Аятала Алі Хамэнэі, духоўны кіраўнік і найвышэйшы службовец Ірану, які кіраваў дзяржавай амаль чатыры дзесяцігодзьдзі, быў забіты падчас авіяўдараў ЗША і Ізраіля 28 лютага ва ўзросьце 86 гадоў, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Аятала Алі Хамэнэі, якога прыхільнікі ўслаўлялі як мудрага лідэра, а крытыкі асуджалі як дыктатара, запомніцца як манумэнтальная фігура Ісламскай рэвалюцыі з рэпутацыяй набожнага і адданага сваёй справе чалавека, што прывяло яго да ўзыходжаньня на пасаду найвышэйшага кіраўніка Ірану.
Ужываньне сілы супраць уласнага народу, зьняволеньне апазыцыйных дзеячоў унутры самой улады і катэгарычны супраціў вонкаваму ўплыву, асабліва Злучаных Штатаў і Ізраілю, — спадчына жорсткага і бескампраміснага аўтарытарнага кіраўніка, які прывёў сваю краіну да міжнароднай ізаляцыі.
«Гісторыя пакажа, што праўленьне Хамэнэі было вельмі траўматычным для іранскага народу, які назіраў за тым, як яго краіна ізаляваная і аслабленая да такой ступені, што большасьць пачала разглядаць эміграцыю як сваю адзіную надзею», — сказаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Алекс Ватанка, дырэктар Іранскай праграмы Інстытуту Блізкага Ўсходу ў Вашынгтоне.
Апошнія гады праўленьня Хамэнэі былі азмрочаныя частымі агульнанацыянальнымі пратэстамі супраць ўлады і сьмяротнымі рэпрэсіямі з боку дзяржавы, у выніку якіх загінулі тысячы дэманстрантаў.
Пратэсты супраць высокага кошту жыцьця ў 2017 годзе, цэнаў на бэнзін у 2019 годзе, дэфіцыту вады ў 2021 годзе і сьмерці пад вартай Махсы Аміні, маладой жанчыны, якая нібыта парушыла закон аб хіджабе ў 2022 годзе, сьведчылі пра ўзмацненьне антыўладных настрояў у Іране.
Але самыя сьмяротныя пратэсты супраць уладаў Ісламскай рэспублікі пачаліся ў канцы сьнежня 2025 году і працягваліся да пачатку студзеня 2026 году. Закалоты былі жорстка задушаныя, праваабарончыя групы пацьвердзілі больш за 7000 сьмерцяў, але папярэдзілі, што ахвяраў, імаверна, значна больш. Некаторыя ацэнкі ў чатыры разы перавышаюць пацьверджаную агульную колькасьць.
Цягам дзесяцігодзьдзяў Хамэнэі меў апошняе слова практычна ўва ўсіх справах Ірану — ад права жанчын езьдзіць на роварах у грамадзкіх месцах да курсу адносін краіны са Злучанымі Штатамі, якія ён называў «Вялікім Сатаной».
Хамэнэі свабодна распараджаўся уладай над ключавымі інстытутамі Ірану, такімі як суды, дзяржаўныя мэдыя, войска. Калі яму патрэбная была сіла, ён абапіраўся на вайсковы апарат бясьпекі, які ўключаў магутны Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) і небясьпечныя іранскія спэцслужбы.
Асамблея экспэртаў, якая складаецца з 88 чальцоў, пераважна кансэрватыўных клерыкалаў, цяпер мае прызначыць пераемніка Хамэнэі.
Лукашэнка сустракаўся з Хамэнэі падчас афіцыйнага візыту ў Тэгеран
Аляксандр Лукашэнка 13 сакавіка 2023 году ў часе афіцыйнага візыту ў Тэгеран сустракаўся з аяталом Алі Хамэнэі.
Тады прэсавая служба Лукашэнкі пісала: «...На сустрэчы было адзначана, што патэнцыял супрацоўніцтва Беларусі і Ірану далёка выходзіць за цяперашні ўзровень. Ён павінен быць значна падвышаны коштам выкарыстаньня духу і волі, якія маюць абодва бакі, для рэалізацыі дамоўленасьцяў».
«У гэтай краіне візыт беларускага лідэра назвалі „пераломным момантам, зыходным пунктам“ у разьвіцьці двухбаковых адносінаў паміж дзяржавамі», — паведамляла прэс-служба Лукашэнкі.
Трамп заявіў пра сьмерць Хамэнэі пасьля авіяўдараў ЗША і Ізраілю
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней заявіў, што найвышэйшы кіраўнік Ірану аятала Алі Хамэнэі нежывы, пасьля шэрагу паведамленьняў пра тое, што 86-гадовы ўладар быў забіты ў выніку авіяўдараў ЗША і Ізраілю.
«Хамэнэі, адзін з самых злавесных людзей у гісторыі, мёртвы», — напісаў Трамп у сацыяльнай сетцы Truth Social 28 лютага.
«Гэта ня толькі справядлівасьць для народу Ірану, але і для ўсіх вялікіх амэрыканцаў, а таксама людзей з многіх краін сьвету, якія былі забітыя або зьнявечаныя Хамэнэі і ягонай зграяй крыважэрных бандытаў».
Сьвяткаваньні на вуліцах Ірану пасьля заявы Трампа аб сьмерці Хамэнэі
У сацыяльных сетках зьявіліся відэа з Ірану, якія паказваюць людзей, што сьвяткуюць пасьля заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на ягонай плятформе Truth Social аб тым, што найвышэйшы кіраўнік Алі Хамэнэі быў забіты ў выніку авіяўдараў ЗША і Ізраілю.
Агенцтва Reuters раней цытавала прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу, які заявіў, што, паводле «прыкметаў», Хамэнэі быў забіты падчас удараў.
Іранскія дзяржаўныя СМІ раніцай 1 сакавіка пацьвердзілі сьмерць Хамэнэі пасьля авіяўдараў ЗША і Ізраілю.
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва IRNA пацьвердзіла таксама сьмерць адмірала Алі Шамхані, сакратара Рады абароны, і генэрал-лейтэнанта Мухамада Пакпура, начальніка Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, забітых у выніку суботняй атакі ЗША і Ізраілю на Тэгеран.
Пасьля абвяшчэньня пра сьмерць аяталы дзяржаўныя СМІ паведамілі, што ў краіне пачнецца 40-дзённая жалоба, а офісы і прадпрыемствы будуць закрытыя сем дзён.