Удары па Тэгеране і іншых гарадах
Паводле іранскіх СМІ, у Тэгеране былі атакаваныя рэзыдэнцыя прэзыдэнта Масуда Пэзэшкіяна і штаб выведкі Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (КСІР). Таксама паведамляецца пра поўнае зьнішчэньне рэзыдэнцыі вярхоўнага лідэра Алі Хамэнэі. Кіраўнік МЗС Ірану заявіў, што вышэйшае кіраўніцтва краіны не пацярпела.
Інфармацыя пра ўдары паступала і зь іншых гарадоў, дзе разьмешчаныя аб’екты вайсковай інфраструктуры. Сярод іх — Ісфаган, дзе знаходзіцца буйны завод вытворчасьці боепрыпасаў.
У горадзе Мінаб, паводле іранскага боку, у выніку ўдару па дзіцячай школе загінулі ня менш як 160 чалавек. Гэтая інфармацыя патрабуе незалежнай праверкі.
Маштабны адказ Ірану
У адказ іранскія сілы распачалі ракетныя ўдары па амэрыканскіх вайсковых базах у рэгіёне. Паводле іранскіх СМІ, абстрэлы закранулі аб’екты ў Катары, Кувэйце, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Бахрэйне і Ярданіі.
Агенцтва ISNA паведамляе, што падчас атак Іран выкарыстоўваў гіпэргукавыя ракеты Fattah.
Відавочцы публікуюць відэа падзеньня ракет і беспілётнікаў у Дубаі. Паведамляецца, што ракета патрапіла па штучным востраве Bluewaters насупраць раёну Dubai Marina. Гасьцей пашкоджаных гатэляў эвакуююць у падземныя памяшканьні.
Таксама зьявілася інфармацыя пра ўдар бесьпілётніка па міжнародным аэрапорце Кувэйту — будынак атрымаў сур’ёзныя пашкоджаньні. Афіцыйных зьвестак пра пацярпелых пакуль няма.
Закрыцьцё неба і нафтавы фактар
На тле эскаляцыі шэсьць краін рэгіёну цалкам закрылі сваю паветраную прастору. Яшчэ тры — у тым ліку Сырыя і Аман — увялі частковыя абмежаваньні.
Дадатковую напружанасьць выклікала сытуацыя вакол Армузскага праліву. Рух суднаў праз гэты стратэгічны маршрут часова спынены, буйныя нафтавыя кампаніі прыпынілі рух танкераў. Афіцыйнай заявы пра блякаду з боку Тэгерану пакуль не было. Армузскі праліў застаецца ключавой артэрыяй сусьветнага гандлю энэргарэсурсамі.
Міжнародная рэакцыя
Заплянаванае экстраннае паседжаньне Рады Бясьпекі ААН. Ініцыятарамі тэрміновага скліканьня выступілі Францыя, Бахрэйн, Калюмбія, Кітай і Расея.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нетаньягу правялі тэлефонную размову, аднак яе дэталі не раскрываюцца.
Францыя, Нямеччына і Вялікая Брытанія заявілі, што ня ўдзельнічалі ў ударах, і заклікалі да аднаўленьня перамоваў. Эўрапейскі зьвяз пачаў кансультацыі ў пошуку дыпляматычнага выйсьця.
У Тэгеране пачаліся акцыі пратэсту супраць удараў ЗША і Ізраілю.
Форум