Сярод загінулых — Сяргей Ёсіфавіч Старынскі, нарадзіўся 27 сакавіка 1969 году, служыў шараговым у 32 асобнай мотастралковай брыгадзе (вайсковая частка 52892), быў памочнікам гранатамётніка. Загінуў 4 студзеня 2024 году.
Сяргей Аляксандравіч Краўчанка (нарадзіўся 17 сакавіка 1976 году, служыў малодшым сяржантам, быў гранатамётчыкам, загінуў 7 сьнежня 2024 году), Дзьмітры Анатолевіч Татарынчык (нарадзіўся 8 сакавіка 1974 году, стралок-памочнік гранатамётніка, загінуў 20 красавіка 2024 году) і Іван Мікалаевіч Кірдзяшкін (нарадзіўся 19 лістапада 1962 году, служыў у званьні яфрэйтара, загінуў 11 лістапада 2024 году) служылі ў 114-й асобнай мотастралковай брыгадзе.
Паводле праекту «Хачу жыць», 114 мотастралковая брыгада — адзін з найбольш «крывавых» падразьдзелаў расейскай арміі.
«Падразьдзел створаны з данецкай бандыцкай групоўкі „Ўсход“ пад камандаваньнем Аляксандра Хадакоўскага, былога камандзіра „Альфы“ СБУ ў Данецкай вобласьці. Праз жорсткае стаўленьне і адпраўку ў мясныя штурмы ягоных салдатаў у асяродзьдзі вайскоўцаў гуляе байка, што „ДНРаўскае“ камандаваньне брыгады працуе на Ўкраіну і дапамагае ўтылізаваць сваіх салдатаў», — адзначылі ва ўкраінскім праекце.
Апроч вялікіх баявых стратаў, брыгада вядомая жорсткім стаўленьнем да байцоў — іх кідаюць у «ямы» і «клеткі» і патрабуюць плаціць за невялікія парушэньні.
Што вядома пра загінулых
У беларускай супольнасьці «Кібэрпартызаны» Свабодзе паведамілі, што Іван Мікалаевіч Кірдзяшкін набыў беларускае грамадзянства прыкладна ў 2009 годзе. Ён нарадзіўся ў Расеі, у пасёлку гарадзкога тыпу Тарбеева ў Рэспубліцы Мардовія. У Беларусі жыў у вёсцы Вераб’і каля Глыбокага, працаваў на глыбоцкай птушкафабрыцы, а таксама на прадпрыемствах «Віцебскаблгаз» і «Мэліявадгас». У 2021-м ён працаваў на сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Мярэцкія», прынамсі да сярэдзіны 2021 году суджаны ня быў.
Зьвестак пра Дзьмітрыя Татарынчыка і Сяргея Краўчанку ў базе «Кібэрпартызанаў» няма. Прадстаўнікі супольнасьці не выключаюць, што яны таксама маглі набыць беларускае грамадзянства пасьля 2021 году або што іх пэрсанальныя зьвесткі, дадзеныя ўкраінскім бокам, з памылкамі. Зьвесткі пра Сяргея Старынскага пакуль правяраюць.
Ва ўкраінскім палоне зноў 9 беларусаў
Яшчэ адзін беларус — Ігар Антонавіч Сакалоўскі — здаўся ва ўкраінскі палон. Як паведамілі ў міжнародным праекце «НЕ ЖДИ меня из Украины», ён нарадзіўся 23 чэрвеня 1994 году, служыў у 82-м мотастралковым палку Ўзброеных сілаў Расеі.
У інтэрвію ўкраінскім журналістам ён паведаміў, што падпісаў кантракт у часе знаходжаньня ў сьледчым ізалятары ў Расеі.
«Мне пагражала дэпартацыя, я ўжо сядзеў у дэпартацыйнай камэры. Мне паабяцалі: „год там па „птушках“ (так называюць баявыя дроны. — РС) пастраляеш і пойдзеш дадому“. Праз тры месяцы паабяцалі адпачынак, але ніякіх адпачынкаў не давалі. Сказалі: ты — беларус, табе нічога ня трэба, ні адпачынку, ні ўзнагародаў», — сказаў ён.
Паводле яго, пасьля падпісаньня кантракту яго адправілі ў Ваўчанск Харкаўскай вобласьці. На гэтым кірунку ён ваяваў 21 дзень і бачыў шмат целаў загінулых расейскіх вайскоўцаў. Ігар Сакалоўскі сьцьвярджае, што яму ня раз пагражалі расстрэлам і патрабавалі плаціць грошы за неадпраўку на штурмы.
Беларус кажа, што ён плаціў грошы, а калі грошай не засталося, то яго пасадзілі ў хлеў, і, такім чынам, ён знаходзіўся «ў палоне» сваіх жа салдатаў. Ігар Сакалоўскі таксама паведаміў, што ягоная маці, якая жыве ў Беларусі, пасьпела напісаць скаргу пракурору, але не ўдакладніў, пракурору якой краіны — Беларусі ці Расеі, і паводле якога факту — падпісаньня кантракту або вымагальніцтва грошай.
«Я ня буду прыхоўваць, я сам здаўся ў палон, бо мяне адправілі на забой, забралі пашпарт і вайсковы квіток», — сказаў Ігар Сакалоўскі. Ён не ўдакладніў, што ён рабіў у Расеі перад заключэньнем кантракту з расейскай арміяй і дзе жыў у Беларусі да сваёй паездкі ў Расею.
Ігар Сакалоўскі стаў дзявятым беларусам, які цяпер знаходзіцца ва ўкраінскім палоне.
У межах вялікага абмену з Расеяй Украіна перадала сёлета чатырох палонных беларусаў, якія ваявалі ў расейскай арміі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум