Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін беларус, які трапіў ва ўкраінскі палон, папрасіў Лукашэнку дапамагчы яму вярнуцца дамоў

Расейская вайсковая тэхніка. Ілюстрацыйнае фота
Расейская вайсковая тэхніка. Ілюстрацыйнае фота

Ва ўкраінскі палон ураджэнец Гомельскай вобласьці Руслан Купрацэвіч трапіў у верасьні 2025 году.

Як паведамілі ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць», Руслан Русланавіч Купрацэвіч, які нарадзіўся 31 кастрычніка 2001 году, а 24 ліпеня 2025 году падпісаў кантракт з расейскім войскам у месцах пазбаўленьня волі ў Сургуце, сам папрасіў украінскі бок запісаць яго зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай дапамагчы яму хутчэй вярнуцца дадому, дзе яго чакаюць жонка, дзіця, цётка і бабуля.

«Беларусь адзін з галоўных пастаўнікоў наймітаў у расейскую армію. Паводле нашай інфармацыі, на пачатак 2025 году ў складзе расейскай арміі налічваліся прынамсі 742 найміты з пашпартам Рэспублікі Беларусь. Большасьць іх — колішнія або цяперашнія зьняволеныя, але сярод іх ёсьць і тыя, каго завабілі на службу ў акупацыйную армію падманам», — адзначылі ў праекце «Хачу жыць».

Украінскі праект «Хачу жыць» нагадаў беларусам, якія апынуліся ў шэрагах расейскага войска супраць сваёй волі, што тыя могуць у кожны момант да іх зьвярнуцца і вызваліцца «з рабства пуцінскай арміі».

Што вядома пра Руслана Купрацэвіча

Руслан Купрацэвіч. Фота з базы ініцыятывы BelPol
Руслан Купрацэвіч. Фота з базы ініцыятывы BelPol

Руслан Купрацэвіч служыў у 136-й асобнай мотастралковай брыгадзе расейскіх Сухапутных войскаў, якая дысьлякуецца ў Дагестане і якою камандуе дагестанец.

Згодна з інфармацыяй аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol, ён нарадзіўся ў пасёлку Чырвонае Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Суджаны за крадзяжы.

Колькі беларусаў ва ўкраінскім палоне

Цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца сама меней 16 грамадзян Беларусі:

  • Вадзім Зайкоўскі з Гомля, нарадзіўся 5 лістапада 1966 году.
  • Ігар Сакалоўскі, нарадзіўся 23 чэрвеня 1994 году, служыў у 82-м мотастралковым палку Ўзброеных сілаў Расеі. Сам здаўся ў палон.
  • Артур Аракелян , нарадзіўся 13 сьнежня 2004 году, паходзіць зь вёскі Печышчы Сьветлагорскага раёну Гомельскай вобласьці.
  • Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году.
  • Сяргей Шустаў, нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
  • Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
  • Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
  • Міхаіл Шалгун родам з Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці, ён нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году, ваяваў у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявой частцы, прыпісанай да Каменкі Ленінградзкай вобласьці. Чатыры разы асуджаны за хуліганства, разбойны напад і крадзяжы. Да адпраўкі ва Ўкраіну праходзіў рыхтаваньне ў Белгарадзкай вобласьці. Абвестку аб яго пошуках апублікавалі сёлета ў лютым у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»..
  • Мікалай Жураўлёў нарадзіўся 27 траўня 1982 году. Ягонага імя бракуе ў раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны. Згодна з інфармацыяй «Кібэрпартызанаў», Мікалай нарадзіўся пад Віцебскам. Пасьведчаньне аб нараджэньні яму выдалі ў Бабініцкім сельскім савеце, а пашпарт — у 1999 годзе ў Віцебскім РАУС. Хутчэй за ўсё нежанаты, бо зьвестак пра шлюб на 2021 год у дакумэнтах няма. Мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю — у 2005 годзе скончыў ПТВ-57. Працаваў на розных будаўнічых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, на Смаленскім рынку ў Віцебску. З 2011 па 2013 год быў беспрацоўным. У 2013 годзе працаваў у віцебскіх папраўчай калёніі № 3 і ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 4. Ад 2014 году значыцца зноў беспрацоўным. Ніякіх зьвестак пра ягоную актыўнасьць у Беларусі, пачынаючы з 2014 году, няма.
  • Сяргей Кузьменка нарадзіўся 22 ліпеня 1971 году. Да кантракту з расейскай арміяй жыў у расейскім горадзе Яраслаўлі. Ваяваў стралком у другім батальёне 102-га мотастралковага полку 150-й дывізіі. Хоць жыў у Расеі, меў беларускі пашпарт. У Беларусі жыве ягоная 81-гадовая маці Лідзія Кузьменка. Дэталі падпісаньня ягонага кантракту з расейскай арміяй невядомыя.
  • Віктар Азямблоўскі нарадзіўся 20 ліпеня 1977 у Менску. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 15 траўня 2025 году. Мае 25-гадовага сына, з жонкай разышоўся. Суджаны за крадзяжы, нясплату алімэнтаў, ухіленьне ад адбыцьця пакараньня і за парушэньне правілаў знаходжаньня ў папраўчых установах.
  • Уладзіслаў Карлоўскі нарадзіўся 11 верасьня 2001 году ў Дзяржынску. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй ў ліпені 2025 году. Яго судзілі за шмат эпізодаў збыту псыхатропаў у складзе арганізаванай групы.
  • Руслан Купрацэвіч нарадзіўся 31 кастрычніка ў пасёлку Чырвоны Гомельскага раёну. Пачаў ваяваць супраць Украіны на баку Расеі ў ліпені 2025 году.
  • Павал Пецюлевіч нарадзіўся 7 чэрвеня 1999 году, паходзіць з Ашмянаў Горадзенскай вобласьці. Ваяваў у складзе 36-га мотастралковага палку Сухапутных войскаў Расеі, створанага ў 2023 годзе адмыслова для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Трапіў у палон пры выкананьні свайго першага баявога заданьня. Зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі па дапамогу ў вызваленьні з украінскага палону і назваў падпісаньне кантракту з расейскай арміяй «няправільным рашэньнем».
  • Юры Шарко нарадзіўся 29 сьнежня 1987 году, паходзіць з Воранава Горадзенскай вобласьці. На вайну трапіў з Масквы, куды зьехаў на заробкі. Абставіны, у якіх ён падпісаў кантракт з расейскім войскам, пакуль невядомыя. Ваяваў у складзе 82-га мотастралковага полку, які ўваходзіць у склад 69-й гвардзейскай Краснасельскай дывізіі 6-й агульнавайсковай арміі Расеі.
  • Руслан Гудач нарадзіўся 19 лістапада 1985 году, паходзіць зь вёскі Ганэлькі Шчучынскага раёну Горадзенскай вобласьці. Як ён расказаў украінскім вайскоўцам, меў невялікі бізнэс у Беларусі, але трапіў у поле зроку падатковых органаў.

Колькі беларусаў у расейскім палоне

У расейскім палоне, імаверна, знаходзяцца двое грамадзян Беларусі:

  • Ян Дзюрбейка,
  • Сяргей Дзёгцеў.

Яны ваявалі ў складзе палку Кастуся Каліноўскага і трапілі ў палон пасьля бою пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 году. Але з таго моманту так і не ўдалося знайсьці інфармацыі аб дакладным месцы іх знаходжаньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG