўся 31 кастрычніка ў пасёлку Чырвоны Гомельскага раёну. Пачаў ваяваць супраць Украіны на баку Расеі ў ліпені 2025 году.
  • Павал Пецюлевіч нарадзіўся 7 чэрвеня 1999 году, паходзіць з Ашмянаў Горадзенскай вобласьці. Ваяваў у складзе 36-га мотастралковага палку Сухапутных войскаў Расеі, створанага ў 2023 годзе адмыслова для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Трапіў у палон пры выкананьні свайго першага баявога заданьня. Зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі па дапамогу ў вызваленьні з украінскага палону і назваў падпісаньне кантракту з расейскай арміяй «няправільным рашэньнем».
  • Юры Шарко нарадзіўся 29 сьнежня 1987 году, паходзіць з Воранава Горадзенскай вобласьці. На вайну трапіў з Масквы, куды зьехаў на заробкі. Абставіны, у якіх ён падпісаў кантракт з расейскім войскам, пакуль невядомыя. Ваяваў у складзе 82-га мотастралковага полку, які ўваходзіць у склад 69-й гвардзейскай Краснасельскай дывізіі 6-й агульнавайсковай арміі Расеі.
  • Руслан Гудач нарадзіўся 19 лістапада 1985 году, паходзіць зь вёскі Ганэлькі Шчучынскага раёну Горадзенскай вобласьці. Як ён расказаў украінскім вайскоўцам, меў невялікі бізнэс у Беларусі, але трапіў у поле зроку падатковых органаў.

Колькі беларусаў у расейскім палоне

У расейскім палоне, імаверна, знаходзяцца двое грамадзян Беларусі:

  • Ян Дзюрбейка,
  • Сяргей Дзёгцеў.

Яны ваявалі ў складзе палку Кастуся Каліноўскага і трапілі ў палон пасьля бою пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 году. Але з таго моманту так і не ўдалося знайсьці інфармацыі аб дакладным месцы іх знаходжаньня.


​
XS
SM
MD
LG