Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэанс адначасовай гульні: як Лукашэнка лявіруе паміж Масквой і Вашынгтонам

Аляксандар Лукашэнка падчас праверкі баявой гатоўнасьці Ўзброеных Сіл на 227-м агульнавайсковым палігоне. Барысаўскі раён. 13 лютага 2026
Аляксандар Лукашэнка падчас праверкі баявой гатоўнасьці Ўзброеных Сіл на 227-м агульнавайсковым палігоне. Барысаўскі раён. 13 лютага 2026

Сьцісла

  • Лукашэнка адрынае крытыку Масквы за тое, што Беларусь уступіла ў Раду міру, запэўнівае ў адданасьці Расеі.
  • Афіцыйны Менск шмат што паставіў на перамоўны працэс з Вашынгтонам. Таму Лукашэнка спрабуе апраўдаць палітыку Трампа.
  • Лукашэнка спаўна дэманструе мастацтва «прапятляць», сказаць усім тое, што ім спадабаецца.

Лукашэнка апынуўся ў становішчы, калі мусіць апраўдвацца перад Расеяй і адначасова абгрунтоўваць правільнасьць сваёй палітыкі на амэрыканскім накірунку.

16 лютага Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў сустрэчу зь дзяржаўным сакратаром так званай «саюзнай дзяржавы» Сяргеем Глазьевым, каб прачытаць кароткі курс палітпісьменнасьці ці лекцыю пра міжнароднае становішча. Ягоная прамова выглядала даволі дзіўна, сумбурна, хаатычна. Чалавеку, які далёкі ад бягучага палітычнага кантэксту, цяжка зразумець, што ён хоча сказаць. І ў звычайнай, нармальнай сытуацыі дакладнае фармуляваньне думкі ў Лукашэнкі атрымоўваецца дрэнна. А тутака дадаліся яшчэ абставіны, якія моцна ўскладнілі гэты працэс.

Лукашэнка рэагуе на вокрык з Масквы

Па-першае, Лукашэнка моцна ўсхваляваны. Такая сытуацыя сама па сабе стварае пэўнае псыхалягічнае напружаньне.

Па-другое, Лукашэнка апынуўся ў становішчы, калі трэба адбівацца на два бакі. З аднаго боку, ягонай палітыкай на амэрыканскім трэку незадаволеная Расея. Гэта ўжо не гіпотэза, а факт, пацьверджаны публічна, прычым, з абодвух бакоў.

Заявы Служба вонкавай выведкі Расеі і афіцыйнай прадстаўніцы МЗС РФ Марыі Захаравай наконт плянаў Захаду адарваць Беларусь ад Расеі яшчэ можна было трактаваць па-рознаму. Але словы намесьніка міністра замежных спраў Расеі Міхаіла Галузіна ў інтэрвію расейскаму інфармагенцтву ТАСС варта разглядаць, як вокрык. Гаворачы пра беларуска-амэрыканскі дыялёг, ён «па-таварыску» заклікаў «беларускіх сяброў» захоўваць пільнасьць, выказаў перасьцярогу, каб «вялікая ўгода» Менска з Вашынгтонам не нанесла «шкоды яе супрацоўніцтву з ключавымі саюзьнікамі — Расеяй і Кітаем».

Лукашэнка менавіта так і расцаніў сыгнал з Крамля — як вокрык. І спрабуе на яго рэагаваць: «Я выкарыстоўваю нашу сустрэчу, каб адказаць на „кансьпіралёгію“… Сёньня агляд атрымаў: у Расеі некаторыя гавораць, што нехта спрабуе адарваць Беларусь ад Расеі… Таму ўсякія развагі нават Машы Захаравай. Ці там вось намесьнік міністра замежных спраў выказаўся, што яны нам па-таварыску нешта раяць, рэкамэндуюць».

Таму Лукашэнка імкнецца апраўдацца, запэўнівае ў адданасьці Расеі навек: «Няма той сілы, якая сёньня здольная адарваць Беларусь ад Расеі і Расею ад Беларусі. Акалічнасьці так склаліся, што яны нас разам зьвязалі, мусіць, на доўгія-доўгія дзесяцігодзьдзі і стагодзьдзі… У нас адзіная Айчына ад Брэста да Ўладзівастока».


Апраўданьне дыялёгу з ЗША

З другога боку, Лукашэнка хоча абгрунтаваць слушнасьць сваёй палітыкі на амэрыканскім накірунку. І тут выяўляецца спроба тонкай мімікрыі, кажучы шахматнай мовай, такі своеасаблівы сэанс адначасовай гульні на некалькіх дошках.

Лукашэнка спрабуе патлумачыць расейцам, навошта Беларусь уступіла ў створаную Дональдам Трампам Раду міру. Бо, паводле Лукашэнкі, мір — гэта добра, лепш за вайну. Таму мы за мір («наш сьцяг адзін — мір»), і Трамп за мір. Можа гэта дапаможа замірэньню ва Ўкраіне.

Адначасова, зноў жа, каб спадабацца РФ, гучыць лёгкая крытыка Трампа. І за дактрыну Манро, і за замах на Грэнляндыю, і за апэрацыю захопу Нікаляса Мадура.

Лукашэнку моцна зачапілі высновы ў незалежным мэдыя, што Пуцін не пусьціў яго ляцець у ЗША

Але ж тут важна, каб і Трамп не пакрыўдзіўся, бо афіцыйны Менск шмат што паставіў на перамоўны працэс з Вашынгтонам. Таму Лукашэнка спрабуе апраўдаць палітыку Трампа:

«Ня трэба парыцца наконт яго палітыкі. Ён жа адразу сказаў: мір праз сілу. А тактыка так: націснуць, потым адступіць. Гэта яго тактыка. Моцная краіна, магутная, лідэр у сьвеце. Ну такая тактыка ў яго. І ня трэба тут на яго накатваць, навальвацца і іншае. Я яго тут не абараняю, але гэта сапраўды так. Гэта яго тактыка. Мы гэта цудоўна адчуваем па перамовах са Злучанымі Штатамі Амэрыкі».

Лукашэнку моцна зачапілі высновы ў незалежным мэдыя, што Пуцін не пусьціў яго ляцець у ЗША, ці што ён спужаўся паўтарыць лёс Мадура. Таму спрабуе гэта абвергнуць: «Я нікога не баяўся і баяцца не зьбіраюся. Гэта поўнае глупства».

Ёсьць у гэтай плыні развагаў і непасрэднае пасланьне Трампу, наўпроставае тлумачэньне ягонай адсутнасьці на саміце Рады міру:

«Я што ў сувязі з гэтымі санкцыямі павінен быў ляцець праз Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку ў Вашынгтон? Калі вы хочаце мяне там бачыць, вырашыце пытаньне, каб я змог спакойна прыляцець і паляцець».

Лукашэнка напоўніцу дэманструе мастацтва «прапятляць», сказаць усім тое, што ім спадабаецца.

І праз усю прамову праступае зьлёгку прыхаваны вобраз патрыярха сусьветнай палітыкі, дасьведчанага знаўцы яе закулісных хітраспляценьняў. Але напоўніцу не ацэненага сучасьнікамі. І гэтая крыўда на несправядлівы сьвет прарываецца, напрыклад, у рэпліцы наконт заявы афіцыйнай прадстаўніцы МЗС РФ Марыі Захаравай. Ён паблажліва называе яе «Машай». Маўляў, нейкая Маша спрабуе вучыць мяне, знанага палітыка.

Тут выкладзены цэлы маніфэст, узор самарэклямы:

«Слухайце, я 30 з лішнім гадоў працую прэзыдэнтам. Мы з вамі даўно знаёмыя. Слухайце, я бачыў розных прэзыдэнтаў. Нехта палічыў, што пецярых амэрыканскіх прэзыдэнтаў бачыў. Я бачыў розныя сытуацыі. І мяне абвесьці на роўным месцы або некуды сутыкнуць у бок немагчыма. У мяне ў гэтым пляне вялікі досьвед. Я многім-многім расейцам, а калі вы падключыцеся, — мы многім можам параіць, як сябе паводзіць у адносінах да гэтага шалёнага Захаду».

Аднак ня толькі расейцаў Лукашэнка можа і гатовы навучыць правільнай палітыцы. Але і амэрыканцаў: «Ім пастаянна гавару, шчыра кажу, дзе яны ня маюць рацыі. З Мадура ня маюць рацыі — глупства стварылі. Я папярэджваў. На прапанову амэрыканцаў (ня я сам — яны мяне папрасілі) я быў уцягнуты ў гэтую праблему. І я ім прапанаваў ідэальны варыянт. Але яны пайшлі сваім шляхам».

І адносна эўрапейскай палітыкі Лукашэнка быў у цэнтры — заявіў, што да яго прыяжджалі французы, якім ён «перадаваў мэсэдж ня толькі ад сябе».

Іронія сытуацыі ў тым, што гэта гаворыць чалавек, які практычна ўвесь тэрмін свайго кіраваньня знаходзіцца ў ізаляцыі на заходнім кірунку, мае статус міжнароднага ізгоя, яго не прымаюць у Эўропе. Вось нават на Алімпіядзе зборная Беларусі ня можа паўнавартасна ўдзельнічаць. Гэта яшчэ адзін штрых да паралельнай рэчаіснасьці, у якой жыве Аляксандар Лукашэнка.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG